Летняя спякота

Летняя спякота

Здольнасць спраўляцца з ёй у кожнага чалавека індывідуальная і залежыць ад адаптацыйных магчымасцяў арганізма. Прырода мудра заклала ў кожнага з нас механізм натуральнай тэрмарэгуляцыі: з павышэннем тэмпературы крывяносныя сасуды расшыраюцца і павялічваецца потааддзяленне. Але, на жаль, гэты механізм не заўжды ў поўнай меры эфектыўны. Найбольш часта праблемы могуць узнікаць у людзей, якія пакутуюць захворваннямі сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэмы, пажылых, цяжарных жанчын і кормячых маці, маленькіх дзяцей. Каб летняя гарачыня не падкасіла здароўе, неабходна захоўваць шэраг нескладаных правілаў.
Абмежаваць знаходжанне на вуліцы, асабліва ў перыяд з 11.00 да 16.00. Калі такой магчымасці няма, патрэбна выбіраць зацененыя бакі вуліцы і абавязкова прыкрываць галаву галаўным уборам, а таксама прымяняць сродкі спецыяльнай сонцаахоўнай касметыкі на воднай аснове, якая адбівае ўльтрафіялетавыя выпраменьванні і не перашкаджае дыханню скуры.
Патрэбна насіць пры сабе назначаныя ўрачом лекі. Дазіроўка іх павінна быць абавязкова абгаворана з ўрачом у залежнасці ад паказчыкаў артэрыяльнага ціску, частаты пульсу ці іншых адхіленняў у стане здароўя.
Правільна падбіраць адзенне і абутак. У вашым гардэробе павінны быць шырокаполыя шляпы ці панамы, якія могуць поўнасцю закрыць галаву ад прамянёў сонца. Адзенне трэба выбіраць з лёгкіх натуральных светлых тканін і непрылягаючым сілуэтам, каб забяспечыць целу дастатковы паветраны і цеплавы абмен. Трэба адмовіцца ад нашэння тугіх паясоў і рамянёў, якія пагаршаюць кровазварот. У спякоту таксама трэба адмовіцца ад абутку на абцасах, што дапаможа пазбегнуць ацёчнасці ног.
Арганізаваць водна-пітны рэжым. У гарачае надвор’е ў арганізме парушаецца водны баланс, губляецца шмат вільгаці, таму піць патрэбна не менш чым 2,5-3 л вадкасці ў дзень. Выдатна наталяюць смагу морсы з журавін, вішань, парэчкі і іншых ягад з кіслінкай, вада з лімонным сокам, негазіраваная мінеральная вада, чай, асабліва зялёны. Не трэба ўжываць салодкія газіраваныя напоі, а ад алкаголю неабходна адмовіцца наогул, бо ён выклікае абязводжванне арганізма. Акрамя таго, нельга піць ледзяныя напоі. Гэта можа прывесці да розных хвароб горла, у тым ліку, да ангіны.
Скарэкціраваць харчаванне. У гарачае надвор’е трэба аддаць перавагу гародніне і фруктам. Ад вельмі тлустай і салёнай ежы пажадана адмовіцца. Акрамя таго, у спякоту ўзнікае рызыка ўзнікнення харчовых атручванняў. Каб абараніць сябе ад вострых кішачных інфекцый, ежу неабходна старанна тэрмічна апрацоўваць. Нельга пакідаць стравы пры пакаёвай тэмпературы больш чым на 2 гадзіны. Не патрэбна яе доўга захоўваць у халадзільніку. Купляць трэба толькі свежыя і цэлыя фрукты і агародніну. Мыць іх патрэбна кіпячонай ці бутыліраванай вадой.
Не забывайцеся пра асабістую гігіену. У спякоту так хочацца акунуцца ў халодную ваду ці прыняць ледзяны душ. Аднак менавіта гэтага рабіць не трэба. Рэзкі тэмпературны кантраст можа справакаваць спазм сасудаў і выклікаць праблемы з сэрцам, а пераахалоджванне — прывесці да прастуды і нават пнеўманіі.
Разумна выкарыстовайце кандыцыянер. Ён дазваляе ствараць прыемную прахалоду, аднак, каб не было рэзкага перападу тэмператур пры выхадзе на вуліцу, тэмпературу ў памяшканні трэба ўстанаўліваць не намнога ніжэйшую, чым знадворку (аптымальная розніца 4-5 градусаў). Кандыцыянер павінен знаходзіцца на адлегласці 2-3 м ад чалавека і размяшчацца так, каб не было скразняку, інакш гэтая добрая тэхніка можа стаць прычынай абвастрэння хранічных лёгачных захворванняў, а таксама ўзнікнення ВРЗ.
Ірына АСТРОЎСКАЯ, урач-валеолаг Жабінкаўскай ЦРБ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Бярэм пива и на возера з прывабными дзяучынами!!! А то урач шмат Параиу

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top