У райвыканкаме

У райвыканкаме

Пад кіраўніцтвам М.В.Токара 26 ліпеня прайшло пасяджэнне выканкама.
Абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна і выкананне бюджэту ў першым паўгоддзі 2013 года. Старшыня райвыканкама, запрашаючы да гаворкі, адзначыў, што многія паказчыкі раён не выканаў (7 з 16), ёсць яшчэ час, каб паправіць сітуацыю, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны прыкласці для гэтага ўсе намаганні.
Дакладчык — намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук прааналізаваў работу гаспадарчага комплексу раёна, яго дапоўнілі два іншыя намеснікі — адказныя за сферы дзейнасці ў сельскай гаспадарцы — С.Л.Стасевіч, будаўніцтва і ЖКГ — А.В.Шалтанюк.
Станоўчая дынаміка росту сфарміравана па экспарту паслуг, намінальнай сярэднемесячнай заработнай плаце. Аднак у РКБА, на камбікормавым заводзе і ЖКГ тэмпы росту прадукцыйнасці працы адстаюць ад тэмпаў заработнай платы. Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах за студзень-чэрвень склала 126,4% да адпаведнага леташняга ўзроўню, у супастаўных цэнах — 124,6%. І калі цукровы і камбікормавы заводы выпусцілі прадукцыі больш, чым за гэты перыяд у мінулым годзе, дык на торфабрыкетным паменшылася вытворчасць паліўных брыкетаў на 25,8%. Не першы год узнімаецца пытанне аб далейшай жыццядзейнасці прадпрыемства, у сувязі з абмежаванымі сыравіннымі запасамі.
Тэмпы росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі за першае паўгоддзе склалі 97,3% (заданне — 106%). Дапусцілі зніжэнне гэтага паказчыка СВК “Хмелева”, “Шпіталі”, “Маціевічы”, ПУАП “Азяты”, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўскі”. Мінусуе раён да леташняга ўзроўню ў вытворчасці малака і мяса. Нізкая таварнасць малака 86% (-2,6%). Паморак жывёлы склаў 186 галоў і павялічыўся на 64.
За гэты перыяд уведзена ў эксплуатацыю за кошт усіх крыніц фінансавання 8634 кв. метраў жылля (50,8% да гадавога задання). Падкрэслівалася, што больш увагі і дапамогі трэба надаваць тым, хто вырашыў будаваць індывідуальнае жыллё.
У эканоміку раёна прыцягнута 221 мільярд 620 мільёнаў рублёў інвестыцый. Рост аб’ёмаў у параўнанні з леташнім — 98,2% (прагноз 111,9%). На 2013 год раёну ўстаноўлены прагнозны паказчык у асваенні прамых замежных інвестыцый у аб’ёме 4 млн. долараў. За студзень-чэрвень прыцягнута 400 тыс. долараў. Вядзецца пошук інвестараў. Інвестыцыйныя прапановы і ўчасткі для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у сферах вытворчасці, прыдарожнага сэрвісу, экатурызму, гандлёва-лагістычнай дзейнасці ўключаны ў інвестыцыйны каталог Брэсцкай вобласці і размешчаны на сайце аблвыканкама. Аднак інвестары таксама бываюць розныя. Напрыклад, даўно куплены былы спіртзавод, але на гэтых плошчах так нічога і не робіцца.
За студзень-май у раёне 3 прадпрыемства, якія працавалі са стратамі — райспажыўтаварыства, рыбгас “Сакалова” і цукровы завод. На дадзены момант першае ўжо выйшла на бясстратную дзейнасць. Знізіў суму іх, у параўнанні з пачаткам года, і цукровы завод.
Узровень беспрацоўя у раёне да эканамічна актыўнага насельніцтва 0,7%, пры заданні на канец года 1,2%. Сярэднемесячная зарплата за студзень-май 3 млн. 964,7 тыс. руб. альбо 134,4% да адпаведнага леташняга перыяду.
Выканкам прыняў да ведама, што ў першым паўгоддзі 2013 года забяспечана выканне планавых паказчыкаў раённым бюджэтам і сельскімі.
На пасяджэнні разгледжана інфармацыйная запіска пракуратуры раёна аб стане законнасці і правапарадку за 6 месяцаў гэтага года; работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, здзяйсненні адміністрацыйных працэдур; дадзена згода на адчужэнне жылых дамоў у ААТ “Жабінкаўскі” і “Ракітніца”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top