Ніхто не павінен заставацца ўбаку

Ніхто не павінен заставацца ўбаку

П’янства — спрадвечны спадарожнік бяды, што рушыць сем’і, калечыць жыцці. Ад яго не пазбавіцца ніколі, калі нямым і глухім будзе заставацца грамадства. На перадавым флангу барацьбы з гэтым злом — медыкі. Таму наша размова пра тое, што робіцца ў раёне, каб утаймаваць “зялёнага змея” і ягоныя наступствы з галоўным урачом Жабінкаўскай ЦРБ А.І.Лаўрукевічам.
— Анатоль Іванавіч, на адным з апошніх пасяджэнняў у райвыканкаме разглядалася пытанне аб эфектыўнасці мераў у прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Чым выклікана ўвага да праблемы на раённым узроўні?
— Найперш разуменнем, што гэта бяда не за парогам, а ўжо ў доме, і без агульных намаганняў п’янства не выкараніць. Існуе спецыяльная Дзяржаўная праграма, зацверджаная 24 кастрычніка 2011 года, што дазваляе каардынаваць і накіроўваць дзеянні розных арганізацый і службаў. Яна разлічана да 2015 года.
— Якія меры паводле гэтай праграмы прымаюцца?
— На прадпрыемствах і ў арганізацыях створаны і працуюць 26 камісій барацьбы з п’янствам і алкагалізмам. Іх работа накіравана на асобаў, што злоўжываюць спіртным, і дапамогу ім у рэабілітацыі. Станоўчыя вынікі гэта прыносіць.
На каардынацыйным савеце прафілактыкі і барацьбы з п’янствам (у 2012-2013 гадах праведзена 5 пасяджэнняў) разглядаліся пытанні арганізацыі адпаведных камісій на прадпрыемствах і ў сельгасарганізацыях, ход выканання Дзяржаўнай праграмы і інш. Разглядаюцца матэрыялы з органаў унутраных спраў, запрашаюцца прадстаўнікі жаночага савета, прафсаюзных арганізацый, урачы псіхіятры-нарколагі. Летась на пасяджэннях камісій вялі размову з 96 грамадзянамі, што злоўжываюць спіртнымі напоямі.
— Назавіце, калі ласка, прыклады дзейнасці прадпрыемстваў супраць п’янства, у падтрымку здаровага ладу жыцця, што прыносяць бачны эфект сярод членаў калектыву?
— Прыгадаю прыклад ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе згодна калектыўнаму дагавору матэрыяльна заахвочваюцца работнікі, якія вядуць здаровы лад жыцця, займаюцца фізічнай культурай і спортам. У мінулым годзе 134 чалавекі прэміраваны на суму 40 мільёнаў рублёў. Традыцыяй на заводзе стала круглагадовая спартакіяда ў дзесяці відах спаборніцтваў (у ёй удзельнічаюць больш за 150 аматараў). На фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы з уласных сродкаў прадпрыемства і прафсаюзнага камітэта былі выдаткаваны 78,5 мільёна рублёў.
— Наколькі строга адносяцца адміністрацыі працоўных калектываў да парушальнікаў дысцыпліны, аматараў выпіць, у тым ліку і на рабочым месцы?
— Можаце параўнаць дзве лічбы, якія гавораць пра многае. Калі ў 2011 годзе за парушэнні працоўнай дысцыпліны, у тым ліку за распіццё спіртных напояў, было звольнена ў арганізацыях 48 чалавек, дык летась гэта лічба дасягнула 154. Гэта, несумненна, сведчыць пра прынцыповы падыход кіраўнікоў да фактаў такіх парушэнняў.
— Міліцэйскія зводкі стракацяць паведамленнямі пра злачынствы, здзейсненыя п’янымі. Часам нават не верыцца, што гэтае зло можна скараціць. Аднак, ці правільнае такое ўражанне?
