Будуць новыя правілы палявання і рыбалоўства

Будуць новыя правілы палявання і рыбалоўства

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе выключыць усе магчымасці для правапарушэнняў у нормах новых правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Аб гэтым ён заявіў 30 ліпеня на нарадзе аб удасканаленні правіл. «Правілы павінны быць аднастайныя для ўсіх, выразныя і зразумелыя, не пакідаць пралазу для нячыстых на руку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтых мэтах па яго даручэнню было арганізавана грамадскае абмеркаванне правіл. Ён падкрэсліў, што сёння трэба дэталёва разгледзець вынікі гэтага абмеркавання і прапанаваць людзям такія, якія найбольш адпавядалі б сучасным патрабаванням, што прад’яўляюцца да паляўнічагаспадарчай і рыбалоўнай дзейнасці, садзейнічалі павышэнню яе эфектыўнасці, папярэджанню парушэнняў у гэтай сферы і найбольш поўна ўлічвалі пажаданні радавых паляўнічых і рыбаловаў, зрабілі б гэты від адпачынку і турызму масавым і даступным. «Гэта значыць усё, што мы сёння прымем, у асноўным ідзе ад саміх паляўнічых, рыбаловаў і ў цэлым нашага грамадства», — адзначыў Прэзідэнт.
«Мы ні ў якім разе новымі правіламі не павінны нанесці шкоду дзяржаве і забараніць людзям займацца гэтымі відамі дзейнасці. Але кожнаму чалавеку трэба разумець, што, калі мы пачнём страляць усіх і ўсё, лавіць электравудачкамі, сеткамі і іншымі прыстасаваннямі ўсё, што варушыцца ў вадаёмах, праз два гады ні ў лясах, ні ў вадаёмах нічога не застанецца», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гэты від дзейнасці не з’яўляецца найпершай неабходнасцю для жыццядзейнасці чалавека, а як забава і адпачынак, а таму за гэта трэба плаціць як паляўнічым, так і рыбаловам.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў весці вельмі строгі кантроль за развядзеннем жывёл і нагадаў, што ў гэтых мэтах былі прыняты дзяржаўныя праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці да 2015 года. Ён заўважыў, што ў той жа час, напрыклад, у рыбалоўнай гаспадарцы не ўсё паспяхова: заданні па лоўлі рыбы з прыродных вадаёмаў не выконваюцца, у тым ліку Віцебскім, Брэсцкім, Магілёўскім аблвыканкамамі і арганізацыямі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, шмат скаргаў з месц на безгаспадарчасць, іншыя недахопы на арандаваных вадаёмах. «Наогул павінен сказаць, што ролі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у працэсах навядзення парадку і развіцця рыбалоўства да гэтага часу не відаць», — канстатаваў Прэзідэнт.
«Але што насцярожвае больш за ўсё, дык гэта браканьерства і іншыя злачынствы ў гэтай сферы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт вельмі абураны пэўнай інертнасцю праваахоўнікаў у гэтай сферы. «Мяркуйце самі. Першая рэдакцыя правіл была прынята ў 2005 годзе. За гэты час у іх дзесяць разоў уносіліся змяненні. І, нягледзячы на ўсе гэтыя так званыя ўдасканаленні, у некаторых службовых асоб, адказных за названую сферу, хапае смеласці гаварыць аб недахопах дзеючага заканадаўства, якія даюць магчымасць парушальнікам ухіляцца ад адказнасці. Дык вы ж стваралі гэтыя правілы, дзесяць разоў іх змянялі, і ўсё роўна вам чагосьці не хапае», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Мы павінны выйсці на прыняцце нармальных рашэнняў. Ніякага згодніцтва, толькі дзяржаўны падыход», — падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных на нарадзе.
Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы далажыў на нарадзе аб шэрагу навацый, якія прапануецца замацаваць у новай рэдакцыі правіл. Яны дадуць магчымасць спрасціць успрыманне і прымяненне адпаведных норм, а таксама максімальна выключыць прававыя прабелы. Уводзяцца розныя меры рэгулявання, накіраваныя на недапушчэнне выпадкаў злоўжывання ў сферы палявання і рыбалоўства.

