Усё толькі пачынаецца!

Усё толькі пачынаецца!

 

Цягавіты конь з возам ды буслы ў гняздзе раней за гаспадароў сустракалі нас ля хаты ў Курпічах, дзе кожнае лета жывуць берасцейцы Іна Валер’еўна і Віталь Паўлавіч Дземчукі. Тыя конь і буслянка — рукатворныя, зробленыя працавітымі Інай і Віталем. Паўсюдныя чысціня і парадак на падворку радуюць вока, але ж гаспадар усё не стамляецца нешта майстраваць, рамантаваць дом, каб не толькі сабе, але й суседзям было прыемна. Каб бабуля з дзядулем — калі бачаць, чуюць адтуль — з нябёсаў! — не скардзіліся: “На каго ж сваю хату ладненькую пакінулі…”
Не, думаецца, не скар-дзяцца, а радуюцца, што ўнукі такія здатныя аказаліся…
Пра тых, хто гэту хаціну будаваў, напаўняў пяшчотай свайго жыцця прыгадалі невыпадкова — з жалем, цеплынёй, гонарам. Дзядуля, Павел Рыгоравіч Кузнец, працаўнік-ардэнаносец, у якога ў руках усялякая справа спорылася, памёр пяць гадоў таму, бабуля Зінаіда Мікалаеўна — пазалетась. З тае пары як з’явіліся маладыя гаспадары, падворак пачаў набываць новыя абрысы. Іна і Віталь — аднагодкі, абодва нарадзіліся ў Жабінцы. Пазнаёміліся, як бывае нярэдка, на чужым вяселлі, а неўзабаве вырашылі і сваё справіць, каб ісці ў жыцці поруч.
На той дарозе хутка знайшлі “падарожнікаў” — сваіх дзетак. Сямігадовы Данік ледзь дачакаўся апошняга званка, каб хутчэй ехаць у Курпічы, дзе яму ўтульна і весела на прыгожым падворку. Для матулі хлопчык памочнік, у тым ліку і сястрычку даглядае. (Тані 4 ліпеня споўнілася два гады).
Адкуль захапленне ўзялося, што яго падмацоўвае?
— Найперш для дзетак шчыруем, — адказвае Іна Валер’еўна, — ім патрэбна прыгажосць, чыстае паветра, якога ў Брэсце часам бракуе. Адсюль вяртаюцца дамоў пасля летніх месяцаў свежымі, бы агурочкі.
Сакрэтаў для стварэння гэтай прыгажосці ніякіх не існуе: галоўнае — мець жаданне, цікавасць, густ, знайсці час і — не ленавацца! А падказку як зрабіць яшчэ лепш, заўсёды зной-дзеш на суседніх падворках, у часопісах ці інтэрнэце.
Пацікавіліся і пра задумкі на будучыню.
— Перш-наперш побач з бусламі ды канём пабудуем яшчэ млын-вятрак, — хай сваімі крыламі вецер і шчасце ловіць, — сказаў гаспадар і дадаў упэўнена: — Усё толькі пачынаецца!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: прыгажосць на падворку Іны і Віталя Дземчукоў.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top