— Рыхтуючы праект рашэння райвыканкама, якое тычыцца праблемы, намі ўзнятай, канечне ж, кантактаваў з супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў. Статыстыка гэтага года супярэчыць вашаму адчуванню. За пяць месяцаў 2013-га на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 64 злачынствы (летась за аналагічны перыяд іх было 73) стала менш крымінальных спраў (з 53 у 2012 годзе да 38 сёлета). За апошнія гады ёсць станоўчая дынаміка колькасці парушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. Праваахоўнікі штомесяц аналізуюць стан злачынстваў на сямейна-бытавой глебе, вывучаюць прычыны і ўмовы, якія спрыяюць іх узнікненню. Сёлета зарэгістраваны 52 паведамленні аб сямейных скандалах (за такі самы перыяд у 2012-м — 115), скла-дзена 14 адміністрацыйных пратаколаў, летась — 56. Менш стала і тых, каго прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за ўжыванне спіртных напояў або з’яўленне нападпітку ў грамадскіх месцах. А вось колькасць п’яных за рулём, як гэта не прыкра, стала большай.
Сумесна з урачом-нарколагам супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі кантралююць перадрэйсавыя агляды вадзіцеляў, назіраюць, каб у арганізацыях своечасова павяраліся апараты “Алконт”.
— Стала менш публікацый у раёнцы пра тое, што выяўлены кропкі, дзе падпольна гандлююць спіртнымі напоямі. Дык што, самагонныя “рэкі” высахлі ці толькі абмялелі?
— Насамрэч, такіх выпадкаў стала менш, але яны ўсё ж існуюць. Працаўнікі інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Жабінкаўскім раёне ў час аператыўнага рэйду выявілі два парушэнні падатковага заканадаўства ў рознічным гандлі алкагольнымі напоямі: знойдзена значная партыя спіртнога, што не мела гаспадара! Арыштаваная прадукцыя на суму ў 2 мільёны рублёў пайшла ў прыбытак дзяржавы.
Акрамя таго, у хо-дзе аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі забрана 54 літра фальсіфікаваных спіртных напояў і 52 літры самагону ды брагі.
Гэта вельмі важна, бо штогод такімі “вырабамі” атручваюцца людзі, і сёлета быў ужо адзін лятальны выпадак.
— Што непасрэдна робяць медыкі дзеля прафілактыкі п’янства і алкагалізму?
— У тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы вылучана тры ложкі для лячэння грамадзян, што пакутуюць сіндромам залежнасці ад алкаголю. За пяць месяцаў у гэтым годзе тут атрымалі дапамогу 14 пацыентаў, яшчэ 18 прайшлі курс лячэння ў рэанімацыйным аддзяленні. Адзначу, што большасць самагубстваў здараюцца ў стане ап’янення. На наркалагічным уліку з сіндромам залежнасці ад алкаголю цяпер знаходзяцца сотні пацыентаў. Увогуле, на 1000 насельніцтва гэты паказчык складае 18,3, што менш, чым у сярэднім па вобласці.
Патрэбна зазначыць, што адзін дзень лячэння чалавека ў рэанімацыйным аддзялен-ні бальніцы абыходзіцца бюджэту ў сумму, якая перавышае адзін мільён рублёў. Пры гэтым, медыкі павінны дапамагаць усім без выключэння, у тым ліку і тым грамадзянам, каго патрабуецца неадкладна выводзіць са стану алкагольнай залежнасці, ратуючы іх жыцці.
У 2012 годзе пралечаны ў стацыянары і амбулаторна 207 чалавек, за бягучы перыяд гэтага года — 81. У выніку дасягнута рэмісія ад года да двух у 46 грамадзян, яшчэ ў 58 — гэты тэрмін складае больш за два гады. Мы таксама назіраем тэндэнцыю зніжэння смяротнасці насельніцтва ў працаздольным узросце.
Асобая ўвага ўдзяляецца абавязаным асобам і тым, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі (усяго на ўліку 48 абавязаных, злоўжываючых алкаголь).
