Адчуць дыханне гор

Адчуць дыханне гор

2007-ы — знаёмства

Яшчэ ў 9 класе Наташа Краўцова, якая вучылася ў трэцяй гарадской школе, вырашыла стаць настаўніцай геаграфіі. Любоў да гэтага прадмета прывіла дзяўчыне Алена Уладзіміраўна Клімчук. Пасля заканчэння школы ваганняў кім быць не было, Наталля абрала геаграфічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Адразу на першым курсе стала наведваць заняткі ў турыстычным клубе “Бярэсце”. Яе добра прынялі і вельмі хутка сталі лічыць сваёй. Наташа з вялікай ахвотай і цікавасцю асвойвала першыя азы турыстычнай навукі, слухала ўспаміны старажылаў клуба, якія расказвалі пра паходы ў Карпаты, на Каўказ, Алтай і Памір, крышачку зайздросціла ім і марыла пра свае падарожжы.

2008-ы — першы паход

Пасля паспяховай здачы першай сесіі групу турыстаў клуба “Бярэсце” чакалі зімовыя Карпаты. “Нарэшце, — думала дзяўчына, — убачу гэтую прыгажосць, пра якую шмат чула і якую сніла”. Ад бялюткага снегу сляпіла вочы, ад велічы гор не хапала дыхання. Перад групай берасцейцаў стаяла задача: на лыжах за 8 дзён прайсці 150 кіламетраў. З ёю турысты справіліся на выдатна, нягледзячы на крутыя пад’ёмы і складаныя спускі. Паход меў І катэгорыю складанасці. Менавіта тут, у Карпатах, Наталля назаўсёды палюбіла горы і каб бліжэй з імі пазнаёміцца, адчуць іх дыханне, падняцца на вяршыню вырашыла зай-мацца скалалажаннем.
“Вясной мы паехалі ва Украіну, у Дзянешы, — успамінае Наталля. — Найпрыгажэйшае месца ля ракі Цецераў у зоне запаведніка пад Жытомірам. Скалы ў Дзянешах вышынёй не больш 25 м працягласцю каля 400 м. Гэтае месца было асвоена скалалазамі ў 70-ых гадах, яго любяць як беларускія, так і ўкраінскія турысты. Тут адкрываюць і закрываюць альпінісцкія сезоны, право-дзяць спаборніцтвы, сюды прывозяць навічкоў, каб пазнаёміць іх з прыгажосцю гор, прайсці трасы рознай складанасці. Навучаць вязаць вузлы, рыхтаваць аснашчэнне, раскажуць пра метады страхоўкі.
Трэніроўкі ў Дзянешах прынеслі першы вынік: я атрымала ІІІ разрад у скалалажанні на абласных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Пінску”.

2010-ы — новыя перамогі і дасягненні

З вясны 2010-га Наталля — сябра горна-турыстычнага клуба “Цытадэль” пры Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Яна ўдзельнічае ў абласных спаборніцтвах у тэхніцы горна-пешаходнага турызму імя Д.Карбышава і займае 3-яе месца, дэманструючы віртуознасць у рабоце з вяроўкамі. Вынікам удзелу ў рэспубліканскай універсіядзе ў спартыўным арыентаванні ў складзе каманды БрДУ імя А.С.Пушкіна стала выкананне І разраду гэтага віду.
“У 2010 годзе збылася мая мара — я пабывала на Каўказе, — гаворыць Наталля. — Мне пашанцавала стаць удзельніцай альпзбораў, якія праходзілі ў Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы на Паўночным Каўказе. Тут, у цясніне Адырсу, на вышыні 2380 м над узроўнем мора ў прыгожым хваёвым бары размясцілася альпінісцкая вучэбна-спартыўная база “Уллутау”, якой ужо больш за 70 гадоў. Для мяне яна стала “другім домам”. Менавіта тут зберагаюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне лепшыя  альпінісцкія традыцыі. Наша каманда складалася з 30 чалавек. Я ўдзячна інструктарам, асабліва Фёдару Сямёнавічу Корбуту, пад умелым кіраўніцтвам якіх мне ўдалося пакарыць 5 вяршынь: Цюцю-башы, Чотчат, ВІАтау, Куллумкол-башы і самыя высокія вяршыні Эльбруса — Усходнюю ў 5621 м і Заходнюю ў 5642 м. Маіх дасягненняў не было б, калі не падтрымка дарагіх бацькоў — мамы Алы Мікалаеўны, таты Аляксандра Васільевіча.
2010 год памятаецца яшчэ і тым, што восенню Наталля наведала пячоры “Млынкі”, якія знаходзяцца на тэрыторыі Цярнопальскай вобласці ва Украіне. Іх агульная працягласць — 28 км.
“Свет пячор мяне захапіў. Тут сваё жыццё, своеасаблівая цішыня і цемра, але не страшная, — гаворыць Наталля. — Добры, якасны ліхтарык дапаможа ўсім наведвальнікам пячор, без яго там нельга. Асвяціўшы сцены, вы ўбачыце на іх прыгожыя нарасці — гэта сталакціты і сталагміты. Вы адчуеце прахалоду камянёў і крышталяў, убачыце пячорных жыхароў — маленькіх лятучых мышак. Не бойцеся вузкіх праходаў, перамажыце свой жах — наперадзе абавязкова будзе свет, які выведзе на паверхню. Пройдзе час, і вам захочацца туды ізноў вярнуцца, каб на хвілінку апынуцца ў цудоўным свеце пячор”.
Тады ж у 2010 годзе Наталля прымала ўдзел у выратаванні групы маскоўскіх альпіністаў, якія пасля пакарэння вяршыні Гумачы пры спуску сарваліся ў трэшчыну. Выратавальныя работы завяршыліся паспяхова.

