Час рыхтавацца да школы

Час рыхтавацца да школы

Не за гарамі дзень, калі вераснёўскім ранкам дзеці сядуць за парты — пачнецца новы навучальны год. Сем’і, у якіх выхоўваюцца школьнікі, рыхтуюцца да яго. Я вырашыла пацікавіцца ў жабінкаўцаў, дзе яны набываюць неабходныя рэчы: форму, абутак, пісьмовыя прыналежнасці? Ці багата забяспечаны мясцовыя магазіны школьнымі таварамі ці трэба ехаць за абноўкамі ў абласны цэнтр? Якім таварам аддаюць перавагу — айчыннай ці замежнай вытворчасці?
Ларыса Прыймачук, маці другакласніка Андрэя:
— Да школы рыхтуемся загадзя, усё неабходнае набываем паступова. Сшыткі, канцылярскія прыналежнасці купляем у пачатку лета. У гэтым нам дапамагае складзены настаўніцай спіс, у якім няма нічога лішняга. Адзенне, абутак выбіраем ужо ў жніўні, бо хвалююся, што  новенькая форма за час канікулаў стане сыну малой. Далёка за абноўкамі не едзем, з лёгкасцю знаходзім іх у Жабінцы ці ў абласным цэнтры. Ранец набылі ў нашым універмазе, спартыўную форму, абутак — на мясцовым рынку, а вось па касцюм прыйшлося ехаць у брэсцкі ЦУМ. Выбар школьных тавараў разнастайны ўсюды, кожны абавязкова зробіць пакупку згодна са сваімі грашовымі магчымасцямі і густам.
Яўген Вайцянкоў, бацька дзесяцікласніцы Таццяны:
— Мая дачка жыве і вучыцца ў горадзе Баштанка Нікалаеўскай вобласці ва Украіне. Я ж пакуль працую на маёй малой радзіме — Жабінкаўшчыне ў СВК “Маціевічы” слесарам. Дапамагаю Таццяне набыць школьную форму, якая ў старэйшых класах ва Украіне абавязковая. Кожны год усе вучні павінны за свае ўласныя сродкі купляць камплекты падручнікаў, якія каштуюць не танна, таму я стараюся дапамагчы ёй і ў гэтым. Школьныя тавары каштуюць танней ва Украіне, чым у Беларусі, але іх якасць не заўсёды добрая. Я маю на ўвазе рыначную прадукцыю, якую прывозяць з Турцыі і Кітая.
Людміла Смалюк з дачкою-шасцікласніцай Машай:
— Зараз успамінаю, як рыхтаваліся да школы са старэйшай дачкой Ірынай. У складаныя 90-ыя ўсё было дэфіцытам. Каб набыць новыя сукенку ці абуткак, прыходзілася ехаць у Брэст, выстойваць вялікія чэргі ў “Дзіцячым свеце” і купляць той тавар, які даставаўся. Цяпер усё па-іншаму: выбар вялікі, разнастайны і на розны густ як у абласным цэнтры, так і ў Жабінцы, але значна даражэй, чым раней. Сёлета рыхтавацца да школы пачалі з чэрвеня. У нашай “Галантарэі” набылі сшыткі, недарагі прыгожы партфель. Леташнюю форму, якая застаецца і на гэты год, дапоўнілі новай блузкай і пінжаком, купілі спартыўны касцюм. Усё выбралі на нашым рынку. За абуткам адправімся ў канцы жніўня ў Брэст у магазін “Буслік”. Задаволена, што ў школы вярнулася форма. Нашы вытворцы стараюцца, каб яна была натуральнай, зручнай, прыгожай.
Аксана Канановіч, маці трэцякласніцы Ангеліны:
— Лічу, што аднаго жніўня дастаткова, каб падрыхтавацца да школы. Сарафан ёсць, патрэбна купіць да яго блузку. У планах набыць спартыўны касцюм, кеды. За ўсім гэтым паедзем у Брэст у “Дзіцячы свет”. Вялікі асартымент канцтавараў у “Кнігалюбе”, тут Ангеліна выбярэ ручкі, алоўкі, фламастары, пенал. Абавязковая ўмова — на ранцы і сшытках павінна быць выява любімых казачных герояў — Машы і Мядзведзя з аднайменнага мультыплікацыйнага фільма. Паспрабуем выканаць пажаданні дачкі.
Вольга Іванова з дачкою-першакласніцай Вікторыяй:
— Яшчэ ў лістападзе на свой дзень нараджэння Віка атрымала ў падарунак ранец. Гэта было для яе сюрпрызам. Лічым, што менавіта з гэтага моманту і пачалася падрыхтоўка да школы. У нашым універмазе набылі ўжо туфелькі, сарафан, блузку. Перавагу аддаём айчынным таварам. Лічу, што самыя асноўныя рэчы трэба набываць у першую чаргу, а потым ужо канцылярскія прыналежнасці. За імі паедзем у “Буслік”, ведаем што купіць, спіс іх склала настаўніца Ірына Іванаўна Паляшчук. Хачу пажадаць усім бацькам і іх дзецям удалых пакупак перад пачаткам новага навучальнага года.
Апытанне правяла Алёна НІКАНЧУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top