Прыватызацыя? Пытанне няпростае

Прыватызацыя? Пытанне няпростае

“Змены ў жыллёвым заканадаўстве: прыватызацыя жылля” — тэма чарговага адзінага рэспубліканскага дня інфармавання, што праводзіўся на Жабінкаўшчыне
18 ліпеня.
Гэтыя змены сур’ёзна хвалююць многіх. Таму дастаткова людна было ў гарадскім Доме культуры, куды на сустрэчу з грамадзянамі прыйшлі члены інфармацыйных груп. У іх ліку — старшыня райвыканкама М.В.Токар і яго намеснік А.С.Ануфрыюк, старшыні раённага і абласнога судоў В.В.Новік і Т.І.Сучок.
Тамары Іванаўне першай было дадзена слова. Старшыня Брэсцкага аблсуда падрабязна спынілася на сутнасці прыватызацыі і апошніх істотных зменах у яе дачыненні.
У вялікай ступені яны выкліканы Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу з 2 сакавіка гэтага года. У новым кодэксе пытанням прыватызацыі жылля прысвечаны раздзел 23, дзе вызначаны аб’екты прыватызацыі і яе парадак, правы членаў сям’і наймальніка. На гэтым Т.І.Сучок спынілася больш падрабязна, увага была ўдзелена і чэкам “Жыллё”, што захоўваюць сілу, бо пацвярджаюць права грамадзян на грашовую жыллёвую квоту, і ўмовам прыватызацыі жылых памяшканняў на льготных умовах.
— У выпадку пры-ватызацыі жылога памяшкання члены сям’і, былыя члены сям’і, якія маюць законныя падставы на ўладанне і карыстанне жылым памяшканнем на момант яго прыватызацыі, ні ў якім разе не могуць быць выселены ўласнікам без іх згоды. Нават калі не ўдзельнічалі непасрэдна ў прыватызацыі жылля, але пражывалі ў той час у ім, — падкрэсліла Т.І.Сучок.
Зараз у распрацоўцы прэзідэнцкая пастанова, якая тычыцца прыватызацыі службовага жылля. Калі яно будзе пераведзена ў сацыяльнае, прынамсі, нельга будзе перадаваць яго ў спадчыну. Гэта выклікае (найперш у абласным цэнтры) пэўны ажыятаж: грамадзяне пачалі вельмі актыўна падаваць заявы на прыватызацыю жылых памяшканняў.
Як адзначыў В.В.Новік, Жабінкаўскі раённы суд не захліснулі справы, звязаныя з жыллём. Разам з тым, Віктар Віктаравіч на прыкладах паказаў, наколькі сумнымі могуць быць вынікі, калі людзі не абапіраюцца ў сваіх дзеяннях на заканадаўства або нават ідуць на яго парушэнне.
М.В.Токар расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна за паўгода, засяродзіў увагу на тым, што робяць мясцовыя ўлады ў сацыяльным плане дзеля паляпшэння жыцця грамадзян, між іншым, агучыў лічбу: каля 500 жылых памяшканняў на Жабінкаўшчыне засталіся пакуль непрыватызаванымі. Кіраўнік раёна таксама прапанаваў усім, хто параўноўвае сённяшнюю рэчаіснасць з той, што была гадоў 15-20 назад, “пакінуць шкадаваць пра былое, якое ўжо не вернецца, і больш думаць пра тое, што чакае нас наперадзе”.
У час сустрэчы прысутныя маглі непасрэдна атрымаць адказы на свае пытанні з вуснаў прадстаўнікоў выканаўчай і судовых уладаў.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: пад час адзінага дня інфармавання ў ГДК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top