Арыенцір на якасную адукацыю

Арыенцір на якасную адукацыю

янусикДа пачатку новага навучальнага года застаецца зусім мала часу. Педагагічныя калектывы школ і дзіцячых садоў прыкладаюць усе сілы для таго, каб 1 верасня сустрэць сваіх выхаванцаў у адрамантаваных класах і пакоях, наво-дзяць парадак на тэрыторыях сваіх устаноў: на стадыёнах, гульнёвых пляцоўках. Як ідзе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў нашым раёне? Аб гэтым гутарка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама Святланы Мікалаеўны Янусік.
— Святлана Мікалаеўна, якімі сіламі сёлета вядуцца рамонтныя работы, іх фінансаванне? Хто выступае ў ролі падрадчыкаў?
— Усе ўстановы адукацыі раёна рыхтуюцца да новага навучальнага года. Вялікую дапамогу школам, дзіцячым садам аказваюць шэфскія арганізацыі, бацькі, вучні. Напрыклад, сёлета ўпершыню з ліку старшакласнікаў Ленінскай сярэдняй школы, гарадскіх сярэдніх школ №1 і №2 былі арганізаваны летнія лагеры працы і адпачынку, якія шмат зрабілі для сваіх устаноў: прыводзілі ў парадак класы, школьныя тэрыторыі. Больш складаныя рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі ажыццяўляюцца будаўнікамі-падрадчыкамі з ООО “Группа компаний Жилстройкомплект”, “РосСтрой” і “БароккоСтрой”. З іх дапамогай замяняюцца аконныя блокі ў гарадскіх садах №1 і №3, рамантуюцца харчблокі ў яслях-садзе пасёлка Ленінскі, Ракітніцкай сярэдняй школе, Старасельскай базавай школе, перасцілаецца падлога ў Азяцкай адзінаццацігодцы. З раённага бюджэту на рамонтныя работы ўстаноў адукацыі выдаткавана 2,2 млрд. рублёў. Да пачатку навучальнага года ўсе грошы будуць зрасходаваны. Можна сказаць, што рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі раёна выходзяць на фінішную прамую і ў хуткім часе завершацца.
— Ці ёсць у раёне такія ўстановы адукацыі, якія слаба падрыхтаваліся да пачатку новага навучальнага года?
— Хачу адзначыць, што ў раёне склаўся даволі адказны і працаздольны састаў кіраўнікоў устаноў аду-кацыі. Пагэтаму ўсе з паразуменнем і адказнасцю адносяцца да падрыхтоўкі школ, дзіцячых садоў да новага навучальнага года. Упэўнена, што 1 верасня 2013 года ўсе ўстановы прымуць сваіх вучняў і выхаванцаў.
— Што ўжо зроблена для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы, што новага з абсталявання і сучасных сродкаў навучання з’явілася ў раёне?
— Дзякуючы разуменню і падтрымцы раённага выканаўчага камітэта і органаў улады ўсіх узроўняў, да новага навучальнага года закуплена вучэбнага абсталявання на 322 млн. руб., мэблі — на 420 млн. руб., спартыўнага інвентару амаль на 300 млн. руб. У сярэдняй школе №1 кабінет фізікі абсталяваны сродкамі навучання і камп’ютарнай тэхнікай на 700 млн. руб. Закупілі таксама дзве інтэрактыўныя дошкі, мабільны камп’ютарны клас, у складзе якога дзесяць ноўтбукаў і восем мультымедыйных комплексаў, восем камп’ютараў, два інфакіёскі. Хачу адзначыць, што гэта значны прарыў у забеспячэнні ўстаноў адукацыі сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання.
— Ці існуе праблема ў забеспячэнні ўстаноў адукацыі раёна падручнікамі і вучэбнымі дапаможнікамі?
— Да пачатку 2013-2014 навучальнага года Міністэрства адукацыі забяспечыла ўсе ўстановы нарматыўнымі прававымі дакументамі, вучэбнымі праграмамі і для факультатыўных заняткаў, каляндарна-тэматычным планаваннем, інструктыўна-метадычнымі пісьмамі для арганізацыі адукацыйнага працэсу па ўсіх прадметах, вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратурай.
На сённяшні дзень ва ўстановы адукацыі раёна завезена 33 найменні новых падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, якія выдадзены да 2013-2014 навучальнага года паводле дзяржаўнага заказу Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а гэта 73,3% ад плана. Да паступлення астатніх падручнікаў і дапаможнікаў, тэрміны выпуску якіх пакуль затрымліваюцца, будуць выкарыстоўвацца падручнікі мінулых гадоў выдання.
