Хто страх пасее, той жах пажне

Хто страх пасее, той жах пажне

Агульныя ўспаміны праз семдзесят гадоў дапамаглі сустрэцца Веры Мартынаўне Тур і Васілю Міхайлавічу Шышчыцу. Некалі, у ваенную пару, “за немцамі”, яны разам хадзілі ў 5 і 6 класы Хмелеўскай школы, а зараз, моцна пасівелыя, сустрэліся ў Брэсце. Напярэдадні гадавіны вызвалення Жабінкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старажылы  не маглі нагаварыцца, успаміналі сваякоў, ранейшы вясковы ўклад, далёкае сваё маленства, апаленае страшэнным ліхалеццем.
ЯК ПРЫЙШЛА ВАЙНА — прайшла мяжа. Акупацыйныя ўлады падзялілі землі на поўначы Жабінкаўшчыны на дзве часткі: большую — рэйхскамісарыят “Украіна” ды меншую, аднесеную да правінцыі “Усходняя Прусія” (або “да нейкіх Прусаў”, як гаворыць бабуля Вера). Непадалёку ад Арэпічаў з’явілася “ваха” (памежны пост), адкуль каравульныя сачылі, каб не было парушэнняў граніцы.
На поўдні карбованцы хадзілі ды падаткі па сем скураў з мужыка лупілі, а ў “Прусіі” — маркі і ваеннае жыццё было трохі лягчэйшае. Адное, што нязручна: ва “ўкраінскай” частцы дазволена адкрываць школы, дзе, вядома, усе прадметы на ўкраінскай мове, а ў германскай — не. Гэтая акалічнасць і прымушала Васіля штодня станавіцца парушальнікам: зрання бег у Якубавічы (цераз граніцу, значыць), забіраў з хаты Веру, разам яны і спяшаліся праз сем кіламетраў у Хмелева, на заняткі. І пасля сямі дзясяткаў гадоў, што мінулі, колішнія вучні на памяць чыталі адзін аднаму ўкраінскія байкі, якія павывучвалі тады. Але ж былі іншыя “ўрокі” ў дзяцей вайны.
У тую восень 1942 года, як пачалі хадзіць у вучэльню, карнікі спалілі ўшчэнт Драмлёва, ператварылі ў попел людзей, а вецер іх прах далёка разнёс. У Жабінцы, Сцяброве, Ацячызне — амаль паўсюль! — гучалі расстрэльныя каманды… Аднаго разу Вера набралася страху на ўсё жыццё.
ЯНА НАРАДЗІЛАСЯ ўвесну 1929 года ў Хмялёўцы. Дасюль Вера Мартынаўна называе сваю невялічкую вёсачку “мая Хмялёвачка” (“бо ёсць у нас Хмелева — яно вялікае. А мая малая радзіма — драбнюсенькая”). Дзед яе, што заклаў пачаткі роду, быў “тройчы Паўлам”: звалі яго Паўлам Паўлавічам Паўловічам. Сям’я хутка засталася без бацькі, увесь цяжар сялянскай працы лёг на плечы маці Марыі Мікіфараўны, што паходзіла з працавітага роду Пятручыкаў. У ліхую часіну разам з матуляй дзяўчына апынулася на Камянеччыне, у Якубавічах, у матулінага брата Васіля Пятручыка. Той быў душа-чалавек, неяк уратаваў пляменніцу ад вернай пагібелі.

Успамінае Вера Мартынаўна:

