Не гераізм, а штодзённая праца

Не гераізм, а штодзённая праца

Важнай датай для кожнага работніка Міністэрства надзвычайных сітуацый з’яўляецца 25 ліпеня 1853 года, калі імператарскім Указам у многіх вялікіх гарадах былі створаны пажарныя часці. Прафесійныя каманды сталі дзейнічаць у Мінску, Віцебску, Магілёве і Брэсце. Людзі верылі ў пажарных, спадзяваліся на іх, а тыя не падводзілі, адказна неслі сваю службу.
У 1944 годзе ў Жабінцы з’явілася пажарная каманда НКУС вобласці. Каб сачыць за горадам і навакольнымі вёскамі, была ўсталявана пажарная каланча, дзе неслі кругласутачнае дзяжурства пажарныя назіральнікі. Менавіта яны падавалі сігнал аб пажары. Праз год пажарныя атрымалі дзве бартавыя машыны з ручной помпай і цыстэрнай для вады. І толькі ў 1947 годзе ў пажарнай каманды з’явілася першая пажарная машына.
У складзе каманды спачатку працавала 29 чалавек, потым колькасць выратавальнікаў ад агню паменшылася да 18. Не раз пажарная служба змяняла сваю назву. У ліпені 1949 года яна стала добраахвотнай пажарнай дружынай, але ж гэтае “імя” не прыжылося і давялося вярнуцца да старой назвы. Доўгі час пажарная служба раёна звалася прафесійнай пажарнай часцю № 21, і толькі на парозе ХХІ стагоддзя быў створаны Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый. Нягледзячы на змену назвы арганізацыі, задачы яе байцоў заставаліся ранейшымі — першымі прыходзіць на дапамогу, нягледзячы на небяспеку, якая падсцерагае выратавальнікаў на кожным кроку, ліквідоўваць пажары і іншыя небяспечныя сітуацыі, захоўваць жыцці людзей. І гэта для іх не гераізм — а паўсядзённая праца.
З пачатку года асабістым саставам падраздзяленняў Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый ліквідавана 26 пажараў і ўзгаранняў, папярэджана знішчэнне агнём 19 пабудоў, трох адзінак тэхнікі, матэрыяльных каштоўнасцяў на суму больш за 258 мільёнаў рублёў.
Пажарныя — бясстрашныя і мужныя людзі. Заступаючы на службу, яны не ведаюць якія “сюрпрызы” падкіне лёс сёння, але знаходзяцца ў пастаянным чаканні, гатовыя па сігналу трывогі імгненна сабрацца і выехаць на дапамогу. Таму якасці характару кожнага нашага супрацоўніка — высокі прафесіяналізм і адвага, узаемадапамога і спачуванне чужой бядзе.
Сёння вялікую ўвагу раённы аддзел надзвычайных сітуацый надае прафілактычнай рабоце. Дзякуючы дасведчанасці жабінкаўцаў у пытаннях пажарнай бяспекі, ўжо другі год атрымліваецца пазбегнуць гібелі людзей ад уздзеяння небяспечных фактараў пажару, а таксама паменшыць агульную колькасць пажараў. Кантралюе гэты накірунак дзейнасці ў Жабінкаўскім райаддзеле старшы інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Рыгор Аляксандравіч Рэшанок.
Першае знаёмства яго з прафесіяй выратавальніка адбылося ў ДУА “Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства надзвычайных сітуацый”. Пасля заканчэння інстытута ў 2009 годзе Рыгора Аляксандравіча накіравалі на службу ў Брэсцкі гарадскі аддзел надзвычайных сітуацый, дзе ён працаваў на пасадзе інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду. А праз год прызначылі інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду Жабінкаўскага РАНС, з 2013-га — старшым інспектарам гэтага ж аддзела. Калегі Рыгора Аляксандравіча адзначаюць, што чалавек ён адказны, добрасумленны, ініцыятыўны. У мэтах папярэджання пажараў з гібеллю людзей наладзіў улік адзінокіх і непрацаздольных грамадзян, якія жывуць адны, шматдзетных, няпоўных, няўдалых сем’яў, асобаў, якія злоўжываюць алкаголем. Якасна і планава арганізоўвае пажарна-прафілактычную работу.
Па выніках працы ў 2012 годзе Рыгор Аляксандравіч прызнаны лепшым дзяржаўным інспектарам Брэсцкай вобласці ў пажарным наглядзе. У студзені ён прадстаўляў вобласць на рэспубліканскім конкурсе ў Мінску. Больш усяго пад час спаборніцтва яго ўразіў конкурс віртуальнага мадэлявання аб’екта з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. Трэба было стварыць аб’ект, на якім адлюстравана максімальная колькасць парушэнняў і абгрунтаваць іх. Каб справіцца з гэтай задачай неабходны не толькі прафесійныя веды, але і творчае мысленне.
Не кожны здольны ваяваць са стыхіяй агню, гэта праца для сапраўдных мужчын. Напярэдадні прафесійнага свята віншую ўсіх супрацоўнікаў пажарнай службы і тых, хто годна нёс яе раней. Поспехаў, доблесці і мужнасці вам, а таксама аптымізму, які дазваляе любую справу рабіць добра.
Алег БУТРЫМ, начальнік Жабінкаўскага  раённага аддзела надзвычайных сітуацый.
На здымку: старшы інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Рыгор Аляксандравіч Рэшанок.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top