Жыццё — найлепшая ўзнагарода

Жыццё — найлепшая ўзнагарода

Сёлета напрадвесні жабінкавец Аляксей Фядосавіч Галаванчук сустрэў свой дзевяносты дзень нараджэння. З хваляваннем згадвае ветэран ваенны час. Старажыл лічыць, мабыць, таму і жыве дасюль на зямлі, каб маладым расказаць, якім страшным бывае подых ліхалецця, што забірае жыцці, калечыць душы.

Бяда сям’ю падзяліла

Ва ўспамінах — няпросты лёс сям’і, уласны баявы шлях, страты таварышаў у вайсковым паходзе, таму і не стрымлівае слёзы былы салдат.
— Вайна ж і нашу сям’ю разлучыла, — гаворыць з сумам. — Тая бяда надоўга, бы нажом, нас падзяліла.
Нарадзіўся ветэран 5 сакавіка 1923 года ў Пшанаях. Хлопчыку было ўсяго паўгода, як бацька Фядос Ігнатавіч паехаў на заробкі ў Канаду, дзе загінуў на чыгунцы. Ад чыгуначнай кампаніі сям’я атрымала страхоўку. Яе хапіла маці Ксеніі Герасімаўне, каб прыдбаць 20 гектараў зямлі ў Жабінцы — найвялікшае тады багацце. Сям’я, вядома, гэтаму вельмі радавалася.
Яны і не здагадваліся, што з прыходам савецкай улады амаль усе будуць раскулачаныя за тыя надзелы. Матулін брат Сямён у часы сталіншчыны ўсё ж быў рэпрэсіраваны. Такі самы лёс напаткаў і другога сваяка — Дзмітрыя Ігнатавіча Галаванчука, асуджанага на 15 гадоў катаргі, і яго жонку Агрыпіну. Рэабілітаваныя яны былі толькі ў 1992 годзе.
Аляксей Фядосавіч меў двух старэйшых братоў. Рыгор першым узяў ружжо: у верасні 1939-га, калі выбухнула Другая сусветная, яго забралі ў Войска Польскае. Ваяваў у Італіі, а затым паехаў у Вялікабрытанію, дзе стварыў сям’ю, працаваў на заводзе і жыў да сканчэння свайго веку.
Пра Рыгораў лёс сваякі доўга не ведалі. Ён сам пачаў шукаць сям’ю з дапамогай Чырвонага Крыжа. Праз сорак гадоў, улетку 1975-га, Рыгор, якому дасылалі з Беларусі газету “Голас Радзімы”, пераступіў нарэшце бацькоўскі парог у Жабінцы. З сынам Пітэрам наведаў магілу 89-гадовай маці, падарыў пляменнікам Віцю і Жэню джынсы, у якіх хлопцы фарсілі на танцах (усё ж вялікі на той час дэфіцыт былі яны!), брата абняў і свой сямейны фотаздымак паказаў.
— Глядзі, Алёша, як я жыву, — сказаў з гонарам. А на тым здымку — шыкоўныя дом, машына…
А потым дапазна згадвалі браты родных і вайну, якая іх разлучыла.

