Яны дапамагаюць жыць…

Яны дапамагаюць жыць…

Жыццё фізічна аслабленага дзіцяці, яго ўзаемаадносіны з навакольным светам трывала ўвайшлі ў дзіцячую мастацкую літаратуру. Кнігі аб пераадоленні болю, адчаю, няпростых жыццёвых абставінаў патрэбныя кожнаму падлетку, таму што без вопыту барацьбы чалавек аказваецца бяз-збройным перад жыццём. Гэта кнігі, якія можна назваць лекамі ад уласнага бяссілля, адчаю і маладушнасці, ад эгаізму і чэрствасці навакольных. Калі прачытаеш такія кнігі, то адразу захочацца быць падобным на галоўнага героя. Яны дапамогуць справіцца з цяжкасцямі ў жыцці, дадуць падставу змагацца за жыццё, стаць такім, як усе дзеці…
Сёння я хачу расказаць пра такія кнігі больш падрабязна, тым больш што яны ёсць у раённай дзіцячай бібліятэцы.

Маленькім…

У казцы “Устойлівы алавяны салдацік” Х.Андэрсан цікава і даступна піша, што ўсе салдацікі былі зусім аднолькавыя, акрамя таго, хто быў з адной нагой, яго адлівалі апошнім, і волава трошкі не хапіла. Але ён стаяў на ёй так цвёрда, як іншыя не маглі на дзвюх. Аднаногі салдацік акурат і быў самым выдатным. Яго любілі сэрцам.
Казку “Шэрая Шыйка” Д.Маміна-Сібірака ведаюць ад малога да старога, але мабыць ніхто не задумаўся, які вялікі сэнс яна носіць.
Шэрай Шыйкай мама Качка і тата Качар называлі сваю калеку-дачку, у якой было зламана крыло яшчэ вясной, калі падкралася да вывадку Ліса і схапіла качаня. Старая Качка смела кінулася на ворага і адбіла качаня, але адно крыло было паранена. “Нават і падумаць страшна, як мы пакінем тут Шэрую Шыйку адну, — паўтарала Качка са слязамі. — Усе паляцяць, а яна застанецца адна-адзінокая. Так, зусім адна… Мы паляцім на поўдзень у цяпло, а яна, небарака, тут будзе мерзнуць…”. І мерзла Шэрая Шыйка, і па сям’і сваёй сумавала, і памірала ад страху перад лісіцай. Пакуль не знайшоў яе стары паляўнічы “А мы вось што з табой зробім. Я цябе ўнучкам панясу. Вось ўзрадуюцца…”

Тым, хто ўжо падрос…

“Таямнічы сад” Ф.Бернета — любімая кніга дзяўчынак.
Дзесяцігадовая англічанка Мэры Ленакс вырасла ў Індыі. Бацькі Мэры раптоўна паміраюць і дзяўчынку адпраўляюць у Англію да яе дзядзькі — лорда Крэйвена, якому з-за таго, што аплаквае страту любімай жонкі, няма ніякай справы да маленькай Мэры.
Каб не адчуваць сябе адзінокай, госця пачынае даследаваць асабняк дзядзькі. Дапытлівая даследчыца знаходзіць ключык ад таямнічага сада, такога ж закінутага і здзічэлага, як і сама Мэры, і даведваецца пра страшную таямніцу сям’і Крэйвэна: пра хлопчыка Коліна, які жыве ў адным з пакояў асабняка. Мэры прыводзіць у парадак маленькі сад і вывозіць туды ў інваліднай калясцы хлопчыка. Гэтым яна здзяйсняе вялікі цуд! Прагулкі ў садку вылечваюць Коліна. Ён вучыцца хадзіць і радавацца жыццю, а Мэры выводзіць са стану вечнага смутку свайго дзядзьку, лорда Крэйвена.
У аповесці “Той бок, дзе вецер” В.Крапівіна трохгадовы Уладзік атрымаў траўму галавы і аслеп пры ратаванні разам з сябрамі кацяняці. Зараз яму ўжо адзінаццаць гадоў і ён нястомна вядзе барацьбу са сваёй бядой. Побач з Уладзікам — бацька і верныя сябры, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу.
“Я ўмею скакаць праз лужыны” — першая і самая цікавая частка аўтабіяграфічнай трылогіі аўстралійскага пісьменніка Алана Маршала. У яе аўтара цяжкі лёс. У раннім дзяцінстве ён захварэў поліяміэлітам і назаўсёды страціў здольнасць хадзіць без мыліц. Аднак бацькі, а можа і ўласны характар хлопчыка, здзейснілі цуд. Алан не звяртаў увагі на свае хворыя ногі, а захаваў у сабе здольнасць радавацца жыццю…
Дзіўная гісторыя дзяўчынкі-сіраты, якая ў любых абставінах умела радавацца жыццю і змагла дапамагчы шматлікім лю-дзям, навучыўшы іх свайму любімаму занятку — гульні ў радасць, расказваецца ў кнізе “Поліяна” Э.Партэр. Твор упершыню ўбачыў свет у 1912 годзе і з тых часоў з’яўляецца адной з самых любімых і чытаемых кніг замежнай класічнай дзіцячай літаратуры.
Твор вядомага рускага пісьменніка В.Караленкі “Сляпы музыкант” звязаны не толькі з чыста літаратурнымі, але і з прыродазнаўчымі, медыцынскімі праблемамі.
Пеця нарадзіўся ў багатай сям’і памешчыка. Маці, калі выявіла яго слепату, спрабавала атуліць немаўля, лішне апекавала. Яе брат Максім страціў на вайне нагу і запатрабаваў, каб да пляменніка не праяўлялі дурной клапатлівасці. Дзядзька і пазней заставаўся строгім і добрым сябрам Пеці, не дазваляў яму адчуваць сваю непаўнавартаснасць, у рэшце рэшт усяліў у яго ўпэўненасць у магчымасць духоўнага прасвятлення. Так і адбываецца ў фінальнай сцэне аповесці.
Крытыкі адзначаюць, што аповесць, рэдкая па сіле аптымізму, дае пераканаўчы прыклад незламанага лёсу, яна вельмі паэтычная і праўдзівая ў дэталях.
“Косця+Ніка” — адна з самых папулярных кніг вядомай пісьменніцы Т.Крукавай. Яна пра сілу кахання, здольную здавалася б, безнадзейна хворага чалавека паставіць на ногі. У адным з інтэрв’ю аўтар яе сказала: “Я думала, што напішу прыгодніцкі раман…, але Косця і Ніка аказаліся больш моцнымі асобамі”. Знаёмы аўтаркі, нягледзячы на занятасць, знайшоў час для неабходнай кансультацыі пісьменніцы, падказаў, якім чынам цуд зрабіць рэальнасцю. Такім чынам, атрымалася кніга, якая дае надзею і якую з вялікай цікавасцю абмяркоўваюць у школах-інтэрнатах для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарата.
Усе гэтыя кнігі аб дзецях з фізічнымі парушэннямі. Яны дапамагаюць выхоўваць у іх увагу і дабрыню да людзей.
Запрашаем нашых чытачоў наведаць бібліятэку і выбраць пэўную кнігу для ўласнага густу. Чакаем вас!
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top