Жыццёвы вектар Віктара Міронава

Яго радзіма — Рэспубліка Карэлія. Невялікі шахцёрскі пасёлак Тэдзіна Лоўхскага раёна, які мяжуецца з Фінляндыяй і Мурманскай вобласцю. Бацькі, як і большасць мясцовых жыхароў, здабывалі празрысты мінерал — слюду. А Віктар, які быў трэцім дзіцём у сям’і, выбраў сталічнае жыццё, Маскву, авіяцыйна-тэхналагічны інстытут імя К.Цыялкоўскага. Магчыма, паўплываў на гэта брат Мікалай (цяпер ён працуе на авіяцыйным прадпрыемстве ва Ульянаўску), які быў ужо пасля арміі. Яны вучыліся разам на адным патоку, толькі ў розных групах. Маладога спецыяліста Віктара Міронава размеркавалі ў 1985 годзе ў навукова-даследчы інстытут машынабудавання ў горад Ніжняя Солда, што на Урале. Тры гады быў інжынерам-канструктарам. А затым сямейная пара Дзіяны і Віктара Міронавых едзе ў Беларусь, у Жабінку, на радзіму жонкі. Тут было бацькоўскае жыллё, заставалася толькі знайсці работу.
ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Службовая лесвіца В.Р.Міронава: слесар аддзела галоўнага механіка, вызвалены брыгадзір службы механіка, начальнік змены, намеснік галоўнага інжынера, галоўны механік, галоўны інжынер, генеральны дырэктар.
— Віктар Рыгоравіч, не бянтэжыла вас, што пераезд у Беларусь прымусіў памяняць інжынерную пасаду на рабочую? Прычым, наогул кардынальна змяніць сферу дзейнасці?
— На той момант на цукровым заводзе месца ІТР не было, прапанавалі пайсці слесарам, паабяцалі далейшую перспектыву. Зразумела, пачынаць давялося з нуля. Хоць сам па адукацыі інжынер-механік, але ад цукровай вытворчасці быў далёка. У асноўным тэхналогію вывучыў, калі сем лет быў начальнікам змены. Потым, у 1998 годзе два месяцы стажыраваўся ў Германіі. Гэта для маёй далейшай работы было добрым зачынам. Убачыў там сучасную еўрапейскую вытворчасць, чаго так не хапала нам, зразумеў таксама да якой планкі трэба імкнуцца.
Напачатку, магчыма, і былі нейкія ваганні, але скажу, што работа захапіла. Сёння і думкі такой нават няма, што не той дарогай пайшоў. Не ўсім жа самалёты будаваць.
— Камусьці трэба і цукар варыць…
— І гэта, лічу не меней важна. Дарэчы, маю зносіны з аднакурснікамі. Ведаеце, у авіяцыі засталіся сёння адзінкі. Нехта ва ўласны бізнес падаўся. Мой сябра, разам у групе вучыліся, цяпер працуе ў Маскве выпускаючым інжынерам на тэлеканале “Культура”. Яшчэ цікавей чым мяне лёс развярнуў, я хоць нейкія адносіны да жалеза маю. Без перабольшвання скажу, што на заводзе работа вельмі жывая, цікавая. І калектыў цудоўны.
— 25 гадоў вы на заводзе. Расло прадпрыемства. Павялічваліся яго магутнасці, прадукцыйнасць працы, аб’ёмы вытворчасці. Якія прыярытэты былі напачатку, якія цяпер?
— Асабліва яны і не змяніліся. Заўжды на першым плане была якасць прадукцыі. Павялічвалі прадукцыйнасць — за гэтым заўжды стаяла захаванне тэхналагічных рэжымаў. Каб атрымаць добры вынік, сачылі за паказчыкамі выхаду цукру, эканоміяй паліўна-энергетычных рэсурсаў. Проста планку штораз ставілі ўсё вышэй і вышэй.
Памятаю, калі прыйшоў на завод, выходзілі на сутачную перапрацоўку буракоў у 3 тысячы тон. А якой “крывёй” прырасталі па 100 тон. Цяпер ужо нікога 8600 не здзіўляе. А галоўная задача на бліжэйшую перспектыву — выйсці на 10 тысяч тон у суткі.
Сёння вельмі важна ўмець працаваць з сучаснай тэхнікай. Кіраваць вытворчым працэсам можна з аднаго месца. Каб быць кваліфікаваным аператарам, за плячамі патрэбен мінімум тэхнікум.
