На прыкладзе Пятра і Фяўроніі

На прыкладзе Пятра і Фяўроніі

Жыццё святых Пятра і Фяўроніі Мурамскіх — гісторыя ўзаемаадносін мужа і жонкі, якія здолелі пераадолець усе выпрабаванні лёсу і сталі прыкладам ідэалу хрысціянскай сям’і. Тыя радасці і праблемы, з якімі давялося ім сутыкнуцца восем стагоддзяў назад, актуальныя і на сённяшні дзень. Гэтая святая сямейная пара захоўвала ў сабе тыя духоўныя якасці, якія неабходны кожнаму, хто спрабуе ўмела будаваць свае адносіны з самым блізкім чалавекам: узаемныя каханне, адданасць і вернасць, міласэрнасць і клопат аб блізкіх. І, галоўнае, — веру адзін у аднаго і ва Усявышняга. Таму восьмага ліпеня, у дзень памяці святых Пятра і Фяўроніі, увесь свет адзначае дзень сям’і, кахання і вернасці.
На Жабінкаўшчыне ўжо другі год ладзіцца гэтае свята ў месцы, дзе нараджаюцца сем’і — абрадавай зале загса. Арганізатарам яго выступае прыход Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка сумесна з тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А Фонд міру парадаваў дзетак “салодкім сталом”.
Гэты дзень яшчэ раз напамінае нам, што сям’я — гэта самая вялікая каштоўнасць чалавека. Маленькая яна ці вялікая, маладая ці “са стажам”, у любым выпадку гэта крэпасць, дзе цябе любяць і чакаюць. На свята былі запрошаныя 9 жабінкаўскіх сем’яў, дзе муж з жонкай жывуць у згодзе і каханні, нараджаюцца дзеткі. Нездарма сімвалам дня сям’і, кахання і вернасці стала самая простая і “чыстая” кветка — рамонак, кожны пялёстак якога ўвасабляе радасці, якія тоіць у сабе сям’я.
— Сям’я — вялікі саюз. Калі ствараем яе, павінны разумець, што бярэм у рукі крыштальны сасуд, які трэба засцерагаць ад нягод, напаўняць каханнем. Можна зрабіць залатую клетку, аднак, калі ў ёй будзе пустэча, калі адтуль не будзе гучаць спеў птушанят, яна хутка надакучыць. Таму я жадаю, каб тыя дзеткі, якія ў вас ужо ёсць, і тыя, якіх вам яшчэ дасць Гасподзь, былі для вашых сем’яў арыенцірам, жыццёвым сэнсам. І вельмі хочацца, каб дзверы загса часцей адчыняліся для стварэння новых сем’яў, а не скасавання шлюбаў, — адзначаў айцец Сергій Петрусевіч, настаяцель Свята-Пакроўскага храма г. Жабінка.
У час мерапрыемства запрошаныя сем’і расказвалі аб тым, якія ў іх існуюць традыцыі, якое значэнне нясе сямейны саюз у іх жыцці, разам шукалі адказы на характэрныя дзіцячыя пытанні, удзельнічалі ў конкурсах.
Напрыканцы свята са шчырымі словамі і падарункамі звярнулася да прысутных кіраўнік тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раіса Макараўна Мышкавец. Айцец Сергій падарыў кожнай сям’і кнігі Данііла Сысоева “Навошта хадзіць у храм кожную нядзелю”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у дзень святочнага мерапрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.  

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top