Канікулы з карысцю

Канікулы з карысцю

Першая спроба стварыць студэнцкі атрад на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна была зроблена летась. Зводны студатрад, у склад якога ўвайшлі 10 жабінкаўцаў, што навучаліся ў сярэдніх і вышэйшых адукацыйных установах, працаваў на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Вопыт аказаўся добрым. Таму сёлета раённы камітэт ГА “БРСМ”, які займаецца пошукам і арганізацыяй працоўных месцаў для дадатковай занятасці моладзі, зрабіў стаўку на арганізацыю студэнцкіх атрадаў.

Традыцыя, у якой ёсць будучыня

— Мы і раней па лініі індывідуальнай занятасці дапамагалі моладзі ўладкавацца на працу ў час канікулаў. Аднак ніякіх ільгот юныя работнікі ў такім выпадку не атрымлівалі. А вось тая моладзь, якая працуе ў студатрадах, вызваляецца ад аплаты падаткаў. Сёлета ў студатрадах працуе каля 100 юнакоў і дзяўчат. Па большай частцы гэта работа ў сельскагаспадарчых арганізацыях, — тлумачыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Маісеенка.
Для многіх слова студатрад асацыіруецца з працай студэнтаў на будоўлях, як гэта было ў савецкія часы. Аднак школьнікаў і навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў не павінна бянтэжыць слова студэнцкі. Працаваць у складзе такога атрада, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі №181, могуць маладыя людзі ад 14 гадоў. А дзейнічаць студатрадам дазволена ў галіне адукацыі і аховы навакольнага асяроддзя, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і сферы аказання паслуг.

Працоўнае лета

Як правіла, студэнцкія атрады фарміруюцца ў ліпені, калі зда-дзены экзамены, і дзейнічаюць да канца жніўня. На Жабінкаўшчыне сёлета арганізавана 7 студэнцкіх атрадаў. Моладзь працуе на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”, у ПУАП “Азяты”, СВК “Рагазнянскі”, “Арэпічы”, “Хмелева”.
Адзін з самых вялікіх студатрадаў створаны ў ПУАП “Азяты”.
Тут цяпер працуе 18 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 21 года. Студатрадаўцы выконваюць самыя разнастайныя віды работ у залежнасці ад узросту і навыкаў.
— Вядома ж, малодшыя ў нас задзейнічаны на больш лёгкіх работах — варушаць траву, працуюць на зернетаку і ў паляводстве. Старэйшым даручаюцца больш адказныя ўчасткі. Ёсць у нас і механікі зернесушыльных комплексаў, трактарыст-машыніст і памочнік камбайнера, — паведаміла Ніна Уладзіміраўна Шкарупа, старшыня прафсаюзнага камітэта ПУАП “Азяты”. — Мы не адмаўляем дзецям, якія хочуць у нас працаваць. Гэта своеасаблівы погляд у будучыню: маладыя людзі, што сёння занятыя толькі летам, могуць стаць патэнцыяльнымі работнікамі гаспадаркі.
Многія са студатрадаўцаў не ўпершыню працуюць у гаспадарцы летам. Ёсць і тыя, хто праз некаторы час прыйдзе сюды як малады спецыяліст. Да прыкладу, камандзір студ-атрада Дзмітрый Лось, з’яўляецца студэнтам універсітэта сельскагаспадарчага профілю ў Мінску, навучаецца паводле мэтавага накіравання ад гаспадаркі, а летам прымяняе атрыманыя навыкі на практыцы. Сёлета працуе ён механікам на зернесушылцы “Мекмар”, якая адразу сушыць 25 тон зерня. Камісар студатрада Міхаіл Ячнік з работай на зернесушыльным комплексе ў вёсцы Старое Сяло, дзе ён заняты на ачыстцы зерня, знаёмы даўно, бо гэта працоўнае месца яго маці. Хлопец збіраецца паступаць у Брэсцкі каледж прыборабудавання, а грошы збірае на матацыкл.
— Калі ёсць мэта, тады і праца спорыцца, — падмячае Алена Ячнік. — Усе хлопцы, што працуюць зараз на зернетаку — гаспадарлівыя і працавітыя, таму ім смела можна давяраць адказныя заданні.
Выпускнікі Старасельскай базавай школы Марыя Пархац, Аляксей Печур і Яўген Пузевіч таксама вырашылі зрабіць свой адпачынак карысным. Як прызнаюцца юныя работнікі, працаваць на зернетаку не цяжка, а нават весела. Хлопцы сёлета паступаюць ў Пружанскі сельскагаспадарчы каледж, а зараз зарабляюць грошы на будучае “студэнцтва”. Бацька Яўгена і бацькі Аляксея працуюць у жывёлагадоўлі, таму яны з дзяцінства прывучаны да сельскай гаспадаркі, вось і вырашылі працягваць бацькоўскую справу.
За працай мы засталі “трыа” хлопцаў. Браты-блізняты Аляксандр і Мікола Хрысцінец і Аляксандр Ермаковіч старанна і зладжана лапацілі зерне рапсу. Усе яны спадзяюцца стаць студэнтамі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта.
— Справа адпачынку не перашкаджае, хочам падзарабіць на свае расходы, дапамагчы бацькам. Ужо 3 гады працуем летам у гаспадарцы, таму добра знаёмы са сваімі абавязкамі, — адказвалі студатрадаўцы.

Дзе яшчэ падзарабіць?

У нашым раёне няма прафесійных ліцэяў, сярэдне-спецыяльных ці вышэйшых навучальных устаноў, таму свабоднай у летні час і жадаючай працаваць паўналетняй моладзі не так і многа. Больш жадаюць падзарабіць на свае “кішэнныя” расходы школьнікі. У чэрвені 100 вучняў Жабінкаўшчыны працавалі па дамоўленасці ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама з аддзелам адукацыі і райкамам “БРСМ” на тэрыторыях школ. Яны выконвалі работы па добраўпарадкаванні, рамонце мэблі.
— Акрамя гэтага мы дапамаглі  працаўладкавацца моладзі на летні час індывідуальна. Напрыклад, сёлета некалькім маладым людзям прапаноўвалася праца ў райспажыўтаварыстве, ПМК-19, ДРБУ-103. Працуюць нашы дзеці і ў фермерскай гаспадарцы “Бярозка”, прадпрыемстве “Сантэхбуд” і ў іншых арганізацыях раёна, — распавядала Марыя Маісеенка.
Але дзе б ні працавалі дзеці, іх занятасць, бясспрэчна, пойдзе на карысць. Яна дасць пэўны вопыт, выхавае правільныя адносіны да працы, навучыць цаніць тое, што створана рукамі іншых і, безумоўна, прынясе грашовае ўзнагароджанне — сваё, заробленае асабістымі намаганнямі, сваімі рукамі, што ў шмат разоў каштоўней, чым любыя “кішэнныя” грошы, выдзеленыя бацькамі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top