— О, дзеўкаю я была гожаю, высокаю, гаваркою. Гэта цяпер маленькая — жыццё скульбачыла, зрабіла, бы клубочак. Некалі — усё хутка, усё бегам, а зараз да пары ножак-неслухаў атрымала яшчэ пару драўля-ных — для падпоркі. Эх, былі калісь стагоддзі, а зараз адны стагноцці!
Тады ж хлопцы мяне любілі. Праз тое ледзь смерць заўчасна не спаткала. Мела толькі трынаццаць гадкоў, хадзіла яшчэ ў Жыцінскую школу. Прычапіўся Ванька-кучаравы (вельмі я яму ўпадабалася). А мне ж такі кавалер непрыгожы, навошта? Зусім ён, Ванька, нецікавы. Затое быў у нас хлопец з “усходнікаў”, і той заляцаўся, лісты ласкавыя часта пісаў, бо сарамаціўся на словах сказаць, вось і прасіў Ваню мне цішком перадаваць — стаў кучаравы быццам паштальёнам паміж намі. А той мне не перадаваў, а ў сваю кішэню клаў. Неяк пайшоў Іван да партызан, ды не доўга ваяваў — забілі немцы, кішэні абшукалі, лісты знайшлі. Два паліцыянты да мяне прыйшлі, учынілі допыт, высвятлялі, адкуль сувязь з партызанамі?
Дзядзька мой пачуў тое ліха і да солтыса Мішы Бандарука кінуўся, каб уступіўся. Той немцам даводзіць: “Ды малая яна яшчэ, паночкі, ніколі з хлопцамі не хадзіла, якая яна “бандытка”? Адпусціце…”. Паверылі, божачкі мілыя. А я ж так трымцела… Усё мроіцца — ідуць мяне страляць. Жах з вайны, бы хвароба, у галаве сядзяць.
ШТОДЗЕНЬ У ТРЫВОЗЕ. А ночы чакалі, як ліхаманкі. Сярод тых, хто называў сябе партызанамі, сустракаліся і рабаўнікі-каморнікі. Такім галоўнае — скрыні і хлявы адмыкай: дай паесці або сукенку амерыканскую ці хромавыя боты — усё гатовыя вынесці з хаты. Іх сяляне, бы агню, баяліся. Але былі і іншыя, якіх звалі народнымі мсціўцамі.
Вера нярэдка хадзіла “ў сваю Хмялёвачку, дзе сябровачкі жылі”. Надвячоркам, як дзяўчаты сядзелі і ціха перамаўляліся, у шыбу пагрукалі: заходзіць невядомы, увесь нейкі нярвовы, маўклівы. Туды-сюды па хаце пачаў хадзіць. А з кішэні, разглядзела Вера, пісталет тырчыць. Дзяўчына папрасілася дамоў адпусціць, а той незнаёмец зыркнуў і грозна крыкнуў:
— Нікуды не пойдзеш, я сказаў!
Гэта быў партызан-разведчык. Дзяўчына ўтаймавала хвіліну, калі той выйшаў у двор, каб сваіх спаткаць, і — ходу агародамі! У тую ноч быў забіты жыцінскі солтыс Козік.
Аднак сапраўдную “хмару партызанскую” ўсе пабачылі ў сакавіку 1944 года, калі праз Камянеччыну і Жабінкаўшчыну рухаліся каўпакаўцы — байцы Першай Украінскай партызанскай дывізіі. Яны ішлі з баямі праз Турну, Алізараў Стаў, Дзяменічы і Жыцінь на Хмелева ды Крыўляны.
У Жыціні, дзе месцілася нямецкая ўправа, весткі пра каўпакаўцаў выклікалі сапраўдны перапалох. Фашысты кінуліся ў Якубавічы, дзе занялі падворак, у якім жылі Вера з маці і дзядзькам. У тую ноч валіў такі вялізны снег — за доўгае сваё жыццё жанчына ніколі больш падобнага не бачыла. Немцаў-вартавых імгненна заносіла снегам. Яны без тлумачэнняў занялі хату, святло прытушылі, пазачынялі радзюшкамі вокны, размаўлялі ў паўголаса. Гаспадароў паўсюль супра-ваджаў канвой, відаць, баяліся, каб не збеглі да партызан.
— Яны ж паміж нас страх пасеялі, але ж і самі былі перапалоханыя, асабліва перад вызваленнем, — гаворыць бабуля Вера. — А каўпакаўцы як ішлі, так і пайшлі далей. Ехалі яны на фурманках. І для партызанаў снег стаў перашкодаю. Яны свае вазы пакінулі ў Хмелеве, там у людзей пабралі санкі. Як стала вядома, што каўпакаўцы рушылі з сяла, немцы пакінулі нашу хату.
ПРАЗ ЧАТЫРЫ МЕСЯЦЫ, у ліпені сорак чацвёртага, прыйшло вызваленне. Яно далося нялёгка. Масква ў зводцы Саўінфармбюро ўжо ў аўторак 18 ліпеня паведаміла пра вызваленне Жабінкі. Аднак гэта быў толькі пачатак, баі за нашу зямлю ішлі тры дні. Адным з самых напружаных участкаў стала памежжа Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў, дзе адбылася моцная танкавая сутычка.
21 ліпеня 30-ы асобны гвардзейскі цяжкі танкавы полк падпалкоўніка К.А.Парфёнава імклівым ударам авалодаў Багдзюкамі і рухаўся на Турну (у нашы часы ў гонар герояў-танкістаў на пастаменце ў Пелішчах месціцца танк, ля Палявой Рэчыцы — пахаванне загінулых, у Арэпічах — магіла старшага лейтэнанта Фёдара Рацюка, які загінуў 20 ліпеня).

Расказвае Васіль Міхайлавіч:

— Перад адступленнем гітлераўцы рабавалі ўсё, што маглі, а што не паспявалі, тое крушылі і палілі. Я хаваў у лесе коней — толькі б акупанты не забралі. Каб уратавацца ад бомб, наша сям’я ўладкавала на ўласнай сядзібе два акопчыка: у большым схавалася маці з малымі дзецьмі, у меншым — я з бацькам. Перад наступленнем Чырвонай Арміі навокал нашых схованак цэпамі заляглі немцы. Сярод іх былі і ўласаўцы. Адзін з іх сказаў бацьку: “Я з Масквы, туды мне ўжо дарогі няма. Мы адыдзем за Буг і далей — ні кроку назад!”. Відаць, спадзяваліся яны, што спыняць савецкае наступленне на даваеннай мяжы. Ды куды там! Фашысты хутка былі выбітыя са сваіх пазіцый і адступілі ў напрамку Грабаўцоў. На ўласныя вочы бачыў іх падбітыя “тыгры”, не менш дзясятка танкаў з крыжамі спыніліся назаўсёды на нашай зямлі.
А ўсе дарогі, узлескі запоўніліся савецкай тэхнікай. Ніколі не бачыў такога мноства танкаў. Ішла з лязгам такая пераможная сіла, што ніхто ўжо не сумняваўся — прыйшло вызваленне. А за ім і перамога не за гарамі!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: сустрэліся дзеці вайны Вера Мартынаўна Тур  і Васіль Міхайлавіч Шышчыц.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top