Надышоў час думаць і пра абсталяванне, яго аднаўленне. Нядаўна закончылі замену высакавольтных ячэек, іншых прыстасаванняў на ЦЭЦ. Гэтую работу выконвалі на працягу чатырох гадоў, патрацілі больш чым 10 мільярдаў рублёў уласных сродкаў. Але справа таго вартая: энергетычная бяспека забяспечана. Інакш у любы момант гэтае абсталяванне, якому не адзін дзясятак гадоў, магло выйсці са строю ў сезон перапрацоўкі буракоў. Лічу, што трэба рабіць усё, каб папярэдзіць аварыйнасць. У нас паступова завод становіцца сучасным прадпрыемствам, і не пабаюся сказаць, жабінкаўскія цукравары выходзяць на еўрапейскі ўзровень вытворчасці.
— Віктар Рыгоравіч, 50 гадоў не толькі дырэктару, але ў снежні і заводу будзе 50. Ці вядзецца падрыхтоўка да юбілею прадпрыемства, і што плануецца?
— На ўрачыстым сходзе ўшануем лепшых работнікаў. Не пакінем без увагі нашых пенсіянераў, ветэранаў завода, якія заклалі аснову таго, што ёсць сёння, навучылі працаваць і сумленна адносіцца да справы, якую выконваеш. Паверце, раўнадушных на прадпрыемстве няма, а тыя, хто трапіў сюды выпадкова, доўга не затрымліваюцца. Да юбілею завода ніякай асаблівай пампезнасці не будзе. Не той час, каб пускаць пыл у вочы.
— А рамонт у канторы да юбілею?
— Ні ў якім разе. Проста праводзім бягучы рамонт, ён наспеў даўно, пара асвяжыць памяшканні, бо з 90-ых гадоў нічога не аднаўлялася. Невялікі касметычны зробім і ў заводскім кафэ. Заўважу, што спачатку заняліся навядзеннем парадку ў бытоўках, гардэробных, каб стварыць нармальныя ўмовы для рабочых. Потым дайшла чарга да кіраўнікоў і інжынерна-тэхнічных работнікаў. Я сказаў, што апошнім будзе рамантавацца дырэктарскі кабінет. Так і паступілі. Цяпер вось “выехаў” з яго ненадоўга. Падрадчыкаў не прыцягвалі, усё выконваюць работнікі нашага будаўнічага цэха.
— Хто дапамагаў, калі ўзвалілі на сябе нялёгкі “дырэктарскі воз”?
— Усе. Так, мяне падтрымлівалі ўсе і ў канторы спецыялісты, і ў заводскіх падраздзяленнях. Было цяжка, шмат чаго я не ведаў. Але побач былі добразычлівыя людзі, гатовыя падказаць, растлумачыць. Разумееце, калектыў “робіць дырэктара”. Які б цудоўны кіраўнік не прыйшоў, калі людзі не падтрымаюць і не будуць натхнёныя адзінай мэтай, станоўчага эфекту чакаць нельга.
— На каго вы можаце разлічваць? Ці ёсць такія спецыялісты, якім даручы — не выканаюць ці выканаюць, ды не так.
— Я б не хацеў некага выдзяляць. Напрыклад, з галоўным тэхнолагам можна параіцца, вырашыць любое пытанне і на прафесійным узроўні прыняць рашэнне. Падабаецца, як працуе галоўны інжынер, намеснікі дырэктара, галоўныя спецыялісты. Словам, усё на сваіх месцах. Некаторых ведаю даўно, іншых сам назначаў на пасады. Калектыў у нас малады, працаздольны. Здараецца ўсялякае, і паломкі, у прыватнасці. Ніхто са спецыялістаў не лічыцца асабістым часам, каб ухіліць непаладкі. Мне, як кіраўніку, прыемна, што для цукравараў завод свой, родны, яны перажываюць за агульную справу. Гэта самае галоўнае, каб была такая атмасфера, каб раніцай хацелася ісці да заводскай прахадной.
— На ваш погляд, Віктар Рыгоравіч, якая галоўная рыса павінна быць у сучаснага кіраўніка?
— Уменне аналізаваць сітуацыю, прымаць рашэнне і выконваць яго. Адрэзак жыцця ўжо пражыты. Безумоўна, сфарміравалася свая пазіцыя, погляды на розныя пытанні. Шкадую, што ніколі нідзе не вучылі, як правільна кіраваць людзьмі. Умела кіраваць. А гэта, аказваецца, цэлая навука. Калі вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на адной з лекцый, якая датычылася гэтай тэмы, адчуў, што некаторыя рэчы я адкрываю для сябе. І ў той жа час упэўніўся, што ў падобных сітуацыях паступаю менавіта так, як прапаноўвалі выкладчыкі. Другая адукацыя ў мяне — эканаміст. Без гэтага на сённяшні дзень нельга. Не хвалюся, што я вялікі эканаміст, але ва ўсялякім выпадку, разумею мову лічбаў, метады эфектыўнага гаспадарання. Магу абмеркаваць гэта з эканамічнай службай прадпрыемства.
