Летние «экзамены» комунальщикам

Летние «экзамены» комунальщикам

Як вас абслугоўваюць
Летнія “экзамены” камунальнікаў
Ліпень, гарачыня… Аднак не-не ды згадаем народную мудрасць, правераную вякамі: “Рыхтуй сані летам…” Спёка хутка міне, а за ёю неўзабаве — кастрычнік, пачатак ацяпляльнага сезону. Як на Жабінкаўшчыне рыхтуюцца да гэтага перыяду, пра тое гаворка з намеснікам старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюком.
— Анатоль Вітальевіч, восень-зіма заўжды “экзаменуюць” аб’екты народнагаспадарчага комплексу. Калі ласка, коратка пра вынікі мінулага ацяпляльнага сезона і задачы на наступны.
— Адразу адзначым, што летась не было дапушчана сур’ёзных аварый, няшчасных выпадкаў, зрываў цепла- і электразабеспячэння. Задачы на наступны ацяпляльны перыяд традыцыйныя: каб цеплавая энергія адпускалася згодна з тэмпературнымі графікамі, забяспечвалася рытмічная пастаўка паліва ў кацельні, спажыўцы раёна бесперабойна атрымлівалі прыродны і звадкаваны газ.
— Што павінна быць зроблена зараз, каб падрыхтавацца да выканання гэтых, як вы сказалі, традыцыйных задач?
— Згодна з рашэннем райвыканкама вызначаны 54 мерапрыемствы ў падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да асенне-зімовага перыяду 2010 — 2011 гадоў. Зразумела, найбольш значныя работы ўскладзены на КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Ужо цяпер адбываецца перакладка 1,4 км цеплавых сетак па вуліцах Зарэчная і Шашэйная ў Жабінцы ад кацельні №3 да кацельняў №№4 і7. Апошняя перастане функцыянаваць з гэтага года.
— Аднак ці не выкліча гэта незадаволенасці жыхароў, ці не адчуюць яны, што зімой у іх дамах стане менш цяпла?
— Магутнасцяў хопіць, каб спажыўцы атрымлівалі цяпло ў поўнай меры. Мадэрнізацыя сістэмы цеплазабеспячэння з пераключэннем нагрузак на кацельню №3 фінансуецца з абласнога бюджэту: плануецца патраціць на гэта 70 мільёнаў рублёў, на пачатак ліпеня паступіла 44,4 мільёна.
Для аднаўлення самой кацельні №3, што на вуліцы Цэнтральная, а таксама дзеля аптымізацыі схемы цеплазабеспячэння ў пасёлку Ленінскі (там функцыянуе старая цеплатраса) спатрэбіцца 550 мільёнаў рублёў, зараз выдаткавана 239,5 мільёна з рэспубліканскага бюджэту, 70,4 з абласнога, яшчэ 4,4 мільёна рублёў — уласныя сродкі камунальнай гаспадаркі, якія ўжо асвоены.
Да 1 кастрычніка камунальнікі, правядуць прафілактычны рамонт усіх 17 кацельняў Жабінкаўшчыны, будуць адноўлены тры печы, капітальна адрамантуюць адзін стальны кацёл, заменяць два неэканамічныя.
— Слова “эканомія” здаўна з’яўляецца спадарожнікам эканомікі. Што робіцца ў сённяшніх няпростых умовах, калі патрабаванні эканоміі паліва стаяць вельмі востра, у нашым раёне?
— Важны клопат — замена зношаных цеплавых сетак, якія не спрыяюць эканоміі. На гэтыя мэты прадугледжана атрымаць з вобласці 350 мільёнаў рублёў (закуплены матэрыялы і выкананы работы на 105,8 мільёна). Заключаны дагавор на ўстаноўку модульнай кацельні ў пасёлку Ленінскі. Такія кацельні, значна таннейшыя, чым стацыянарныя. Вырабляюць іх у Брэсце. Яны з сэндвічпрофілю, хутка збіраюцца на месцы, маюць тры катлы: два на газавым і яшчэ адзін на мясцовых відах паліва.
Качагары з кацельняў, што знаходзяцца на балансе ЖКГ, найперш у вясковых школах, пасля заканчэння ацяпляльнага сезона не былі звольнены, як гэта практыкавалася раней, а накіраваны ў лясніцтва нарыхтоўваць дровы, каб сэканоміць сродкі. Увогуле, згодна з рашэннем аблвыканкама, своечасова выдаткаваны грашовыя сродкі для набыцця цвёрдых відаў паліва арганізацыям, што фінансуюцца з мясцовага бюджэту, а таксама на пакрыццё розніцы ў цэнах на дровы, брыкет, што рэалізуюцца насельніцтву. Для гэтых патрэб будзе створаны запас дроў у колькасці 1,6 тысячы кубічных метраў і 0,6 тысячы тон торфабрыкетаў.
Тэрміны прыспешваюць (ацяпляльны перыяд — “экзаменатар” строгі), задач нямала, у тым ліку плануецца адрамантаваць у жылым фондзе 3,8 тысячы квадратных метраў дахаў, 0,5 тысячы пагонных метраў стыкаў сценавых панеляў, 6 кубічных метраў цеплавой ізаляцыі ў жылых дамах.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top