Два дня, што амаладзілі сяло

Два дня, што амаладзілі сяло


РАНЕЙ У НАШАЙ МОВЕ ніколі не блыталі тэрміны “вёска” і “сяло”. Апошнім словам называлася не проста вялікае сялянскае паселішча, але менавіта тое, дзе месцілася царква. У гэтым сэнсе наша Здзітава — унікальны населены пункт: горды “тытул” сяла яно носіць вось ужо 510 гадоў!
Старажытнасць дасюль накладвае адметнасці на жыццё Здзітава і здзітаўцаў. Яна, бы магніт, прыцягвае на ўзбярэжжа Мухаўца шматлікіх гасцей блізкіх і дальніх. Пра тое ведаюць не толькі гаспадар аграсядзібы “Рачная” Генадзь Турыцын або кіраўнік міні-тэатра песні і гумару “Спявай, душа” Леанід Батура. У гэтым мог пераканацца кожны, хто пабываў у Здзітаве напрыканцы ліпеня. У апошнюю суботу месяца культработнікі арганізавалі для жыхароў песеннае свята “Вёсачка мая”, а ў наступны дзень паблізу старадаўняга Свята-Мікітаўскага храма гучалі царкоўныя званы ды іншыя спевы — біблейскія.
27 ЛІПЕНЯ, СУБОТА. У ролі завадатараў і вясёлага “рухавіка” дня вёскі Здзітава — артысты з Крыўлянаў. Міні-тэатр песні і гумару паклапаціўся, каб песень і гумару на свяце было максімальна! Крыўлянцы неслі здзітаўцам падарункі, самыя каштоўныя з іх — выдатны адпачынак і добры настрой. Ганна Пілінкевіч і Таццяна Краснянская ў вобразах гаваркіх вясковых суседак, дасціпных ды вострых на язык, шчодра, быццам зерне ў раллю, сыпалі народныя жарты, гарэзліва танцавалі, спявалі квартэтам з Леанідам Батурам і Сяргеем Паўловічам, падтрымлівалі сольнае выступленне Пятра Ражбіцкага.
Шчырыя віншаванні са святам здзітаўцам — з вуснаў старшыні Жабінкаўскага сельвыканкама Галіны Акуліч. Перад канцэртам аглядалі падворкі Здзітава-сяла, вырашылі, што найлепшы ў Станіслава і Людмілы Лойкуцаў, не абмінулі, вядома, і хату народнай умеліцы Марыі Аўсянік, чые вышыўкі не аднойчы ўпрыгожвалі вясковыя і раённыя выстаўкі.
Душэўныя песні “Мамо мая” і “Пад акном шырокім” гучалі ў гонар найстарэйшай жыхаркі Ганны Рагажынскай і яе “трохі маладзейшых” сябровак — 80-гадовай Ганны Батуля і 70-гадовай Любові Васілюк.
Не застаўся без падарунка і наймалодшы здзітавец Уладзік Міхневіч, якому ўсяго тры тыдні. Акрамя сям’і Міхневічаў, дзе гадуюцца пяцёра хлопцаў, згадалі іншых шматдзетных — Дземчукоў, Бялецкіх, Максімчукоў. А ўсім здзітаўцам без выключэння пажадалі:
Каб у вас вяліся куры
                              ды авечкі,
Абы ўсе жылі як чалавечкі!
Не забыліся артысты сказаць дзякуй і фундатарам вясковага свята — дырэктару ААТ “Жабінкаўскі” Аляксандру Тарасевічу і галоўнаму эканамісту гаспадаркі Віктару Валасюку.
28 ЛІПЕНЯ, НЯДЗЕЛЯ. На дзівоснапрыгожае ўзбярэжжа Мухаўца, да старажытнай Свята-Мікітаўскай царквы, заснаванай у 1502 годзе, хвалямі сцякаліся вернікі. Тут адбывалася святочная літургія ў гонар 1025-ай гадавіны Хрышчэння Русі.
Маленькі храм, бы чаша, напоўнены пад час службы вернікамі. Яны наведалі свой Божы Дом, каб падзяліць радасць царкоўнага свята і памаліцца за здароўе родных, запаліць свечы за жывых і памерлых. У спякотны ліпеньскі дзень шмат людзей са свяшчэннікам прайшлі крыжовай дарогай уздоўж сцен храма да ўзбярэжжа Мухаўца. Хвалі ракі ў час святочнай літургіі ўпадабаліся іарданс-кай вадзе, здольнай прынесці чалавеку ачышчэнне.
Настаяцель храма протаіерэй Стэфан Гапанюк павіншаваў прыхаджан са светлым святам, прыгадаў той далёкі 988 год, калі вялікі князь Уладзімір Святаславіч вырашыў зрабіць свой народ хрысціянскім і прывёў кіян да велічнай ракі — Дняпра Славуціча, што яднае сваімі водамі ўкраінскі, беларускі і рускі народы.
У той дзень нашы прашчуры прынялі крыж ад грэчаскіх праваслаўных святароў, таму 28 ліпеня з удзячнасцю згадваецца імя Святога Роўнаапостальскага князя Уладзіміра Хрысціцеля. Дзякуючы ягонай дзейнасці святло веры запалілася на нашай зямлі і падтрымліваецца дасюль у такіх храмах, як Свята-Мікітаўская царква ў Здзітаве.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: пад час свята  вёскі Здзітава;
царкоўныя ўрачыстасці прайшлі ў мясцовым храме з нагоды 1025-годдзя Хрышчэння Русі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top