«Хочацца, каб кубак прыжыўся ў Жабінцы»

«Хочацца, каб кубак прыжыўся ў Жабінцы»

У мінулую сераду, 7 жніўня, з Брэста прый-шла прыемная навіна. Упершыню найлепшым у сваёй галіне названы калектыў Жабінкаўскага раённага вузла паштовай сувязі. Такога прызнання жабінкаўскія паштавікі ўдастоены паводле вынікаў працы за другі квартал 2013 года.
Поспех тым больш важкі, калі ўлічыць, што ў складзе Брэсцкага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта” — 16 структурных падраздзяленняў. Жабінкаўскі РВПС — адзін з найменшых, але, як сцвярджае народная мудрасць, малы залатнік — ды дарагі.
Заслужаную ўзнагароду — пераходны кубак і пасведчанне пра ўганараванне — з рук дырэктара Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціны Мікалаеўны Пух атрымала начальнік вузла сувязі Жабінкаўскага РВПС Л.П.Саўчук.
— З таго часу, як васямнаццаць гадоў таму ўтварыўся наш паштовы вузел сувязі, — гаворыць Людміла Пятроўна, — такі поспех упершыню! Заўсёды спаборнічалі за права насіць пачэснае званне “Лепшы вузел сувязі”, аднак вышэй чацвёртага месца ў вобласці ўзнімацца не даводзілася.
Сёлета першае месца атрымана за добрыя эканамічныя паказчыкі. У іх ліку — выручка ад рэалізацыі і даходы ад паслуг сувязі юрыдычным і фізічным асобам склалі да плана па 103,4% кожны, яшчэ больш унушальны чысты прыбытак — 111,8%.
— У цэлым, — падкрэслівае кіраўнік, — гэты поспех — заслуга ўсяго без выключэння калектыву, які гадамі ішоў да такога выдатнага выніку, найперш мае добрыя словы адносяцца да нашых паштальёнаў і аператараў. Хочацца, каб кубак прыжыўся ў Жабінцы. Дзеля гэтага патрэбна працаваць не пакладаючы рук. Каб пераходны кубак назаўжды ў нас застаўся, патрабуецца не менш за тры разы запар сваёй што-дзённай працай даказаць, што першы поспех не быў выпадковым.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: начальнік вузла сувязі Жабінкаўскага РВПС Людміла Саўчук дэманструе пераходны кубак і пасведчанне пра ўзнагароду, атрыманыя за перамогу ў абласным спаборніцтве.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top