На Жабинковщине прошел День призывника

На Жабинковщине прошел День призывника

Ізноў ідуць хлопцы ў войска
Двойчы ў год на Жабінкаўшчыне праходзіць Дзень прызыўніка, калі маладыя хлопцы ўрачыста атрымліваюць позвы на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Там яны набываюць своеасаблівую прафесію — абараняць Радзіму і аберагаць яе мірнае жыццё.
6 ліпеня ў ГДК адбылася ўрачыстасць, на якой галоўнымі віноўнікамі былі маладыя хлопцы. Ваенны камісар раёна падпалкоўнік А.І.Юруць знаёміць усіх, найперш прызыўнікоў, з Указам прэзідэнта краіны “Аб прызыве на вайсковую службу”, а затым уручаюцца позвы, паводле якіх пачынаецца новы адлік часу ў іхнім жыцці — жыцці без скідак і патурання на малады ўзрост.
Арцём Анацкі з Арэпічаў паспеў закончыць ужо Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, накіроўваецца на службу ў дэсантнікі. Разам з ім будуць служыць Аляксей Каракін, які ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны атрымаў прафесію — інжынер лясной гаспадаркі, і Ілля Паўласюк з пасёлка Ленінскі, які вывучыўся на настаўніка матэматыкі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Павел Заліўка з Буснёў, напрыклад, будзе служыць у зенітна-ракетных войсках на афіцэрскай пасадзе толькі паўгода. Пад час вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ён закончыў курсы падрыхтоўкі малодшых афіцэраў. А Іван Жалецкі меў адтэрміноўку да восені, але адмовіўся ад яе і ідзе выконваць свой святы абавязак перад суайчыннікамі ў пагранічныя войскі. Юнак паспяхова адвучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы гандлю. Сяргею Мендзельчуку выпала позва на службу ва ўнутраныя войскі. Грамадзянская спецыяльнасць у яго — прыборабудаўнік. Хлопец шчаслівы найперш тым, што салдаты беларускай арміі не накіроўваюцца на пагашэнне канфліктаў у гарачыя кропкі. З расказаў свайго таты, які праходзіў службу ў Афганістане, ён добра ведае, як гэта страшна забіваць людзей і штодня самому быць пад прыцэлам.
Пра ўсіх, будучых салдатах, вядома, у журналісцкіх нататках не напішаш. Скажу толькі, што ў вяснова-летні прызыў з Жабінкаўшчыны адпраўляецца ў войска ажно 55 хлопцаў. Сказаць добрае слова ў дарогу ім прыйшлі бацькі, прадстаўнікі старэйшага пакалення і раённай улады. Слова даецца намесніку старшыні райвыканкама Але Сцяпанаўне Ануфрыюк, якая сказала:
— 150 жабінкаўцаў служаць цяпер у беларускай арміі, ахоўваюць наш мір і спакой. Прыемна, што лісты ад камандзіраў часцей паведамляюць нам пра іх доблесную службу.
Вам, маладыя людзі, давядзецца асвойваць сучаснае вайсковае ўзбраенне, набываць новыя прафесіі. Вы з гэтым паспяхова справіцеся. І мне хочацца пажадаць, каб атрыманыя навыкі і ўменні вам ніколі не спатрэбіліся ў ваеннай сітуацыі, а толькі ў мірнай працы.
Для сучаснікаў подзвіг старэйшага пакалення заўсёды будзе прыкладам адданай службы Айчыне. Не адно пакаленне выхоўвалася на слаўных традыцыях ветэранаў, у якіх мы вучыліся мужнасці, стойкасці, смеласці. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц зазначыў, што самае суровае выпрабаванне выпала салдатам у гады Вялікай Айчыннай, калі Радзіму абаранялі воіны розных узростаў. Так, напярэдадні суровага ліхалецця ў войска пайшлі служыць 100 жабінкаўцаў, з іх 24 загінулі — 9 пры абароне Брэсцкай крэпасці. Наогул, з той суровай і страшнай вайны не вярнуліся 713 нашых землякоў. Гераізм многіх, гаварыў выступоўца, адзначаны высокімі ўзнагародамі: П.І.Чаргінец і Г.Ф Кудзін — ордэнамі Чырвонага Сцяга, 40 воінаў — ордэнамі Славы III і II ступеняў, 80 байцоў — ордэнамі Чырвонай Зоркі. А колькім былі ўручаны баявыя медалі! Сённяшнім салдатам ён пажадаў выконваць воінскі статут строга, тады і служба будзе лёгкай.
Будучым воінам цёплае слова на дарогу сказалі бацька прызыўнікоў Віктар Міхайлавіч Семянюк і сяржант Сяргей Чыбісаў, а самадзейныя артысты віталі іх цудоўнымі песнямі.
Літаральна праз некалькі дзён юнакі Жабінкаўшчыны, пакуль яшчэ не стройнай калонай, накіруюцца ў строгае мужчынскае жыццё. І тыя добрыя словы і пажаданні, што гучалі на Дні прызыўніка, засвоіць усе азы салдацкай службы.
Л.КОСЦІНА.
На здымках: пад час Дня прызыўніка ў Жабінцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top