Сярод пераможцаў —  наш цукровы

У чэрвені на базе турыстычнага комплексу “ГРЫН” у горадзе Арол праходзіў XII Міжнародны цукровы форум. У ім прынялі ўдзел 130 кампаній з 22 краін. Сярод такіх дзяржаў, як Расія і Аўстрыя, Англія і Германія, Іспанія і Італія, Нарвегія, Польшча, Францыя, ЗША і многія іншыя, былі і прадстаўнікі цукровай прамысловасці з Беларусі, у прыватнасці, жабінкаўскія цукравары. Арганізатарамі форуму выступалі — Асацыяцыя цукравытворцаў дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза, у складзе якога Саюз цукравытворцаў Расіі, Белхарчпрам і Асацыяцыя вытворцаў буракоў і цукру Рэспублікі Казахстан.
У час форуму былі падведзены вынікі штогадовага конкурсу на лепшую гаспадарку, што вырошчвае буракі, і лепшыя цукровыя заводы Расіі і краін Мытнага саюза. ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшы цукровы завод Мытнага саюза 2012 года”.

Спорава — гэта здорава!

13-14 ліпеня ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна, вядомай сваімі вясёлымі жыццярадаснымі людзьмі, ужо ў пяты раз ладзілася абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты”. Прыняць удзел у цудоўным фэсце быў запрошаны народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” пад кіраўніцтвам Наталлі Дырман. Нашы самадзейныя артысты выступілі на галоўнай сцэне свята з гумарыстычнай праграмай “Еўрабачынне па-хмэлюўску” і правялі майстар-клас для гледачоў. Са Спорава яны вярнуліся з узнагародай — граматай, атрыманай за шчырыя жарты, весялосць, дзіўную здольнасць дарыць людзям хвіліны смеху і добрага настрою.

Пісьменнік з Баранцоў

Днямі стала вядома, што берасцейская суполка Саюза пісьменнікаў Беларусі папоўнілася новым сябрам. Ім стаў наш зямляк А.А.Брытун. Ён нарадзіўся 7 лістапада 1957 года ў в.Баранцы. Анатоль Арцёмавіч скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і факультэт грамадскіх прафесій Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Працуе інспектарам на мытні ў Брэсце. Пісьменнік піша раманы і аповесці, рыхтуе да друку старыя паданні для рэспубліканскіх перыядычных выданняў і літаратурных часопісаў “Полымя”, “Маладосць”. Летась у свет выйшаў ягоны прыгодніцкі раман “Пах мускусу”.

Рыхтуйце стрэльбы, паляўнічыя

Як паведаміў у рэдакцыю галоўны паляўніцтвазнаўца РАС БТПР Уладзімір Дзмітрук летне-асенні сезон палявання ў 2013 г. дазволены ў паляўнічых угоддзях на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна. З 10 жніўня да 8 снежня — на вадаплаўную (акрамя гусей) балотную дзічыну, перапёлку, вальдшнэпа, шызага голуба, вехіра ў светлы час сутак са здабычай іх любога полу і ўзросту. Спосаб палявання — ружэйны з засады з падзываннем, з падыходу, з пад’езду з маламерных суднаў без рухавіка (альбо з непрацуючым), у тым ліку з паляўнічымі сабакамі (акрамя хартоў і гончых). На гусака (белалобага, гуменніка, шэрага), канадскую казарку можна выходзіць на паляванне з 21 верасня да 8 снежня 2013 г. у светлы час сутак са здабычай птушак любога полу і ўзросту. Дазволены спосаб палявання — ружэйны з засады, з падзываннем, з падыходу, з пад’езду з маламерных суднаў без рухавіка (альбо з непрацуючым), у тым ліку з выкарыстаннем для пошуку і падачы здабытай дзічыны паляўнічых сабак (тэр’еры, таксы, выжлы, рэтрыверы, спаніэлі, водныя).
Паляванне будзе праводзіцца па сезонных і раза-вых пуцёўках у суботы, нядзелі, панядзелкі і аўторкі, у дзяржаўныя святы, святочныя дні, аб’яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, а для замежных грама-дзян ва ўсе дні тыдня. Тэрмін спынення дзейнасці сезонных пуцёвак — 1 лістапада 2013 г. З 2 лістапада па 8 снежня 2013 г. будуць рэалізоўвацца толькі разавыя паляўнічыя пуцёўкі на птушак.

“Куды блінок закаціўся”?
У “Зубраня”!

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Выдавецкі дом “Звязда” распачалі творчую акцыю “Пісьменнікі — дзецям”. Першая сустрэча з малымі адбылася ў лагеры “Зубраня” на Нарачы. У ёй бралі ўдзел першы намеснік міністра інфармацыі Л.Ананіч і дырэктар Выдавецкага дома А.Карлюкевіч. Рэдактар выдавецтва В.Аляксеева пазнаёміла дзяцей з новым зборнікам аўтарскай казкі “Куды блінок закаціўся”. Дарэчы, назву прыгожа аформленай кнізе дала аднайменная казка Анатоля Бензерука. Пад вокладкай “сабраліся” казкі 13 творцаў для дзяцей,  у тым ліку і нашага земляка Расціслава Бензерука, які шмат піша для іх.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top