Песня развітальная

Песня развітальная

Не першы год па Берасцейшчыне крочыць праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Яго стваральнікі з грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур” карыстаюцца падтрымкай нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і міжнароднай арганізацыі “Паразуменне”. Сёлета ён сем месяцаў гасцяваў на Жабінкаўшчыне, у вёсцы Малыя Сяхновічы.

Лічбы і словы

Рыхтуючы гэты матэрыял, звярнуўся да афіцыйнай статыстыкі. Паводле перапісу 2009 года, у 72% вёсак Беларусі жыве менш чым сотня чалавек. Можна крыжы пахавальныя ставіць на 1400 населеных пунктах, што зусім засталіся без людзей. І толькі ў дзесяці (!) населеных пунктах жывуць звыш пяці тысяч вяскоўцаў. Затое ў 10 тысячах вёсак засталіся па 25 чалавек і менш…
Лічбы яскравыя. І без слоў можна зразумець высакародныя мэты праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Сярод іх — падтрымка пажылых лю-дзей, захаванне спадчыны, далучэнне грамадскасці да праблем адзіноты старажылаў.
Сярод жабінкаўскіх паселішчаў зусім нядаўна Малыя Сяхновічы насілі непрыемны “тытул” “неперспектыўнай” вёскі. Улетку 1986 года на старонках “Сельскай праўды” быў надрукаваны занепакоены артыкул “Пад засенню векавых дрэў” Васіля Сахарчука. Апошнія радкі былі напісаны з асаблівым болем: “На месцы пяці двароў увогуле засталіся… толькі пустыя хатнішчы. Векавыя дрэвы ўзносяць над імі свае шаты і шумяць, раз-дзяляючы іх сум і маркоту. У каго ж большая перспектыва: у гэтай вёскі, дзе нічога не будуецца, ці ў векавых дрэў, якія жывяць глыбокія карані?”
Слава Богу, паэт памыляўся. На дапамогу Малым Сяхновічам прыйшлі найноўшы час і… гісторыя. Адрадзілася цікавасць вакол імя славутага генерала Касцюшкі, побач з ягоным помнікам узнік Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, у вёску прыйшоў прыродны газ, — і людзі паціху пачалі вяртацца. А яшчэ разгарнуўся шыкоўны міжнародны праект, які, бы свежы вецер, уварваўся ў паўсядзённае жыццё.

І ажыло “неперспектыўнае” сяло

Са студзеня па ліпень гэтага года ладзіліся шматлікія сустрэчы ў музеі з былымі вязнямі фашызму з Малых і Вялікіх Сяхновічаў, Мажэйкаў і Алізарава Става.
Ліхалецце было ў маленстве, юнацтве З.М.Баярчук і Л.Л.Юрчук, Е.П.Мядзведзь і А.П.Цыбулі, М.Р.Куліковай і В.С.Юрчука… Яны згадвалі перажытае, знаёміліся з выставамі і ўдзельнічалі ў экскурсіях, арганізаваных кіраўніцай “Вёскі…” Л.М.Быцко ды музейшчыкамі — С.В. Дзямідавым і Т.Ф.Чапялевіч.
Надоўга прапішуцца ў памяці майстар-класы ад самабытнай ўмеліцы М.М.Кулецкай з Пружанаў, народнага майстра А.С.Туркова з Камянеччыны, цудоўнага кобрынскага рамесніка-разьбяра В.У.Дароцькі.
Назаўжды захаваюцца фотаздымкі і відэа, зробленыя Андрэем Шыманскім і Аляксандрам Быцко, малюнкі старажылаў, створаныя сёстрамі-мастачкамі з Брэста Ганнай і Марыяй Рэдзька, нататкі журналістаў Людмілы Бунеевай і Іны Хоміч.
Арганізатары вельмі ўдзячныя за падтрымку мясцовым уладам: намесніку старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.А.Старыцкаму, старшыням Сцяпанкаўскага і Крыўлянскага сельвы-канкамаў М.Г.Ягорчанкаву і А.Ф.Марчуку. Яны пасадзейнічалі, каб на мерапрыемствы патрапілі колішнія фашысцкія вязні і жабінкаўскія школьнікі. Многія, вельмі многія, калі праект, бы птушка “ўзняўся на крыло” самі прыязджалі з блізкіх і далёкіх мясцінаў.
Каля тысячы чалавек! Столькі налічылі гледачоў на сваіх канцэртах самабытныя фальклорныя выканаўцы. Геаграфія тых, хто прыязджаў на фэсты “Надвячоркам у Малых Сяхновічах” уражвае: Польшча, Расія, Літва і, канечне ж, шматгалосая Беларусь. Найдалейшая госця — выкладчыца вышэйшай катэгорыі ў класе фартэпіяна Алена Іванова з горада Запалярны, што на самай мяжы з Нарвегіяй!
А колькі розгаласу пакінулі нямецкія валанцёры з дабрачыннай арганізацыі “Акцыя Збавення — служба Справы Міру”, што рамантавалі жыллё ў былых вязняў Зінаіды Баярчук з Малых Сяхновічаў і 90-гадовай Еўдакіі Мядзведзь з Сяхновічаў

(найстарэйшая ўдзельніца праекта «Вёска, якая не павінна знікнуць», 90-гадовая Еўдакія Мядзведзь)

