У сям’і медыкаў — папаўненне

Са жніўня папоўнілася сям’я медыцынскіх работнікаў Жабінкаўшчыны. Паводле размеркавання з ВНУ прыйшлі працаваць ва УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” анколаг і рэаніматолаг-анестэзіёлаг, у Ленінскую амбулаторыю — урач агульнай практыкі. У тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы практыкаваць будзе ўрач-інтэрн, які застанецца тут працаваць і надалей. Навічкі з ліку сярэдняга медперсаналу — тры медыцынскія сястры і фельчар-лабарант. Такое “кадравае ўліванне” дазволіць палепшыць даступнасць медыцынскай дапамогі насельніцтву, знізіць нагрузку на спецыялістаў.

12-е месца сярод 118 раёнаў

Газета “Белорусская нива” ў №140 за 6 жніўня надрукавала інфармацыю аб выніках работы ў жывёлагадоўлі за студзень-чэрвень 2013 года. Наш раён займае 12-е месца сярод 118 раёнаў краіны па сярэднім надоі малака ад каровы. За паўгоддзе гэты паказчык склаў 2867 кг. І хоць знаходзяцца жабінкаўскія сельгасвытворцы зверху зводкі, што, безумоўна, радуе, “мінусы іх атакуюць”. У параўнанні з леташнім перыядам менш надоена малака ад каровы на 102 кг, а вытворчасць яго склала 98,2%. Не дабірае таксама і мясны цэх: вытворчасць жывёлы — 2262 тоны (94,5%), прыбаўленні на дарошчванні і адкорме — 688 г (-17 г).

Зарплата. У каго якая?

Як паведаміла намеснік начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці В.Кавалевіч, намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата ў цэлым па арганізацыях Жабінкаўскага раёна (акрамя суб’ектаў малога прадпрымальніцтва недзяржаўнай формы ўласнасці) у першым паўгоддзі 2013 года склала 4032,6 тыс. руб., у тым ліку ў чэрвені — 4375,5 тыс. руб. і павялічылася ў параўнанні з чэрвенем мінулагодняга перыяду ў 1,4 раза. Вышэй сярэднераённага ўзроўню ў чэрвені была яна ў работнікаў, якія працуюць на транспарце і ў сувязі — 5681,5 тыс. руб., у апрацоўчай прамысловасці — 5246 тыс. руб. Нізкі ўзровень заробкаў у чэрвені адзначаны ў такіх відах эканамічнай дзейнасці, як аказанне камунальных, сацыяльных і персанальных паслуг — 2732,1 тыс. руб.

Працаўладкавацца дапамог БРСМ

Вучнёўская і студэнцкая моладзь нашага раёна не толькі адпачывае пад час летніх канікулаў, але і актыўна працуе. Працаўладкавацца дапамог РК ГА “БРСМ” на чале з першым сакратаром Марыяй Маісеенка. Каля 9 дзясяткаў маладых людзей, а гэта вучні старэйшых класаў, навучэнцы прафесійных ліцэяў, каледжаў, ВНУ шчыруюць сёлета з ліпеня ў гаспадарках і на прадпрыемствах Жабінкаўшчыны. Тут створаны працоўныя студэнцкія атрады, іх узначальваюць камандзіры і камісары — адказныя і актыўныя хлопцы і дзяўчаты. Гасцінна прынялі жадаючых папрацаваць ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, СВК “Рагазнянскі” і “Арэпічы”, ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”, ПУАП “Азяты”. Моладзь працуе на элеватарах, зернесушыльных комплексах, памочнікамі камбайнераў, трактарыстамі, у лабараторыях. Словам, уносіць свой важкі ўклад ва ўборачную кампанію.

Свята роднай старонкі

“Край мой непаўторны” — так называлася свята вёскі Грыцэвічы, якое ладзілася ў мінулую суботу. Яго адкрыў старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Фёдаравіч Марчук. На свяце былі ўшанаваны самая старэйшая жыхарка Грыцэвіч — Еўдакія Дзям’янаўна Андрасюк і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Васільевіч Ткачук. За ўзорны падворак узнагароду атрымалі Васіль Мікалаевіч і Святлана Піліпаўна Пешка. Не забыліся і пра самых маленькіх жыхароў — Данілу Богдана і Яўгена Андрасюка, якім з розніцай у адзін дзень споўнілася 3 гады. У той вечар музычныя падарункі вяскоўцы прымалі ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Маціевіцкага сельскага клуба. Грыцаўчане падтрымлівалі самадзейных артыстаў і разам з імі падпявалі добра вядомыя “Вёсачка мая”, “Чорная рэдзька”, “Чаму ж мне не пець” і шчодра адорвалі гасцей з суседняга сяла апладысментамі.

Колькасць пажараў паменшылася

За 7 месяцаў бягучага года ў нашым раёне зарэгістравана 19 пажараў, што на 5 менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Агнём знішчана 3 пабудовы і 9 пашкоджана, згарэла 8 тон грубых кармоў на тэрыторыі СВК “Маціевічы”. Матэрыяльны ўрон склаў больш чым 182 млн. рублёў. Пажары былі выкліканы неасцярожным карыстаннем з агнём, парушэннем правілаў эксплуатацыі печаў, а таксама электрасетак і электраабсталявання.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Зноу канавалау у црб прывязуць, их и так тут шмат!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top