Няхай лета будзе кніжкамі сагрэта

Няхай лета будзе кніжкамі сагрэта

Весела прайшло раённае свята дабрыні “З дзяцінства ўсміхайцеся, людзі”, якое арганізавала раённая дзіцячая бібліятэка для дарослых і дзяцей.
Плакат “Чытай, мой горад!” упрыгожаны кветкамі, красаваўся каля бібліятэкі, на які здалёк можна было звярнуць увагу. Тут стаяла і палатка, дзе размясціўся “Кніжны базар”, з прадстаўленымі навінкамі літаратуры і невялічкай часткай камерцыйнага фонду. Каб што-небудзь “купіць” на базары, кожны з чытачоў павінен быў адгадаць загадку, ці адказаць на пытанне віктарыны, якую задавала бібліятэкар абанемента Наталля Мікалаеўна Бельская. Жадаючых узяць кніжку было шмат, а яны, прыгожа расстаўленыя, вабілі вока чытача. Для дарослых і дзяцей прапанавалі акцыю камерцыйнага фонду — 1 кніжку чытач мог узяць бясплатна.
Далей размясціўся стэлаж з назвай “Журкросінг”. Тут бібліятэкары прапаноўвалі свабодны кнігаабмен. Яго галоўны прынцып “Прачытаў — аддай другому”. Тут не патрэбен фармуляр, дазвалялася ўзяць часопісаў сколькі панясеш, бібліятэкары не будуць згадваць тэрміны звароту, але чытач можа прынесці іншы часопіс. Даспадобы прыйшоўся “Журкросінг”, задаволеныя чытачы дзякавалі бібліятэкараў за такую прыдумку.
Не абмінулі чытачы і выставу “Кніжны парк”. Розныя віды паркавых дрэў вабілі пачытаць у цяньку цікавую, патрэбную кніжку. А вось маленькія прысядалі і разглядалі “Церамок казак”, які, як і належыць, меў вокны з кніжкамі, каля хаткі стаяла карова, побач — малая даярка, на кардоннай агароджы прыляпіліся кветкі, на пяньку прымасціўся пеўнік, непадалёку — вожык і сабачка, а мышка-нарушка сцерагла казачнае царства. Дзеці фатаграфаваліся, бралі цацкі ў рукі, цікавыя кніжкі, — нібыта тут была сапраўдная казачная краіна.
Далей з указальнікамі “Чытальная зала”, па “дзіцячых слядах” можна было трапіць у летні чытальны зал для самых маленькіх наведвальнікаў мерапрыемства. Тут ім чыталі казкі старэйшыя дзяўчынкі Лера Чарнак і Ліза Дулевіч.
Святочную праграму бібліятэкарам дапамагалі праводзіць юныя чытачы Аня Андрасюк і Даніл Дзмітрук. Яны загадвалі загадкі, спявалі ра-зам песні, зрабілі прыпынкі на астравах “Ветлівасці”, “Клопату”, “Мысе працавітасці”, “Музычным праліве”. На кожным прыпынку дзеці павінны былі паказаць свае веды правілаў паводзін і этыкету, успомніць ветлівыя словы, веданне навакольнага свету, адгадаць прылады працы…
Гульнёвая праграма “Раз, два, тры, чатыры, пяць — выхадзі гуляць!” не пакінула нікога абыякавым, усім хапіла конкурсаў. Яны выклікалі ў дзяўчынак і хлопчыкаў станоўчыя эмоцыі і вясёлы настрой. Ніхто з удзельнікаў не застаўся без падарункаў, усе атрымалі сувеніры і шквал апладысментаў.
Напрыканцы свята ўсім дзецям бібліятэкары раздалі каляровыя крэйды і прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе малюнка на асфальце “Мірная планета”. Фантазія іх была бязмежнай. На пляцоўцы ля бібліятэкі з’явіліся казачныя героі, голубы міру, сонца… Тут перамагло сяброўства…
У госці на свята прыехалі чытачы Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі разам з загадчыцай  Ірынай Міхайлаўнай Самасюк. Яны падрыхтавалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне “Запрашае лета ў госці”. Дадому дзеці разыходзіліся шчаслівыя, каб зноў вярнуцца за часопісамі і кніжкамі ў раённую дзіцячую бібліятэку.
Галіна ХАНДРЫКА, намеснік дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі.
На здымках: пад час мерапрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top