Дапамогуць вызначыцца  з прадукцыяй

Цяпер ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” будзе знаёміць са сваёй прадукцыяй жыхароў і гасцей сталіцы. 1 жніўня ў Мінску адчыніў свае дзверы магазін прадпрыемства “Аб’ект гандлю па ўзорах”. Вызначыцца з патрэбным відам камбікармоў і зрабіць пэўны заказ спажыўцам дапамогуць інфармацыйна-рэкламныя буклеты і ўзоры прадукцыі, якія будуць выстаўлены прама ў магазіне. У жніўні прадпрыемства плануе адкрыць яшчэ адну гандлёвую кропку і ў нашым раёне. На гэты раз у аграгарадку Азяты.

Мэта — павялічыць аб’ёмы паслуг

За першае паўгоддзе 2013 года аб’ём бытавых паслуг Жабінкаўскага РКБА выкананы на суму 1 млрд. 186,3 млн. руб. У параўнанні з мінулагоднім перыядам ён склаў 138,1%. Кіраўніцтва прадпрыемства клапоціцца таксама, каб пашырыць паслугі, разнастаіць іх віды. За гэты час у камбінаце з’явілася новая пральная машына “Вязьма”, з дапамогай якой палепшылася якасць мыцця бялізны, павялічылася яе колькасць. Набыты генератар для рэзкі абліцовачнай пліткі, які дазваляе хутчэй выконваць работы па яе ўкладцы. Бытавікі лічаць, што куплены дзіцячы батут будзе таксама вельмі дарэчы. Ён дасць магчымасць радаваць маленькіх жыхароў горада на гарадскіх святах.

Свята вёскі Вярхі

28 ліпеня прайшло свята вёскі Вярхі. На ім ушаноўвалі старэйшых жыхароў паселішча Ніну Краўчэню і Уладзіміра Юрака, сямейную пару Рамана і Надзею Захарэвічаў, шматдзетную маці Аляксандру Кот, якая выхоўвае 9 дзяцей, самую юную жыхарку Юлію Марчук і народных умельцаў. Сваімі песнямі парадавалі жыхароў і гасцей вёскі Любоў Сыч і Лідзія Лукашэвіч. Для вяскоўцаў розных узростаў была арганізавана конкурсна-гульнёвая праграма. Завяршыла свята вячэрняя дыскатэка “Вёсачка мая”.

Родам з Хмелева

Напрыканцы ліпеня з пачэснай місіяй наведаў Жабінкаўшчыну намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “Гідраэлектрамантаж” (г.Нарыльск, Расійская Федэрацыя) В.Б.Андрэйчаў. Для Валерыя Барысавіча наша зямля зусім не чужая: тут, у Хмелеве, ён нарадзіўся вясной 1947 года, тут асірацеў шасцігадовым хлопчыкам, калі ў вялікім пажары загінула маці Яўгенія Андрэеўна (1908-1953). Дзесяць гадоў таму разам са старэйшымі братам Уладзімірам Андрэйчавым і сястрой Нэлі Стаднік ён упершыню вярнуўся “на той пагост, дзе маміна магіла”, каб паставіць побач са Спаса-Праабражэнскай царквой помнік па матулі. Тады ж абяцаў прывезці пакланіцца святому для іх сям’і месцу малодшага сына Валерыя. Цяпер 12-гадовы хлопчык з хваляваннем наведаў мясціны знішчэння “ўсходнікаў” у Жыціні і Жабінцы. Апошняя ледзь не стала месцам гібелі яго сям’і восенню 1942 года. Хоць Яўгеніі Андрэйчавай з дзецьмі пашчасціла збегчы перад расстрэлам, яны значацца ў пасляваенных спісах замардаваных фашыстамі. Больш падрабязна “Сельская праўда” раскажа пра сям’ю Андрэйчавых у бліжэйшы час.

Каб пазбегнуць крадзяжоў

З 5 да 15 жніўня на тэрыторыі раёна будзе праводзіцца комплекс першачарговых практычных мераў, накіраваных на бяспеку пажылых людзей. Аналіз крымінагеннай абстаноўкі сведчыць пра тое, што ў краіне з пачатку года ў параўнанні з леташнім перыядам назіраецца павелічэнне злачынстваў, здзейсненых у адносінах гэтай катэгорыі грамадзян. У асноўным тых, якія жывуць адны. Злодзеі ўваходзяць у давер састарэлых, іншы раз, каб адцягнуць увагу, прапаноўваюць паслугі сацыяльнага забеспячэння і інш. У выніку — знікаюць грашовыя зберажэнні, прадукты харчавання, каштоўныя рэчы. Сярод махляроў вельмі часта сустракаюцца жанчыны цыганскай знешнасці.
Каб пазбегнуць крадзяжоў асабістай маёмасці, супрацоўнікі міліцыі, у прыватнасці, рэкамендуюць устанавіць у кватэры сігналізацыю з вывадам на пульт дэпартамента “Аховы”, захоўваць буйныя сумы грошай і ювелірныя вырабы ў ашчадных банках, не быць вельмі даверлівымі, упускаючы ў дом незнаёмых людзей. Калі ў вас праблемы, званіце на “гарачую лінію” 102, 2-12-76, 2-20-96, (8029)687-86-64 (Vel), (8029)823-50-30. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца. Кожны дзень кіраўніцтвам РАУС будзе праводзіцца прыём грамадзян.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top