Урачамі-нарколагамі сумесна з крымінальна-папраўчай інспекцыяй РАУС вядзецца работа з асобамі, якія накіроўваюцца на прымусовае лячэнне. Летась праходзілі два выязныя пасяджэнні суда з шырокім удзелам мясцовага насельніцтва, дзе разглядаліся матэрыялы па накіраванні ў ЛПП асобаў, што пакутуюць ад алкагольнай залежнасці.
— Наколькі важнай, на ваш погляд, з’яўляецца інфармацыйная работа сярод школьнікаў і моладзі?
— Калі ўвесь час памятаць, што п’янства здольнае калечыць маладое пакаленне і пакрысе пазбаўляе нас будучыні, дык праца з гэтай катэгорыяй павінна стаць прыярытэтнай. Летась падлеткам прачытана з удзелам медыкаў 41 лекцыя, праведзены 3 тэматычныя вечарыны і г.д. Аднак найбольшую актыўнасць тут праяўляюць, канечне, педагогі, якія наладжваюць цеснае супрацоўніцтва з сем’ямі. У навучальны перыяд у кінатэатры “Юбілейны” для школьнікаў ладзіцца кіналекторый “Здаровы лад жыцця”, дзейнічае аднайменны факультатыў.
Каб у моладзі фарміраваліся маральныя, духоўныя і культурныя каштоўнасці, у школах існуюць ініцыятыўныя групы. З іх моладзевая група першай гарадской школы адзначана дыпломам ІІ ступені ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. У аглядзе-конкурсе творчых работ у прапагандзе і фарміраванні здаровага ладу жыцця паўдзельнічалі работы вучняў СШ №1, СШ №3, Азяцкай, Якаўчыцкай і Маціевіцкай школ.
Шэраг мерапрыемстваў з няўдалымі сем’ямі і асобамі, што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама падлеткамі, шматдзетнымі сем’ямі праводзіць ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Аднак не толькі ў школах, але і ва ўстановах культуры праводзяць значны час нашы дзеці. Наколькі эфектыўна вядзецца антыалкагольная прапаганда з удзелам культработнікаў?
— Кожны клуб і СДК маюць індывідуальны гадавы план мерапрыемстваў па ўзнятых намі пытаннях, ёсць і наглядная інфармацыя, змешчаная на стэндах. У аграгарадку Якаўчыцы дзейнічае клуб сямейных зносінаў “Выбіраючы жыццё”, які наведваюць сем’і, дзе ёсць праблемы з алкаголем. Заняткі ў клубе скіраваны на падтрымку сямей і вырашэнне іх праблем, на рэалізацыю іх магчымасцяў, каб пераадольваць цяжкія жыццёвыя сітуацыі. Іншымі ўстановамі культуры праводзяцца вечары-дыспуты, фотавыставы, пазнавальныя праграмы да Сусветнага дня цвярозасці, Дня сям’і, ла-дзяцца спартакіяды актыву БРСМ ды інш.
Значную работу праводзіць і раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр. Яго супрацоўнікі сумесна з іншымі службамі наведалі 121 шматдзетную, няпоўную, малазабяспечаную сям’ю і 51 сям’ю, дзе дзеці знаходзяцца ў небяспечным сацыяльным становішчы.
— Анатоль Іванавіч, розныя сродкі масавай інфармацыі здольныя паўплываць на паводзіны лю-дзей. Наколькі часта выкарыстоўваюцца іх магчымасці ў вашай працы?
— Раённая бальніца і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пастаянна даюць інфар-мацыю, у тым ліку праз СМІ, найперш раённую газету і мясцовае радыё. Намі распаўсюджана 240 экзэмпляраў інфармацыйна-адукацыйных матэрыялаў. З гэтага года пачалі дзеля прапаганды здаровага ладу жыцця прыцягваць магчымасці і кабельнага тэлебачання.
Гутарыў Анатоль
БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top