Вось сімвал твой, краю родны

Вось сімвал твой, краю родны

Нярэдка сустракаюся з гасцямі нашай зямлі. Адно з пытанняў, якое абавязкова чую: што азначае герб нашага горада? Сёлета пяць гадоў, як Прэзідэнт краіны зацвердзіў геральдычныя сімвалы Жабінкі і Жабінкаўскага раёна. З гэтай нагоды пацікавіўся ў жыхароў і гасцей райцэнтра, што для іх значыць герб, наколькі ён паспеў стаць візітоўкай нашага краю?
IMG_0308Алег Александровіч, 23-гадовы нараджэнец Жабінкі, інжынер-праграміст:
— Кожнаму гораду патрэбен герб. І Жабінка тут не можа быць выключэннем. Знаёмства з ёй для многіх пачынаецца з сімволікі, якая паказвае сутнасць, уласцівую толькі нашаму гораду. Кветкі жабніка — падказка, адкуль узялося ў горада імя. З блакітна-белым гербам сустракаюся нярэдка: на геаграфічных картах, пры ўездзе ў горад, ва ўстановах, у тым ліку ў школах. У інтэрнэце маю шмат знаёмых. Адна з іх, студэнтка Пражскага ўніверсітэта Ганна, пачала знаёмства з Жабінкай менавіта з пытання: “Што намалявана на вашым гербе?” Было нават прыемна паказаць эрудыцыю перад дзяўчынай, узнікла адчуванне, што сапраўды жыву ў еўрапейскай краіне.
IMG_0333Вольга Данілюк, 30-цігадовая мастачка-дызайнер, і “без пяці мінут” першакласнік Даніла Данілюк:
— Пэўным чынам праз герб Жабінкі Данік пазнаёміўся з будучай сваёй першай настаўніцай. На школьны збор у СШ №1, дзе і я некалі вучылася, прывяла сына. Прыйшлі, каб даведацца пра настаўніц, што сёлета набіраюць першыя класы. На гэтых “агледзінах” вельмі спадабалася прэзентацыя навукова-практычнага даклада, зробленая хлопчыкамі з 4 класа. Гэты праект, над якім стваральнікам давялося шмат папрацаваць, прысвячаўся гісторыі паходжання герба. Выступленні вучняў былі выдатна аформлены ў медыйным плане, а самі хлопчыкі ўпэўнена трымаліся. Было пазнавальна, ярка, разумна і карысна не толькі маленькім, але і дарослым. Калі пачула, што даклад створаны пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Наталлі Бабровай, вырашыла запісаць сына ў клас да яе.
IMG_0335Сяргей Лішчанка (28 гадоў) жыве з сям’ёй у Маціевічах, працуе манцёрам пуці, трохі здзівіўся, калі даведаўся, што на гербе Жабінкі няма чыгункі:
— Я ж думаў, сярэбраныя раз-галінаваныя палосы на гербе — гэта  чыгуначныя пуці, якія ад станцыі Жабінка ідуць на Брэст, Мінск і Пінск… А вы кажаце — гэта сведчыць пра ўпадзенне тут рэчкі Жабінка ў Мухавец? Век жыві — век вучыся!.. Не думаю, што герб можа моцна рэкламаваць нашу мясцовасць, гэта нейкая даніна модзе: ва ўсіх ёсць герб — няхай і ў Жабінкі будзе! Калі на вырабах нашых вытворцаў, у тым ліку з цукровага завода, будзе сімвал Жабінкаўшчыны, — то, дакладна, продажу тавараў не пашкодзіць, а мо і паспрыяе… Найчасцей сустракаюся з гербам у вашай газеце, дзе кожны нумар пачынаецца з яго выявы. Некалі, яшчэ школьнікам, прынёс у рэдакцыю свае вершы. Адно (пра жытнія палі) нават надрукавалі. Люблю нашу прыроду, добра, што яна знайшла ўвасабленне і ў гербе — у выглядзе белых кветак.
IMG_0311Пётр Гаціла, 46-цігадовы госць горада, які назваўся “вартаўніком з Пінска”:
— У Жабінцы я толькі паўгадзіны, але тутэйшыя на вакзале ўжо паспелі паказаць мне свой герб і нават патлумачылі, што ён азначае. У мяне даўно хобі: калекцыянірую значкі, у тым ліку з гербамі розных гарадоў. Пакуль не маю Жабінкі. А такі значок, увогуле, існуе? Набуду абавязкова, як з’явіцца… Можна, трохі пакрытыкаваць? Хацеў набыць нейкія жабінкаўскія сувеніры, аднак пакуль нічога, акрамя фотаальбома “Жабінка і наваколлі” (зноў жа з гербам), не знайшоў. У вас гэта справа, мякка кажучы, слабавата развіта. Скажу сумленна, больш люблю старажытныя гярбы, што існуюць з часоў Магдэбургскага права, а ў вас — новадзел… Таму раю творчым жабінкаўцам (а такія знойдуцца абавязкова) ствараць вершы, песні пра свае сімвалы. І тады герб Жабінкі (і сам горад таксама) набудуць большую вядомасць ды гісторыю, якой будзеце ганарыцца.
Апытваў і фатаграфаваў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top