Вялікіх! Дасюль, як анекдот, расказваюць пра музейнага вартаўніка. Калі ён даведаўся, што прыедуць госці з Германіі, пачаў хуценька ўспамінаць нямецкія слоўцы са школьнай праграмы. Адзінае, што прыгадаў і чым усіх уразіў пры сустрэчы: “Ахвідэрзейн!”(“Да пабачэння!”).
Было яшчэ падарожжа ў Пружанскі раён — у вёску Стойлы, дзе застаўся толькі адзін чалавек. Але які! Народны майстра Беларусі Мікалай Тарасюк, знакаміты стваральнік “драўлянага народу” — багатых сцэнак з вясковага жыцця, вырабленых з дрэва, тканіны, саломы.
А як гарэзліва радавалі сяхноўцаў на Тройцу “Хмелеўскія валацугі” з “Дараносіцай”, калі нагадалі ўсім пра старажытны абрад “Ваджэнне куста” і “запальвалі” слухачоў вечна маладым гумарам! Яны перадавалі эстафету маларытчанам, да каго ў госці са жніўня пераедзе “Вёска, якая не павінна знікнуць”.
Апошні яркі штрышок праекта на Жабінкаўшчыне — канцэрт “Надвячоркам у Малых Сяхновічах у сярэдзіне лета” — ладзіўся 12 ліпеня, на Пятра і Паўла.
Сабраліся больш за 160 чалавек. У іх ліку — прадстаўнікі дыстанцыі пуці, торфабрыкетнага і цукровага заводаў, педагогі і навучэнцы Дома навукова-тэхнічнай творчасці моладзі з Масквы, шматлікі тутэйшы люд. Перад пачаткам свята яны пазнаёміліся з музейнымі экспазіцыямі, пакінулі здымкі на добры ўспамін і запісы ў “залатую” кнігу гасцей.
Летнія песні і абрады выконваў дзіцячы клуб аматараў фальклору “Кры-нічка” з вёскі Хаціслаў. Ларыса Быцко, прадстаўляючы калектыў, пажадала, каб у людзей было заўжды добрае надвор’е і ў душах, і над галовамі.
— Як мы з Брэста выязджалі, — гаварыла яна, — дождж сарваўся, ды Божанька зірнуў звысоку, пабачыў, што робім патрэбную справу, і сонцам узнагародзіў. Да вас завітаў — найлепшы калектыў з Хаціслава, які ў маі ўганараваны на фестывалі “Таночак” (гэтае слова можна перакласці як “кружочак” альбо “карагод”). Гэта было ў Бездзежы Драгічынскага раёна, а зараз яны ў вас, у Малых Сяхновічах. Вітайце!
Маларытчане выйшлі наперад і гарэзліва выгукнулі:
— Сёння мы ў гасцях. Будзем прадаваць свае таленты за вашыя апладысменты!
Тут “кірмаш” і рас-пачаўся! Цягам гадзіны з нечым свята ўладарыла ў алеі Касцюшкаўскага парку. І было тут усяго багата: спеваў, танцаў і народных паданняў, якія нікога не пакідалі абыякавымі.
Кіраўнік Хаціслаўскага клуба Галіна Іванаўна Хомік атрымала з рук Ларысы Быцко грамату і шчырыя віншаванні. Бывай, Жабінкаўшчына, да сустрэчы, Маларытчына!

Замест расстання: “Кляніцеся!”

Планка ўзнятая высока. Людзі паверылі, што ў іх вёску прыйшло доўгачаканае абуджэнне, міжволі парадніліся і будуць, бясспрэчна, сустракацца і надалей. Але ж цікава і вельмі важна, што будзе ў наступныя месяцы ды гады. Ларыса Мікалаеўна Быцко — душа і рухавік праекта. Яна шчыра за яго перажывае і з жалем гаворыць пра развітанне, якое непазбежнае. Раптам звяртаецца прылюдна да дырэктара музея С.В.Дзямідава:
— Сяргей Валер’евіч, кляніцеся! Кляніцеся, што вогнішча, намі распаленае не згасне. Мы вас не кідаем, дапаможам, абавязкова дапаможам артыстамі, але святы, што тут распачаліся, працягнуцца. Каб вёска не знікла… Будзем разам!
Марына Бяльчук, дзяўчынка з “Крынічкі”, а-капэльна заспявала стары народны спеў. Ды ліўся спеў так, нібыта высокі гімн у гонар “Вёскі, якая не павінна знікнуць”.
… Голас змоўк. Цішыня. Апладысменты. Прагучала песня развітальная, ды, веру, не лебядзіная. Нельга, каб засохла тое, што вырасла. А вырасла — ой, як шмат: Надзея, Вера і Любоў, з якіх складаецца Жыццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: сустрэліся і назаўжды пасябравалі стваральніца праекта Ларыса Быцко і жыхарка Малых Сяхновічаў Алена Цыбуля; танцуе “Крынічка”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

2 Comments Posted

  1. Трызненне нейкае. Каб вёска не знікла, трэба было дваццаць гадоў таму не пускаць бальшавічкоў да руля. Яны яе угробілі ўжо канчэльна. Ціпер трэ будзе як у концлагер заганяць або запрашаць інародцаў.

  2. Рост гарадскога насельництва гэта плюс, а тое, што у нас не эфектыуная сельская гаспадарка , хай думае прусак, што з гэтым рабиць. У галандыи адин вясковец кормиць каля 300 чалавек

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top