Гэтая зямля прытулак дала

Гэтая зямля прытулак дала

Ёсць нямала на Жабінкаўшчыне сем’яў, што знайшлі тут сваю другую радзіму. Працуюць аддана — ёй на карысць, гадуюць сабе на радасць дзетак. Гэта ў поўнай меры адносіцца да Галіны Яўгенаўны і Васіля Васільевіча Арышчукоў, што неўзабаве адсвяткуюць сваё сярэбранае вяселле.

Пра іх добра адзываецца сельскі стараста вёскі Пруск Антон Антонавіч Жыгман. Да слоў ягоных нельга не прыслухацца, калі бачыш на ўласныя вочы, што ў хаце лад.
Зараз Арышчукі жывуць у Пруску, а біяграфію сваю пачыналі ва Украіне, у суседняй Валынскай вобласці.
Родная вёска Галі носіць кароткае, ды гордае імя — Тур. Мабыць, калісьці вадзіўся ў яе лясных наваколлях гэты магутны звер — гаспадар непралазных гушчароў. А з часам і людзі там абжыліся. І з’явілася ў іх не “мода” (слова такога раней не чулі), а правіла — калі звер тур вымер, дык тураўцам жыць і жыць, а дзеля гэтага сем’і павінны быць вялікімі і дружнымі. Зінчукі (а такое прозвішча мела Галіна ў дзявоцтве) выключэннем з таго правіла не сталі. У яе бацькоў Настассі Аксенцьеўны і Яўгена Савіча нарадзілася пяцёра: хлопчыкаў пара ды дзяўчынак трошкі больш. Галя між імі “ўладкавалася” ў “залатой” сярэдзіне. З маленства магла і ў хаце прыбрацца, і на ферме бацькам дапамагчы. Але ж жыццё напрыканцы мінулага стагоддзя ў роднай Валыні было няпростым, пачала ўсё часцей задумвацца, каб ад бацькоўскага парога пайсці шчасце шукаць.
Тады і не ведала — побач яно, зусім недалёка зачакалася… Васіль быў першанцам у шматдзетнай сям’і Васіля Філімонавіча і Вольгі Трафімаўны Арышчукоў, паходзіў з вялікай украінскай вёскі Самары, адкуль многія перасяліліся ў Беларусь. Пасля войска хлопец паступіў у Новавалынскі тэхнікум гідрамеліярацыі.
У той самы час і ў тым самым месцы ў вучылішчы тэкстыльнай прамысловасці вучылася і Галя Зінчук. Аднак гэта толькі ў серыялах маладым проста сустрэцца. А нашы героі тады не спаткаліся.
Яна вярнулася ў родны Тур на працу. У гэтую вёску размеркаваўся і Васіль, уладкаваўся інжынерам-гідратэхнікам, а потым яшчэ і аграхімікам.
Нарэшце, улетку 1989 года маладыя сустрэліся, як звычайна — на дыскатэцы, паўгода сябравалі, а потым і шлюбам пабраліся. Што прывабіла дзяўчыну? Адчула —  надзейны і працавіты чалавек побач, такі за сям’ю будзе трымацца як за галоўную каштоўнасць. Да таго ж і ён быў са шматдзетнага роду, а гэта толькі тураўскае “правіла” падмацоўвала.
Аднак, як жа сям’я трапіла ў Жабінкаўскі раён? Спачатку сюды перабралася Галіна сяброўка ды Васілёва сваячка Святлана Арышчук. Яна, маці чатырох малых дзяцей, і паклікала: “Прыязджайце, агледзецеся, карані пусціце. У Беларусі працоўнаму чалавеку і шматдзетнай сям’і заўжды радыя!”
У той час (а быў жнівень 1999-га) у Васіля Васільевіча і Галіны Яўгенаўны было ўжо і сваіх чацвёра.
Сярод іншых месцаў якаўчыцкая зямля прыйшлася вялікай сям’і бліжэй да сэрца. На першую пару атрымалі ад гаспадаркі домік, ды марылі займець уласны, каб было ўтульна вялікай сям’і.
Дзеці, вядома, нярэдка выбіраюць дарогі, раней бацькамі пракладзеныя. Вось і старэйшая дачка Юлія зацікавілася, як некалі маці, шыццём. Пасля вучылішча ў Брэсце стала закройшчыцай адзення, цяпер уладкавалася на працу ў кобрынскую фірму “Юнона”. А сын Уладзімір вучыцца ў чыгуначным ліцэі ў Брэсце, каб стаць правадніком. Бачыў з маленства бацькаў прыклад (Васіль Васільевіч працуе на чыгунцы). 20-гадовы сын Віталь пайшоў у жыцці іншым шляхам: у Кобрыне атрымаў будаўнічую спецыяльнасць, але ў Брэсце ўладкаваўся на мэблевую фабрыку. Хутка і Мішу, які ў наступным годзе заканчвае Якаўчыцкую адзінаццацігодку, прыйдзе пара выбіраць сваю жыццёвую дарогу. Сын радуе бацькоў сваёй працавітасцю і стараннасцю.
Галіна Яўгенаўна гаворыць:
— Для нас, як для бацькоў, усе дзеткі добрыя. Часам тэлефаную да майстрыхі, пытаюся пра Юліны справы, або вітаюся з настаўнікамі, каб даведацца, ці Мішка не надта сваволіць? І, шчыра кажу, іх добрыя водгукі пра дзяцей сэрца грэюць. Хто ведае, як далей усё будзе, ды мы з Васем спадзяёмся, што будуць яны добрымі людзьмі.
Маці ўважліва слухае і да яе туліцца наймалодшая Аленачка. Сваімі яснымі вочкамі пазірае навокал чатырохгадовы чалавечак. Дзяўчынка нарадзілася ўжо ў Пруску, цяпер гуляе ў вялікім утульным доме.
Гаспадар расказвае, як у Дзень сям’і параіліся з дзецьмі і вырашылі купіць гэтую хату, каб была свая. Параіў гэта зрабіць стараста суседняй вёскі Вялікія Якаўчыцы Васіль Веніямінавіч Кузьмін. Дзяржава на тое выдаткавала шматдзетнай сям’і льготны крэдыт, які і выплачваюць без вялікай цяжкасці ўжо сёмы год. Гэтая істотная дапамога, лічаць Арышчукі, вельмі дарэчы. Бо няма нічога ў жыцці больш важнага, чым сваё гняздзечка, звітае дзеля згоды і кахання.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Галіна і Васіль Арышчукі з дачкой Аленай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top