Майстар на ўсе рукі

Майстар на ўсе рукі

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня будаўніка я сустрэлася з прарабам ПМК-10 Удадзімірам Уладзіміравічам Малецкім. Зараз арганізацыя рупіцца на ўзвядзенні важнага аб’екта — свінагадоўчага комплексу на 24 тысячы галоў у вёсцы Сычова. Акрамя ПМК-10 тут працуюць каля пятнаццаці будаўнічых калектываў з Брэста, Маларыты, Кобрына, Пружанаў. Ад 200 да 250 чалавек кожны дзень задзейнічана на ўзвядзенні яго, працуе шмат тэхнікі — бульдозеры, экскаватары, пагрузчыкі, краны, аўтавышка. Гэта не першы адказны аб’ект, у будаўніцтве якога прымае ўдзел Уладзімір Малецкі. За шэсць гадоў работы ў ПМК-10 спачатку на пасадзе майстра, а потым прараба ён працаваў на ўзвядзенні адміністрацыйна-бытавога корпусу Жабінкаўскай станцыі абезжалезвання, ЖБСК-15 — 59-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне цукровага завода, кароўніка на 1100 галоў у вёсцы Гара-дзечна Пружанскага раёна. І гэта не ўвесь спіс. Уладзімір адказна ставіцца да сваёй работы, перажывае за яе вынік. “Лічу, што выбраў справу па душы, бо люблю ўсё, чым займаюся”, — гаворыць ён.
Яшчэ ў дзяцінстве вы-рашыў — буду будаўніком, хачу ўзводзіць для людзей прыгожыя дамы, сучасныя гасцініцы, вакзалы. Вало-дзя ўмела абыходзіўся з рубанкам, малатком, ведаў сакрэты прыгатавання раствору. Усяму гэтаму і многаму іншаму хлопца навучыў бацька Уладзімір Андрэевіч. Пасля заканчэння дзявятага класа Стрыгаўскай сярэдняй школы Валодзя вырашыў паступаць у Кобрынскае будаўнічае вучылішча №102. За тры гады вучобы асвоіў тры спецыяльнасці: муляра, тынкоўшчыка і плітачніка. На гэтым хлопец не спыніўся — вучобу прадоўжыў тут жа ў Кобрыне ў Дзяржаўным будаўніча-тэхнічным каледжы, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-будаўніка. Другой малой радзімай для Уладзіміра Малецкага стала Жабінкаўшчына, куды трапіў паводле размеркавання ў 2007 годзе. Месца работы — ПМК-10.
— У калектыве прынялі цёпла, падтрымалі, — гаворыць Уладзімір. — З паразуменнем да мяне, як да маладога спецыяліста, аднёсся кіраўнік арганізацыі Мікалай Антонавіч Шпакоўскі. Шмат чаму навучыўся ў больш вопытных калегаў, сакрэты прафесійнага майстэрства раскрываў мне галоўны інжынер Уладзімір Сяргеевіч Цярэшка. З калектывам пашанцавала, у ім пануе згода і ўзаемападтрымка. За тыя гады, што тут працую, упэўніўся — побач са мною сапраўдныя майстры сваёй справы, якія разам рупяцца, каб атрымаць добры вынік, выканаць своечасова пастаўленыя задачы.
У прараба шмат абавязкаў, самы асноўны — арганізацыя працоўнай дзейнасці на аб’екце, які ўзводзіцца.
— Я прымаю ўдзел у распрацоўцы плана работы на месяц сумесна з галоўным інжынерам і вытворча-тэхнічным аддзелам, — расказаў Уладзі-мір. — Складаю заяўкі на пэўныя будаўнічыя матэрыялы: бетон, цэмент, шчэбень і іншыя, сачу за іх расходам, бачу, што патрэбна і ў якой колькасці. Кантралюю выкананне плана, які ў працэсе работы можа карэкціравацца. Вяду ўлік рабочага часу, падаю ў эканамічны сектар табелі з аб’ёмам выкананых работ — на аснове гэтага і налічваецца заработная плата.
Са сваімі абавязкамі прараб ПМК-10 Уладзімір Малецкі спраўляецца “на выдатна”. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды — Ганаровыя граматы Брэст-аблсельбуда, кіраўніцтва ПМК-10 за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі; перамога ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіўся ў мінулым годзе. Жонка Святлана ганарыцца мужам. У маладой сям’і падрастае двухгадовая дачушка Лерачка.
Прыжыліся Малецкія на Жабінкаўшчыне, мараць тут сабе дом пабудаваць, каб назаўсёды застацца на зямлі, якую палюбілі.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: прараб ПМК-10 Уладзімір Малецкі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Трэба спыняць будауництва, чума свиней, что я робяць! А ирына зноу шыкоунае флота зрабила

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top