Не першы год у рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям” у Беларусі право-дзяцца мерапрыемствы ў аказанні дапамогі сем’ям пры падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года. Сярод іх шматдзетныя, малазабяспечаныя сем’і. У прыватнасці, з прафсаюзных кас абласнога і раённага камітэтаў аграрыяў на дапамогу ў набыцці школьнай і спартыўнай формы, абутку, школьна-пісьмовых прылад плануецца сёлета расходаваць для жабінкаўскіх вучняў 13,5 млн. рублёў.
З прыемнай місіяй едзем разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Н.У.Калыбскай у Хмелева да шматдзетнай сям’і Тамары і Міхаіла Залатаровых. Чаму менавіта сюды прывяла дарога? Ніна Уладзіміраўна тлумачыць усё проста:
— Даўно ведаем. І ведаем толькі станоўчыя моманты: добрасумленныя людзі, выдатныя працаўнікі. Міхаіл выходзіў камбайнерам-тысячнікам на жніве. У адзін год Тамара і Міхаіл Залатаровы прыгожа заявілі пра сябе на раённым свяце “Уладар сяла”… І сям’я ў іх вялікая, чацвёра дзяцей выхоўваюць, працавітых, як мама з татам. А грошы, што выдзелілі абкам і райкам нашага галіновага прафсаюза, думаю, будуць цяпер вельмі дарэчы, каб яшчэ нешта прыкупіць дзецям да школы.
Прафсаюзны лідар сельгаскааператыва З.А.Кацэра ўручыла старэйшаму з сям’і Залатаровых канверт з грашыма.
… А мне ўспомніўся 2009 год, калі ўпершыню ўбачыла падвор’е Тамары і Міхаіла на свяце “Уладар сяла”. Чыста, усё дагледжана, шмат кветак, адзначыла для сябе — добрыя гаспадары. “Гэта наша Хмелева іх з’яднала”, — пачула тады. Яны не мясцовыя. Міхаіл — з Расіі, Тамара — з Украіны. Дзевяць гадоў ужо тут жывуць. У сельгаскааператыве выдзелілі сям’і спачатку невялікі домік, а потым — “прэзідэнцкі”. Працай забяспечылі. Міхаіл Фёдаравіч — вадзіцель, Тамара Уладзіміраўна — прыбіральшчыца ў канторы.
На беларускай зямлі ў Залатаровых нарадзілася яшчэ двое дзяцей — трэці сынок Дзіма і дачушка Жэня.
— Прыжыліся ў Хмелеве, — кажа Тамара Уладзіміраўна. — Падабаецца. Трымаем гаспадарку: ёсць свінні, авечкі, птушка. Была і карова, але прадалі, пасвіць трэба, дзве каровы ўсяго на ўсю вёску засталіся. За хлявом агарод, дзе садзім бульбу, буракі, агародніну, клубніцы. Як бачыце, уладкоўваем і тэрыторыю ля дома.
І гаспадыня паказвае на розныя вырабы накшталт драўлянага коніка з падводай, пальмавага дрэва з пластыкавых бутэлек… Прыгожа тут упісаўся невялікі ставок, дзе плавалі сапраўдныя качаняты, а маленькія яблынькі, пасаджаныя ўсяго тры гады таму, ужо стараюцца аддзячыць сёлета шчодрым ураджаем.
Па ўсім адчувалася, што ў гэтай дружнай сям’і дзеці лайдакамі не вырастуць. Ужо цяпер старэйшыя хлопцы Толя, Вова і Дзіма добрыя памочнікі. І з жыўнасцю ўпраўляюцца, і ў хатніх справах не трэба прымушаць нешта зрабіць. А трохгадовая Жэня таксама, як стане большанькай, з іх прыклад возьме.
Анатоль Залатароў (яму ўжо 16 і пойдзе ён у 11-ы клас) гэтым летам на зернетаку больш месяца працаваў. Свой першы заробак атрымае. І ведае, куды патраціць грошы. Не на нейкія непатрэбныя рэчы, і нават не на рыбалоўныя прылады (а ён заядлы рыбалоў). “На школьную вопратку, — гаворыць. —
Нас трое ў школу ідзе…” Не дагаворвае далей, але і так зразумела, што жаданне ў хлопца дапамагчы бацькам матэрыяльна.
— Прафсаюз для вашай сям’і мільён рублёў на падрыхтоўку да школы выдзеліў, — кажу Анатолю. — Глядзіш, можна бу-дзе з твайго заробку нешта сэканоміць і на рыбалоўныя снасці патраціць.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымку: Н.У.Калыбская і З.А.Кацэра ў сям’і Залатаровых з прыемнай місіяй “Прафсаюзы — дзецям”.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.