2012-ы — пакарэнне новых вяршыняў

Наталля — прызёр Начнога 6-гадзіннага Раггейна ў спартыўным арыентаванні імя М.Карпеша.
Летам у складзе каманды мінчан едзе на Заходні Каўказ (тэрыторыя Карачаева-Чаркескай рэспублікі).
“Тыя ж людзі, той жа настрой, але горы іншыя, тут яны асаблівыя, — гаворыць Наталля. — Ад іх нельга вачэй адарваць — такая прыгажосць, клічуць да сябе вяршыні, клічуць перавалы. Заходні Каўказ — гэта жывапісныя даліны, прыгожыя лясы і крутыя склоны. Рэкі, якія сцякаюць са склонаў на поўнач, з’яўляюцца вытокамі Кубані. Паміж рэкамі Чырюкул і Узункул ідзе грэбень Чат з вышэйшай кропкай — вяршыняй Чат-башы, а далей Даламіты — цудоўная шматвяршынная скальная група. На вышыні каля 3000 м знаходзяцца Даламіцкія азёры ледніковага паходжання.
За час альпзбораў у складзе групы я пакарыла 4 вяршыні. Апошняя — Трызубец — стала заліковай да прысваення мне ІІІ-га разраду ў альпінізме”.

2013-ы — планы на будучае

“Сваё жыццё я не ўяўляю без гор. Што можа быць іх лепей? Толькі горы, як спяваў Уладзімір Высоцкі. Мару аб паходзе на Камчатку — там ёсць цудоўная даліна гейзераў і вулканаў, хачу на Алтай і Саяны. Думаю, што менавіта там мне ўдасца атрымаць ІІ разрад у альпінізме. А яшчэ планую звазіць маіх выхаванцаў, якія наведваюць школьны турыстычны гурток, у Карпаты — месца, адкуль усё пачыналася. Разам па горнай сцяжынцы мы падымемся на вышэйшую кропку Карпат — гару Гаверла, веру, пройдзе час, і мае вучні захочуць прыехаць сюды яшчэ”.
Альпіністы — незвычайныя людзі, своеасаблівыя. У гэтым я ўпэўнілася пад час гутаркі з настаўніцай геаграфіі трэцяй гарадской адзінаццацігодкі Наталляй Аляксандраўнай Краўцовай. У іх свае жыццёвыя правілы, неверагодна моцная дружба і ўзаемападтрымка. Сярод альпіністаў няма слабакоў — паходы патрабуюць фізічнай падрыхтаванасці, духоўнай моцы. Тут не даецца права на памылку — за гэтым можа стаяць жыццё. Калі знаходзішся ў адной звязцы з іншымі сябрамі — адразу відаць на што ты здатны. Яны, як дзеці, радуюцца, калі на дзень нараджэння атрымліваюць у падарунак лёдабур ці дыск з фільмам пра альпіністаў. У іх свае песні, традыцыі, святы. Праходзіць нейкі час, яны зноў збіраюцца ў паход, каб адчуць дыханне гор, каб пакарыць новую вяршыню.
Алёна НІКАНЧУК.
На здымку: у час альпзбораў на Паўночным Каўказе.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top