«Где, Купала, ночевала?»

«Где, Купала, ночевала?»

Купала, або Купалле, — адно з найстаражытных каляндарна-абрадавых святаў, што спраўляецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня, у час летняга сонцастаяння, і калісьці было звязана з культам сонца, агню, вады, расліннасці. Яно ўжо даўно, ва ўсялякім разе для большасці людзей, страціла свой сакральны сэнс, перастала быць перыядам магічных дзействаў і заклінанняў. Сёння наўрад ці хто вывесіць кашулю хворага каля купальскага вогнішча, каб чалавек ачуняў; нікому ў галаву не прыйдзе кідаць у раку ці возера свіны кумпяк, каб задобрыць вадзянога ўладара; зусім неабавязкова дазваляць сабе інтымныя вольнасці, права на якія, аж да “умыкаше жены тры”, давалася толькі ў гэтую ноч (у эпоху сексуальных рэвалюцый такіх “вольнасцей” хоць адбаўляй круглы год); не пойдуць дзяўчаты і зрываць зубамі каташкі трыпутніку на ростанях, каб потым прысніўся наканаваны жаніх… Зараз можна толькі міла пасміхнуцца з усіх былых забабонаў, што замяніліся простым дэвізам: красуй, прырода, весяліся, народ!
А што істотнае засталося ў купаллях? Радасць яднання з адвечнай прыгажосцю зямлі, прыемная магчымасць пабыць у вялікім людскім гурце, маладым — набыць новых сяброў, а то і сустрэць сваё каханне, паўдзельнічаць у гульнях і забавах, паслухаць песні сваіх продкаў, дакрануцца да іхняй багатай светапогляднай фантазіі. Засталося, і зусім не ўскосна, імя геніяльнага рамантыка Янкі Купалы, чый дзень (ноч) нараджэння — 7 ліпеня, хто, пачаўшы пісаць па-польску пад сапраўдным прозвішчам Іван Луцкевіч, узяў сабе такі псеўданім, каб падкрэсліць не толькі час свайго з’яўлення на свет, а і еднасць з родным народам і ягонай культурай. Дый засталася крыніца паэзіі для цяперашніх аматараў мастацкага слова. Ці не нагадваюць, скажам, наступныя радкі малюнак нараджэння купальскага сонца?
Я вымыўся сёння ў настоеных росах
і выцерся хмаркай — льняным ручніком:
на ім вецер сонца з-за лесу выносіў,
ажно верх яліны заняўся дымком…
Шмат чаго вабнага засталося ад старажытнага свята! Таму і не сыходзіць яно ў нябыт, збірае тысячы людзей у вельмі многіх кутках Беларусі, у тым ліку здаўна і штогод — у Жабінцы. Сёлета арганізатары святкавання ў гарадскім парку над азярцом інсцэніраванае відовішча наблізілі да беларускай міфалогіі і нацыянальнага фальклору, адсюль каларыстычныя персанажы і вобразы-сімвалы Купалінкі, Папараць-кветкі, Вадзяніка ды іншых, не менш маляўнічыя ўборы самадзейных артыстаў, купальскія вяночкі і карагодныя танцы дзяўчынак з гурта “Каруначкі”.
Свята летняга сонцастаяння — у традыцыі многіх народаў свету, аднак у кожнага народа ёсць свае асаблівасці. Так, грунтоўны “Мифологический словарь” (Москва, “Советская Энциклопедия”, 1990) з яго сусветнай накіраванасцю ў артыкуле “Купала” двойчы спасылаецца на адметнасці рытуалаў і звычаяў беларусаў. Самая ж яркая нацыянальная адметнасць — мова, адных купальскіх песняў на якой сабраны цэлы акадэмічны том. Яна з вуснаў жабінкаўскіх артыстаў гучала зрэдку — у дзвюх песнях ды часам у рэпліках. Дапоўніў іх народны мужчынскі гурт “Сваякі” з Драгічынскага раёна, які, здаецца, мала скараціў сваю праграму з песняў і музыкі, нягледзячы, што добра-такі накрапваў дождж.
Пачыналіся гэтыя нататкі са старажытных вераванняў, а па-сучаснаму забабонаў. Нагадаю прыкмету, якую ну аніяк не хочацца назваць аджылай. Лічыцца: чым вышэйшае полымя купальскага вогнішча, тым больш гонкі збожжавы колас, шчадрэйшы ўраджай. На гэты раз полымя шугала-іскрылася стромка. Так што не грэх паверыць, што і для хлебаробаў, і для ўсіх нас “свяціла ночка агнём, агнём, ішла Купала цяплом, дабром на Йвана Купала” нездарма.
А.КАСКО.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top