— У раёне існуе праблема з работнікамі харчблокаў. У школах і дзіцячых садах не хапае павароў. Як будзе яна вырашацца?
— Сапраўды, такая праблема ёсць. Праца адказная — дзіцячае харчаванне, а заробак малы. Аддзел адукацыі, спорту і турызму сумесна з кіраўнікамі ўстаноў распрацоўваюць механізмы прыцягнення і заахвочвання такіх работнікаў. Мяркую, да пачатку вучэбнага года ўсе ўстановы будуць укамплектаваны паварамі.
— Маладыя спецыялісты-педагогі прыйдуць, вядома, і сёлета да нас. Што робіцца для таго, каб яны заставаліся ў сістэме адукацыі? Ці існуе праблема з педагагічнымі кадрамі?
— У раён прыбывае 18 маладых спецыялістаў. Усе яны будуць працаўладкаваны. А каб і надалей заставаліся ў сістэме адукацыі раёна, патрэбна стварыць усе неабходныя ўмовы — вось наша першачарговая задача. Дзеля гэтага ажыццяўляецца кампенсацыя расходаў на наём жылля іншагароднімі, за імі замацоўваюцца настаўнікі з ліку вопытных педагогаў першай і вышэйшай катэгорый, якія аказваюць метадычную дапамогу ў выкладанні вучэбных прадметаў, дапамагаюць наладзіць псіхалагічны кантакт з вучнямі і іх бацькамі.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 06.08.2013 года №689 з 1 верасня 2013 года будуць павышаны тарыфныя стаўкі на 25% настаўнікам устаноў адукацыі, педагогам дадатковай адукацыі, іншых арганізацый, якім у адпаведнасці з заканадаўствам даецца права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Гэта таксама своеасаблівы стымул. Нягледзячы на павелічэнне стаўкі настаўніка да 20 гадзін у тыдзень, заработная плата ўсё роўна павялічыцца. У цэлым жа, установы адукацыі раёна ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі.
— Зараз ва ўстановах адукацыі пачынаюць з’яўляцца камп’ютарныя журналы. Ці будзе ў нас практыкавацца гэтае новаўвядзенне?
— Так, камп’ютарныя журналы — гэта новаўвядзенне, якое дае магчымасць бацькам празрачна бачыць увесь працэс навучання і выхавання сваіх дзяцей. У любы момант яны могуць пазнаёміцца з адзнакамі, прачытаць заўвагі ці просьбы класнага кіраўніка, настаўнікаў-прадметнікаў. У далейшым мы таксама плануем выкарыстоўваць іх у адукацыйным працэсе школ раёна, пакуль жа яны праходзяць апрабоўванне ў шэрагу школ і гімназій сталіцы, а таксама ў іншых буйных гарадах краіны.
— 29 жніўня г.г. на базе сярэдняй школы №1 горада прой-дзе жнівеньская нарада педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі Брэсцкай вобласці. З якой мэтай педагогі Берасцейшчыны наведаюць наш раён?
— Тэма абласной жнівеньскай нарады на базе раёна “Адукацыя Брэстчыны: арыенціры ўстойлівага развіцця”. Зараз дасягнуць якаснай адукацыі немагчыма, калі школьныя кабінеты ўдосталь не забяспечаны сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Асабліва гэта датычыцца кабінетаў хіміі, біялогіі, фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, замежнай мовы, працоўнага навучання. Такая праблема ёсць, і яна з’яўляецца агульнарэспубліканскай. Таму ў рамках нарады на базе сярэдняй школы №1 будзе дэманстравацца навейшае камп’ютарнае абсталяванне, якое прадугледжана для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Педагогі вобласці змогуць наведаць майстар-класы з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі, мабільнага камп’ютарнага класа, мультымедыйнага і іншага абсталявання. Іх правядуць лепшыя педагогі раёна і вобласці.
— А цяпер колькі слоў аб праблемах сённяшняга дня ўстаноў адукацыі раёна?
— У 2013-2014 навучальным годзе сярэдняя школа №1 стане апорнай у выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбным і выхаваўчым працэсе для педагогаў раёна і вобласці. Задача аддзела адукацыі, спорту і турызму — прадоўжыць работу ў паэтапным аснашчэнні ўстаноў адукацыі сучаснымі сродкамі навучання і вучэбным абсталяваннем. Гэта павысіць канкурэнтаздольнасць вучняў у далейшым навучанні ў вучэбных установах рэспублікі, дазволіць ім мабільна арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы.
— Напярэдадні новага навучальнага года што пажадаеце педагогам, вучням устаноў адукацыі?
— Новых адкрыццяў і дасягненняў, няўрым-слівасці, пытлівасці, здзяйснення мар!
— Дзякуй за размову.
Гутарыла Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top