У прыватнасці, па прапанове Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выкладзены ў новай рэдакцыі тэрмін «паляванне». Існуючая трактоўка гэтага тэрміна і адсутнасць строгай рэгламентацыі перамяшчэння паляўнічай зброі нярэдка даюць магчымасць парушальніку пазбегнуць адказнасці. Часта пры правядзенні палявых кантрольных мерапрыемстваў у лясах выяўляецца наяўнасць у грамадзян зброі без пуцёўкі на права палявання.  Яны тлумачаць, што проста адпачываюць, хоць на самай справе высочваюць жывёл з мэтай іх здабычы. «Свабоднае перамяшчэнне грамадзянамі паляўнічай зброі будзе дазволена толькі на дарогах агульнага карыстання», — адзначыў Міхаіл Русы.
Адначасова прапануецца спрасціць працэдуру набыцця паляўнічых пуцёвак. Прадугледжваецца іх рэалізацыя праз спецыялізаваную інфармацыйную сістэму ў сетцы інтэрнэт, якая распрацавана Міністэрствам лясной гаспадаркі і цяпер праходзіць апрабацыю.
Прыменены адзіныя падыходы да вядзення паляўнічых гаспадарак і палявання ўсімі карыстальнікамі паляўнічых угоддзяў, незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці.
Для выключэння карупцыйных рызык прапануецца ўвесці забарону на прадастаўленне фізічным і юрыдычным асобам дадатковых, не прадугледжаных праектам указа правоў, звязаных з паляваннем і карыстаннем паляўнічымі ўгоддзямі, пры аказанні імі дапамогі гэтым паляўнічым угоддзям. Вакол гэтай прапановы на нарадзе разгарнулася шырокая дыскусія. Яна таксама была неадназначна ўспрынята прадстаўнікамі грамадскасці на этапе публічнага абмеркавання новых правіл. Размова ідзе аб тым, каб паляўнічыя, якія дапамагаюць паляўнічай гаспадарцы, удзельнічаюць у яе дзейнасці, маглі атрымаць пэўную скідку на права здабычы таго ці іншага звера.
У выніку бакі сышліся на тым, што карысць ад работы паляўнічых калектываў безумоўна ёсць, але членства ў іх павінна быць толькі добраахвотным. А каб выключыць злоўжыванні, дамовіліся, што кошт дазволу на здабычу звера для членаў калектыву павінен быць не ніжэйшы за ўстаноўленае дзяржавай мінімальнае значэнне.
Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў прапанаваную норму аб правядзенні акрэдытацыі паляўнічых гаспадарак. Асабліва падкрэсліў, што ў гэтым працэсе недапушчальна карупцыя і да яго павінны быць падключаны добрыя спецыялісты.
«Што датычыцца зброі, я абсалютна згодны. Прыйшоў у паляўнічую гаспадарку са зброяй — усё, ты прыйшоў з мэтай палявання. Можна сёння паляваць або нельга, ёсць у цябе дакументы ці не? Гэта ўжо наступнае пытанне», — сказаў Прэзідэнт.
Адначасова Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб усе палажэнні новай рэдакцыі правіл былі дакладнымі і адназначнымі, без дваякага тлумачэння.
Паводле слоў Міхаіла Русага, правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства таксама аптымізаваны ў частцы гарманізацыі інтарэсаў прамысловага асваення рыбалоўных запасаў і аматарскага рыбалоўства. У гэтай сферы плануецца спрасціць працэдуру прадастаўлення рыбалоўных угоддзяў у арэнду на новы тэрмін для ўжо дзеючых арандатараў, узмацніць патрабаванні да асваення ўстаноўленых квот пры вядзенні прамысловага рыбалоўства. Акрамя таго, будуць узмоцнены патрабаванні да стварэння належных умоў пры арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства.
Шэраг прапаноў унеслі і прысутныя на нарадзе кіраўнікі абласцей.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у максімальныя сціслыя тэрміны дапрацаваць праект адпаведнага ўказа.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top