Паўмінуткі ад Селішча да Рудкі

Паўмінуткі ад Селішча да Рудкі

Па ўсёй Беларусі нямала паселішчаў з сугучнымі назвамі, утворанымі ад слова “руда”, яшчэ больш населеных пунктаў ад дзеяслова “сяліцца”. Імёны сведчаць пра старажытнасць гэтых месцаў. Ліпеньскім надвячоркам святкавалі сваё агульнае свята нашы Рудка і Селішча. Хіба ж 300 год для вёскі ўзрост, калі гэтак шмат задору маладога і ў працы, і ў адпачынку?! Але ж пра ўсё па парадку.

Межы вясковыя і сяброўскае бязмежжа

ЕДЗЕМ СПАЧАТКУ на вазу з самадзейнымі хмелеўскімі артыстамі з Селішча ў Рудку. Хто не знае, патлумачу: вёскі ў апошнія гады, як пабудавалі “прэзідэнцкія” дамы, зрасліся. А межы паміж людскімі адносінамі тут даўно сцерліся, вяскоўцы заўжды радніліся ды жылі ў згодзе. Кажу так упэўнена, бо ў гістарычных дакументах рудкаўцы і селішчанцы існавалі заўжды ў адным сялянскім таварыстве і ў архівах няма ніводнай судовай справы, дзе адносіны высвятляліся з дапамогай кулакоў. Але ж час прыйшоў ад мінулага зірнуць у дзень сённяшні…
З вуснаў фурманшчыка Уладзіміра Іванюка, ды іншых, хто на драбіны прысеў, гучна гучаць заклікі на вясковае свята “Тут мой дом, дзе на душы заўсёды цёпла”:
— Гаспадары, што на гэтым двары, пара вашай пары вупусціць пару, каб на свяце гасцяваць і гасціну паказаць!

У гэты дзень у вёсках
                             ажыўленне,
І вочы лучацца святлом
                          і дабрынёй.
Святкуюць Селішча
          і Рудка нараджэнне,
Напоўненае верай
                              маладой.

У традыцыйным караго-дзе “Мой маленькі дворык” арганізатары вырашылі высветліць, дзе ж у вёсках лепшая гаспадарка? Журы, што павінна вызначыць, хто жыве ў ладзе ды дастатку, зусім не журыць. Як жа тут не задаволіцца?! Прысмакі на гожых падворках Яраславы Рыгораўны Андрасюк і Валянціны Сілаўны Рыкавай, Таццяны Уладзіміраўны Германовіч, Наталлі Пятроўны Макарэвіч і Людмілы Кірылаўны Чмуневіч трэба было бачыць, а лепш — пачаставаць! На што толькі не здатныя гаспадынькі — гэткія яны прыдум-шчыцы! — каб са звычайных прадуктаў зрабіць кулінарныя шэдэўры. Як сказала са смехам Наталля Аляксееўна Дырман:
— Гэта вы так спецыяльна прыгожа зрабілі, каб журы паглядзела ды далей пайшло, слінкі глытаючы? Такое ж хараство нельга есці! Можна нават конкурс абвяшчаць: здагадайся, з чаго зроблены вунь тая гара ці сланечнік з парасяткамі, або “Лебядзінае возера”…
Кожная з гаспадынь атрымала за кухарскае майстэрства сувеніры ад “Хмелеўскіх валацуг”. Тут павінны мы сказаць, што тэатр гумару, гульні і песні з Хмелева ў складзе Наталлі Дырман, Людмілы Іванюк, Таццяны і Алены Грыцук не толькі быў у новых строях, пашытых за ўласны кошт. Артысткі паклапаціліся, каб вяскоўцы мелі багата падарункаў, духоўных ды матэрыяльных. Што ж сюды ўсіх прывяло?

Зоркі, мноства зорак…

СКОНУ ВЕКУ красуюцца на свеце Рудка і Селішча, існуюць яны на зямлі тры сотні гадоў, ды маладзяцца, нібыта ўчора нарадзіліся.
Першае ўпамінанне аб гэтых паселішчах — з далёкага 1712 года. Пра тое згадала ў віншавальным слове старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Ірына Міхайлаўна Андрайчук. І восемдзесят гадоў таму, калі жыло ў блізкіх вёсках больш за дзвесце чалавек, і зараз, як засталася іх палова, ведалі тутэйшыя рупліўцы, колькі каштуе не толькі сялянская праца, але й добры адпачынак.
У святочны дзень, як заўважыў кіраўнік журы — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анатоль Аляксандравіч Старыцкі, людзей у вёсках павялічылася. Шмат гасцей з Жабінкі ды іншых месцаў Брэстчыны завіталі на вуліцу Цэнтральная ў Рудцы, каб адпачыць і святочны настрой набыць. Бо даўно ў нас аксіёма: куды “Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца” завітаюць, адтуль смех і песні далёка разносяцца! Яны добрую традыцыю ўсталявалі на хмелеўскай зямлі: ніводнага года без вясковага свята, сёння чарга дайшла да Рудкі і Селішча.
… Да гэтага дня падворкі прыбраныя, і ўсе — ад малечы да старажылаў — на канцэрце “Усміхайцеся часцей і ўсміхнецца шчасце!”. Ён ладзіўся ля хаты Уладзіміра Адамавіча Ляшко, які, як хмелеўцы прыгадалі, “згадзіўся дзеля свята падзяліцца з намі электраэнергіяй і куском плота”. За тое гаспадар, зразумела, без падарунка не застаўся. Яго ўручыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Вітальеўна Лысенка.
Дасюль ёсць у вёсках сведкі ваеннага ліхалецця. Гэта Іван Раманавіч Бурко, Міхаіл Паўлавіч Клімук і Уладзімір Аляксандравіч Лах, найстарэйшая жыхарка — Ганна Ігнатаўна Андрасюк. Побач з прозвішчамі старажылаў зіхацяць зорачкамі імёны Даніка Шыяна і Ільі Андрасюка — самых маленькіх вяскоўцаў. Віншаванні атрымалі хлопчыкі ды іх бацькі. Для дзятвы, што высыпала на вуліцу, бы бульба з меху, Таццяна Дзмітрыеўна Грыцук правяла гульнёва-забаўляльную праграму “Бабуліна скрыня”.
На незабыўным вясковым свяце запаліліся і “зорачкі” артыстычныя: Ігар Кавальчук, Вольга Іванюк, Вікторыя Муха.
Дапазна, да зорак нябесных, былі танцы, гучалі спевы над гэтай старажытнай зямлёй.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: удзельнік вайны М.П.Клімук атрымлівае віншаванні ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.А.Старыцкага і яго намесніка С.В.Лысенка; на імправізаванай сцэне ў Рудцы “запальваюць” “Хмелеўскія валацугі”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top