У «Суразмоўніку» цікавы суразмоўца

У «Суразмоўніку» цікавы суразмоўца

У раённую бібліятэку на адно з ліпеньскіх пасяджэнняў клуба “Суразмоўнік” завітала мастак, дызайнер Вольга Генадзьеўна Данілюк. У залу не ўвайшла, а ўспырхнула маладая, прыгожая, стройная жанчына. Яна адразу выклікала прыхільнасць да сябе.
З размовы мы даведаліся, што ў 2005 годзе Вольга скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “мастацка-графічныя дысцыпліны”. Гэты год стаў для дзяўчыны знакавым, бо тады ж яе першыя работы, выкананыя ў тэхніцы батык, былі прадстаўлены на выставе “Настрой”. Праз год Вольга — сябра Міжнароднага батык-клуба. На працягу 2006 года з работамі мастачкі знаёмяцца жыхары горада над Бугам пад час яе персанальнай выставы “Колерарыфмы”, а таксама мінчане і госці сталіцы, якія змаглі ўбачыць іх на выставе “Джаз”. Значныя поспехі прынёс 2007 год. Вольга Данілюк прымае ўдзел у выставе жаночых гарадскіх рамёстваў “Таямніцы жаночай душы” і ў Ягелонскім кірмашы ў Любліне, займае другое месца ў конкурсе графікі “Буквар” і трэцяе — у віртуальным конкурсе “Дзівосныя кошкі”. Шмат дасягненняў было ў 2008 годзе — пераможца конкурсу “Прыгажосць”, лаўрэат прэміі “Голдэн Арыфіс” — узнагароджана за каштоўны ўклад у станаўленне і развіццё часопіса “ARIFIS”, удзельніца выставы батыка і керамікі “Форма колеру” ў Мінску. У сакавіку 2013 года ўдзельнічала ў выставе “Фарбы душы”, якая праходзіла ў сталіцы.
Як расказала Вольга, падрыхтоўка да кожнай выставы патрабуе шмат творчых сіл, новых тэм, ідэй. Стварыць карціну — гэта як нарадзіць дзіця. Колькі ж радасці, шчасця ў душы мастака, калі знойдзены патрэбны матэрыял для будучай карціны, удала падабраны фарбы, а нанесены малюнак перадае ўнутраны стан майстра, яго пачуцці.
Батык — складаны від мастацтва, своеасаблівая тэхніка роспісу тканіны. Цікава, што ён распаўсю-джаны ў народаў Інданэзіі, Індыі, Афрыкі. У Еўропе ён з’явіўся і стаў актыўна прымяняцца ў пачатку ХІХ стагоддзя. У нашай краіне мастацкі роспіс тканіны існуе прыкладна з 30-х гадоў мінулага стагоддзя і за час свайго існавання атрымаў шырокае развіццё і прызнанне.
Як мы даведаліся, сёння існуе шмат разнастайных відаў тэхнікі роспісу тканіны, якія маюць пэўныя мастацкія асаблівасці. Яны ўвабралі ў сябе прыёмы мазаікі, графікі, акварэлі, вітража, пастэлі. У кожнага мастака з цягам часу выпрацоўваецца свой індывідуальны стыль, які можна назіраць у работах. У Вольгі Данілюк ён таксама ёсць. У гэтым сябры клуба “Суразмоўнік” змаглі ўпэўніцца пад час размовы з мастачкай і знаёмства з перасоўнай выставай яе карцін, аўтарскімі лялькамі, шалямі. Вольга працуе ў стылі “гарачы батык”, выкарыстоўвае толькі натуральныя фарбы, якія гатуе сама. Яе карціны — гэта філасофскія роздумы над сэнсам жыцця, мары аб будучым. Яна спрабуе адказаць на пытанні што такое дабро і зло, вернасць і здрада, якое яно шчасце жаночае.
Госцю проста засыпалі шматлікімі пытаннямі: дзе можна вучыцца тэхніцы батыка, якім яго відам больш цікавей займацца, колькі часу патрэбна для роспісу тканіны, ці можна купіць карціну і колькі яна каштуе. Без адказу не засталося ніводнае пытанне. Цёпла адзывалася Вольга Данілюк аб сваёй былой настаўніцы малявання — Ірыне Анатольеўне Бялавенцавай, якая яшчэ ў школе заўважыла талент дзяўчыны, усебакова яго развівала. Любоў да малявання прывіла Вользе менавіта яна.
Дзякуючы кіраўніку клуба “Суразмоўнік” Людміле Аляксандраўне Астроўскай, адбылася цікавая сустрэча, на якой мы бліжэй пазнаёміліся з творчасцю нашай таленавітай зямлячкі.
Раіса МАРГЕВІЧ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. У залу не ўвайшла, а ўспырхнула маладая, прыгожая, стройная жанчына. Яна адразу выклікала прыхільнасць да сябе.
    Няштатны карэспандэнт, ты часам раманы не пишаш? Не, вельми крыудна

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top