Яго пазіцыя — адказнасць і актыўнасць

Яго пазіцыя — адказнасць і актыўнасць


У дзяцінстве Андрэй любіў бегаць з сябрамі на чыгунку, сачыць, як праносяцца праз станцыю хуткія цягнікі. Тады ён яшчэ не ведаў, што служба пуці стане для яго прафесійнай справай. Малады і актыўны Андрэй Гінь зараз займае пасаду інжынера па расшыфроўцы на ўчастку дэфектаскапіі. Добрымі словамі пра яго дзейнасць адгукаецца кіраўніцтва Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, заслугі спецыяліста адзначыў сёлета Падзякай начальнік Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Маці Андрэя была вельмі здзіўлена, калі хлопец вырашыў пайсці вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту. Стаць пуцевіком — значыць аддаць сябе цяжкай фізічнай справе. Але ж Андрэя праца не пужала. Каледж ён закончыў на выдатна. А ў 2001 годзе вярнуўся на маленькую радзіму — працаваць манцёрам пуці. У маладога спецыяліста адразу заўважылі патэнцыял. Яму даручалі працаваць на падмене аператара лінейнага прадпрыемства, задзейнічалі ў грамадскім жыцці.
Энтузіязм і жаданне спасцігаць новыя веды і прафесіі паклікалі хлопца завочна атрымаць яшчэ і вышэйшую адукацыю. Паступіў Андрэй у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на спецыяльнасць эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве. Праз год хлопца прызвалі на службу ў армію. Пакуль у Жабінцы не расфарміравалі пажарную каманду, нёс службу тут, астатнія паўгода правёў у мотастралковых войсках у Гродне.
Паўтары гады праляцелі хутка, і Андрэй зноў вярнуўся да сваіх пуцявых абавязкаў. Аднак доўга працаваць манцёрам яму не давялося, паклікалі новыя гарызонты…
Цікавіла Андрэя Мікалаевіча кадравая работа, якая дапамагла пазнаёміцца з многімі людзьмі. Аднак і гэта прафесійная сцежка была для яго толькі часовай. Асноўнай стала работа інжынера ў рысшыфроўцы на ўчастку дэфектаскапіі. На гэтым участку працуе 36 работнікаў, з іх 31 — аператары дэфектаскопных цялежак. Яны, можна сказаць, сканіруюць рэйкі, праслухваюць іх на наяўнасць скрытых дэфектаў, трэшчын. Так аператары праходзяць 5-10 кіламетраў. Потым ультрагукавы запіс з дэфектаскопных цялежак у электронным варыянце трапляе да інжынераў па расшыфроўцы дэфектаграм — Андрэя Гіня і яго напарніка Юрыя Лабадзінскага. Яны з дапамогай праграмы, якая апрацоўвае сігнал, займаюцца пошукам патэнцыяльна небяспечных месцаў на рэйках.
— Каардынаты дэфектаў, якія нам давялося выявіць, перадаюцца аператарам па другаснаму кантролю. Яны дэталёва аглядаюць небяспечнае месца і праводзяць адпаведныя работы ў замене рэек ці пастаноўцы іх на далейшы кантроль. Уся інфармацыя аб аглядзе і выяўленых дэфектах заносіцца на графікі і захоўваецца ў базе дадзеных, — тлумачыў тэхналогію сваёй справы Андрэй Гінь. — Пад кантролем нашай дыстанцыі пуці ўчасткі дарогі ў напрамках Брэст-Лунінец і электрыфікаваны ўчас-так — Брэст-Баранавічы. Значыць даследаваць нашай службе трэба не адну сотню кіламетраў дарогі…
Праца гэта адказная. Ад сумеснай дзейнасці ўсіх дэфектаскапістаў залежыць бяспека руху цягнікоў і іх пасажыраў. Андрэй прызнаецца, што нават калі ён адпачывае, яго не пакідаюць думкі аб рабоце, хвалюецца інжынер, ці ўсе дэфекты былі ўхілены, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў.
Заўсёды прыемна размаўляць з чалавекам, які не толькі прафесіянал сваёй справы, але развіты рознабакова, мае актыўную жыццёвую пазіцыю, камунікабельны і ветлівы. Менавіта такое ўражанне засталося пасля гутаркі з Андрэем. З першых дзён у дыстанцыі пуці ён абараняў гонар сваёй арганізацыі на розных спаборніцтвах, быў ў камандзе вясёлых і знаходлівых, не раз каманда дыстанцыі, у якой удзельнічаў хлопец, атрымлівала кубкі ў першынствах сярод брэсцкіх аддзяленняў Беларускай чыгункі ў пажарным спорце, без яго не абыходзіліся турзлёты. Праца і зараз не перашкаджае яму разам з калегамі гуляць у міні-футбол і хакей, быць намеснікам старшыні пярвічкі “БРСМ” у арганізацыі, узначальваць добраахвотную народную дружыну. Разам з супрацоўнікам міліцыі Андрэй сочыць за тым, каб не ўчыняліся правапарушэнні на чыгуначнай станцыі і ў цягніках.
Але ж самае галоўнае — гэта сям’я. Андрэю ў гэтым плане вельмі пашчасціла. Разам з жонкай Таццянай, якая працуе на цукровым заводзе, у ладзе і згодзе жывуць яны ўжо 7 гадоў. Іх сын Мікіта сёлета ідзе ў першы клас. Сям’я Гінь займаецца будаўніцтвам свайго дома, а ўвесь вольны час праводзіць разам.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top