Яго франтавыя дарогі

Другі Аляксееў брат — Васіль, калі шуганула зарыва Вялікай Айчыннай, працаваў на чыгунцы ў Жабінцы і Брэсце наглядчыкам вагонаў, фарміраваў саставы. Як чыгуначнік, меў бронь. Дарэчы, гэтая прафесія ў Галаванчукоў спадчынная, пасля вайны Аляксей Фядосавіч каля сарака гадоў адпрацаваў на чыгуначнай станцыі Брэст-Цэнтральная.
А тады, у час ліхалецця, яму давялося апрануць вайсковую форму і керзавыя боты. Ён быў прызваны ў Чырвоную Армію пасля вызвалення Жабінкаўшчыны, у жніўні сорак чацвёртага. Навабранцаў цягніком завезлі ў Бярозу-Картузскую. Першая ноч — у колішняй польскай турме, якую немцы выкарыстоўвалі, каб катаваць людзей. Далейшы шлях — пад Маскву, у гарадок Дзмітраў. Тут Аляксея Галаванчука залічылі ў 26-ы артылерыйскі полк, у разлік 36-міліметровай гарматы. Пасля месяца вучэбкі навабранцаў завезлі на Волгу, на станцыю Ільіно, паблізу Горкага (сённяшні Ніжні Ноўгарад).
— Вядома, на вайне нават іголка цяжкая, не тое, што аўтамат з 72 патронамі ды запаснымі магазінамі, — уздыхае А.Ф.Галаванчук. — Таму рыхтавалі нас сур’ёзна — да сур’ёзнай справы.
Набліжаўся апошні год вайны. Пачыналася зіма. Жылі салдаты ў лесе пад Дзмітравым, у зямлянках, пабудаваных на хуткую руку. Каб ноччу не замерзнуць, падсцілалі пад сябе галінкі. Ад холаду пухлі ногі, заматаныя ў анучы. Таму перавод на фронт многія ўспрынялі як збавенне. Аднак трапілі ў сапраўднае пекла — на Сандамірскі плацдарм, дзе ішлі жорсткія баі.
— Шчасце наша, — гаворыць А.Ф.Галаванчук, — што не кінулі адразу на Варшаву, бо там было яшчэ гарачэй, усіх бы там навабранцаў пабілі.
12 студзеня 1945 года іх полк у складзе І Украінскага фронту рушыў у першае наступленне. Аляксей быў тэлефаністам сувязі, дапамагаў карэктаваць агнявую “працу” артылерыйскіх гарматаў. Дзеля гэтага цягнуў кабель ад батарэі, што акапалася на перадавой, да каманднага пункта.
— Часць імкліва пайшла наперад — як да чорта ў пастку! Усё адразу змяшалася, перакалацілася. Быў я на перадавой, раптам апынуўся ў тыле, згубіў сувязь з родным палком, трапіў да “суседзяў”. Там старшы лейтэнант з капітанам строга запатрабавалі мае дакументы, пакуль усё не праверылі — не адпусцілі, — гаворыць ветэран.
У хуткасці малады баец разам з напарнікам, другім нумарам супрацьтанкавага ружжа Леваненям (хлопец паходзіў з Гародні), быў пераведзены ў ахову штаба палка. Але ж нядоўга паваявалі разам.
У наступным баі сябар на імгненне выглянуў з акопа і быў падстрэлены снайперам.
— Я ж яго на прамілы Бог прасіў: май галаву на плячах, будзь асцярожным, — узгадвае ветэран са слязамі. — Неслух… маладзён… Ён стогне-просіць: “Алёшка, уцягні мяне назад у акоп”. Разам з санітарам на плашч-палатцы адвалаклі раненага ў лашчынку, адтуль павезлі ў шпіталь. Неўзабаве і я патрапіў у лазарэт. Першае, што спытаўся: “А Леваненя дзе?” І пачуў у адказ: “Тры дні пражыў…”.
Амаль тры тыдні Аляксею Фядосавічу давялося “адпачываваць” у белай палаце. Потым пачуў — замест артылерыі, роднай “царыцы вайны”, збіраюцца яго залічыць у пяхоту. Але артылерыйскі палкоўнік паклапаціўся, каб ягоны баец вярнуўся ў сваю часць.
Перамогу сустрэў на нямецкай зямлі. Як даведаўся, што вайне капут? Па лямпачках, што загарэліся на слупах. Раней — і не думай дэмаскіраваць месца, дзе вайскоўцы знаходзяцца! А тут раптоўна ўсё асвятлілася. І без слоў усе зразумелі: Германія капітулявала! Кожны салдат атрымаў Ганаровую грамату з подпісам Маршала Савецкага Саюза І.С.Конева.
У хуткасці часць перавялі ў аўстрыйскі горад Вінернойштад, затым — у Венгрыю, адкуль Аляксей Фядосавіч і дэмабілізаваўся вясной 1947 года.
Хоць вайна і завяршылася, ды пасляваенны час лёгкім не назавеш. Перад вачамі ў ветэрана ўзнікла карціна, якую ўбачыў у Львове, калі вяртаўся дамоў. На вакзале бабулька прыхінулася да сцяны, бачна — дрэнна чалавеку. Толькі руку працягнуў, як пачуў:
— Не чапай, салдацік, ёй ужо не дапамагчы: памерла з голаду…
Тады і зразумеў 25-гадовы Аляксей, што атрымаў ад Бога самую вялікую ўзнагароду — Жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: 90-гадовы ветэран А.Ф.Галаванчук з сынам Віктарам
 і сацыяльным работнікам, жонкай унука Надзеяй, што наглядае за дзедам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top