— Колькі даводзілася слухаць вашы даклады, справаздачы на розных нарадах, пасяджэннях, у іх заўжды прысутнічае стрыманы тон, пераканаўчае і лагічнае абгрунтаванне. Няма амбіцыёзнасці, непаважлівасці да апанента. Ці я памыляюся, і часам зрываецеся?..
— Стараюся выказваць сваю думку карэктна. Кіраўнік не мае права “выліваць” свае эмоцыі. Падабаецца ці не, абураны ці нечым не задаволены. “Усплёскі” здараюцца, канечне, але імкнуся іх заглушыць…
— І на заводскіх планёрках вы такі ж?
— А хіба ж ёсць у нечым розніца?.. З любой аўдыторыяй ці з суразмоўнікам трэба мець нармальныя зносіны.
— А як вы навучыліся так стрымліваць сябе? Ці гэта рыса характару?
— Я чалавек з Поўначы. Там усе спакойныя. Мама мая была спакойным чалавекам. Родзічы гавораць, што я падобны на яе.
— А як даказваеце сваю правату?
— Аргументамі. Заўжды гатовы выслухаць контраргументы. Калі пераконваюць у нечым, мяняю сваё меркаванне. Лічу: адна галава добра, а 2-3… 10 — яшчэ лепш. На тэхсавеце ў нас прысутнічаюць усе галоўныя спецыялісты, і кожны мае права выказаць сваю думку, няхай нават яна і не супадае з дырэктарскай. А наогул я звычайна сваю пазіцыю агучваю апошнім, каб не “ціснуць” ні на каго.
— Віктар Рыгоравіч, якія рысы характару вы цэніце, якія лічыце зняважлівымі?
— Прыемна мець справу з сумленнымі людзьмі, абавязковымі, якія не кідаюць слоў на вецер. Паабяцаў — зрабі, не атрымліваецца — патлумач чаму. Не люблю лгуноў. Не пераношу п’яніц, а калі п’юць на рабочым месцы — асабліва. У нас на прадпрыемстве тры прычыны, за якія звальняюць — прагул, крадзеж, п’янка. І калі першую нейкім чынам можна апраўдаць, дзве іншыя  — немагчыма.
— Віктар Рыгоравіч, хацелася б пагаварыць з вамі не толькі пра вытворчасць, узаемаадносіны ў калектыве, але ж і пра вас, як чалавека, асобу, нарэшце. У вольны час (зразумела, што яго мала) чым любіце займацца?
— Люблю кнігі чытаць. Але цяпер у асноўным гэта раблю ў дарозе. Стараюся з сям’ёй больш часу праводзіць. Калі атрымліваецца, наведваем тэатр. Абавязкова, хоць раз у год, едзем у Белавежскую пушчу.
— Аддаеце перавагу адпачынку ў адзіноце, ці з сям’ёй?
— Заўжды з сям’ёй. Цяпер дзеці — Наталля і Андрэй — дарослыя, таму з жонкай часцей за ўсё ўдваіх адпачываем.
— Што для вас найперш сям’я?
— Гэта тыя людзі, якія ніколі не падвядуць. З жонкай Дзіянай у наступным годзе тры дзясяткі разам.
— За гэты час і ў нечым падобныя сталі…
— Не без гэтага.
— Якія спецыяльнасці выбралі вашы дзеці?
— Андрэй — інжынер-механік па абсталяванню. У прынцыпе вельмі блізкая спецыяльнасць з маёй. Цяпер працуе інжынерам спадарожнікавай навігацыі на цукровым заводзе. Кантралюе рух транспарту. Парк аўтамабіляў прадпрыемства расце. Каб мінімізаваць расход паліва, стварылі такую службу. І карысць ад гэтага ёсць — за год на 60 т менш расходавалі паліва.
Дачка Наталля — студэнтка тэхнічнага ўніверсітэта, вучыцца на 4-ым курсе эканамічнага факультэта.
— А дзеці ішлі да вас за парадай, калі выбіралі прафесію?
— Раіліся. Прапаноўваў, выказваў сваю думку, тлумачыў, што прафесія цесна “завязваецца” з характарам чалавека. Я за тое, каб дзеці прымалі рашэнне кім стаць самі, таму не “ціснуў” на іх.
— Які падарунак на дзень нараджэння вам больш за ўсё запомніўся?
— Я не надта адзначаю дні нараджэння. Звычайна ў сямейным коле, з калегамі. На падарунках не зацыкліваюся. Але ёсць адзін самы дарагі. Летась, акурат у дзень майго нараджэння, 29 ліпеня, нарадзілася ўнучка Юля. Радуемся першым яе крокам… Жыццё працягваецца.
— Віктар Рыгоравіч, дзякуй за размову, найлепшыя пажаданні з нагоды юбілею, няхай збываюцца вашы планы і будзе больш прыемных момантаў у жыцці.
Гутарыла Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*