Такім правілам кіруецца спецыяліст па паштовай дзейнасці аддзялення паштовай сувязі №1 горада Жабінка Ірына Мухіна. Амаль два дзясяткі гадоў Ірына Васільеўна адданая сваёй прафесіі, за асабісты ўклад у развіццё роднага прадпрыемства ўзнагароджана сёлета Ганаровай граматай Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”. Напярэдадні прафесійнага свята – Сусветнага дня пошты – лепшых работнікаў запрасілі ў абласны цэнтр на цырымонію ўганаравання.

Ірына Мухіна вярнулася ў Жабінку з Ганаровай граматай, букетам кветак і падзякай у сэрцы – да сваіх старэйшых калег, да кіраўніцтва абласнога філіяла паштовага прадпрыемства. Ірына Васільеўна ўвогуле чалавек удзячны і вельмі сціплы.
– Калі прыйшла пасля заканчэння Ленінскай сярэдняй школы і Брэсцкага каледжа сувязі паштальёнам у вясковае аддзяленне паштовай сувязі “Чыжэўшчына”, адразу адчула падтрымку калектыву, – дзеліцца Ірына Васільеўна. – Зразумела, што паштальён павінен быць і псіхолагам, і дарадцам, і цікавым суразмоўнікам.
З гадамі множыўся вопыт, і малады паштальён “дарасла” да аператара сувязі. Працавала на гэтай пасадзе ў паштовым аддзяленні аграгарадка Ленінскі і на ўчастку паштовай сувязі №1 у Жабінцы. З 1 студзеня 2020-га Ірына Мухіна – спецыяліст па паштовай дзейнасці ў родным першым аддзяленні.
Калегі цэняць прафесіяналізм Ірыны Васільеўны, гатоўнасць якасна і хутка выконваць любыя задачы. Мяняліся паштовыя праграмы, якія даводзілася асвойваць, каб ісці ў нагу з часам. Летась у аддзяленні з’явіліся электронныя тэрміналы і электронная чарга.
– Гэта значна аблегчыла работу спецыялістам паштовай сувязі, – кажа Ірына Мухіна. – Бо часам наведвальнікі спрачаліся, хто за кім займаў чаргу. Цяпер усё сістэматызавана, дакладна арганізавана. Кліентам ёсць што пачытаць і што паглядзець, пакуль яны чакаюць сваёй чаргі.
Тут Ірына Васільеўна мае на ўвазе часопісы і газеты, паштоўкі ды іншую друкаваную прадукцыю, якую можна набыць у аддзяленні. А з нядаўняга часу ў АПС №1 г. Жабінка рэалізуюцца хлебабулачныя вырабы гандлёвай маркі “Берасцейскі пекар” (па панядзелках) і мясная прадукцыя Брэсцкага мясакамбіната. Як кажуць, ёсць на пошце ўсё, што трэба: і хлеб, і да хлеба.
І пасылку атрымаеце ці адправіце, і камунальныя паслугі аплоціце, і падпіску на любімую раённую газету аформіце.
– Усіх агітую выпісаць “Сельскую праўду”, каб быць у курсе мясцовых навін, – дзеліцца наша гераіня. – І ведаеце, людзі часта самі пытаюцца, як аформіць падпіску. Цяпер падпісчыкі раёнкі атрымліваюць у камплекце яшчэ і абласную газету “Заря” ды чытаюць навіны Берасцейшчыны. 32 паласы карыснай і цікавай інфармацыі – лічу, гэта будзе добры падарунак для матулі ці бабулі на Дзень маці і ў далейшым.
Ірына Васільеўна добра ведае не толькі жыхароў Жабінкі, сем гадоў працуючы ў райцэнтры. Яна нярэдка падмяняе сваіх калег, якія ідуць у адпачынак, таму пазнаёмілася ўжо і са старасельцамі, і з жыхарамі Мацеевічаў дый добра ведае маршрут перасоўнага аддзялення паштовай сувязі №2, які ўзначальвае Руслана Шамайла.
– Калі б вам прапанавалі месца працы ў Брэсце ці ў Баранавічах, пагадзіліся б? – цікаўлюся я.
– Не, – не раздумваючы, кажа Ірына Мухіна. – Люблю нашу маленькую ўтульную Жабінку і свой дружны калектыў першага аддзялення, якім прафесійна кіруе Ірына Міхайлаўна Прыступа. Усім калегам жадаю ўдзячных кліентаў, высокіх заробкаў, здароўя, дабрабыту, шчасця і міру. Нездарма голуб – птушка міру – з’яўляецца сімвалам пошты.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота з архіва Ірыны МУХІНАЙ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%