«103» спяшаецца на выклік

«103» спяшаецца на выклік

І днём, і ўначы, у любое надвор’е машына “103” па першаму выкліку спяшаецца на дапамогу. Для фельчараў “хуткай дапамогі” кожны важны, бо размова ідзе пра здароўе чалавека, а нярэдка і жыццё. Але часта бывае так, што медыкі “хуткай” прыязджаюць на выклік, а той, пацыент, які “адпачываў” на вуліцы “пад градусам”, ужо змяніў месца сваёй дыслакацыі. Нярэдкія і выпадкі, калі па названаму адрасу ніхто не адчыняе дзверы ці гучыць адказ, што “карэту хуткай” ніхто не выклікаў. На жаль, людзі часта не разумеюць усёй сур’ёзнасці работы брыгады медыкаў, а можа, у сілу сваёй эгаістычнасці, проста не задумваюцца, што пад час безвыніковых ці нязначных выклікаў некаму ў аддаленай вёсцы раёна можа не хапіць тых некалькі хвілін, якія губляюцца з-за неразважлівых “пацыентаў”.

Сацыяльны стандарт выконваецца

Згодна з мінімальным сацыяльным стандартам для хуткай дапамогі на 12 тысяч чалавек павінна працаваць адна брыгада. У Жабінкаўскім раёне гэты стандарт выконваецца.
— У нас дзве кругласутачныя брыгады і адна дзённая. Усе яны аснашчаны сучаснай медыцынскай апаратурай і сродкамі сувязі. Няма і дэфіцыту лекаў. Кожная брыгада ў суткі выязджае ў сярэднім 14 разоў. У выхадныя і святочныя дні яшчэ часцей, — ўводзіць мяне  ў курс справы Леанід Пятровіч Карповіч, намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскай раённай бальніцы.
Брыгада “хуткай” складаецца з фельчара і вадзіцеля. Выязныя фельчары — гэта спецыялісты-ўніверсалы. Менавіта ад іх здольнасці хутка ацаніць стан хворага, неадкладна прыняць патрэбнае рашэнне нярэдка залежыць жыццё чалавека. У раённым аддзяленні хуткай дапамогі працуе 9 фельчараў, 9 вадзіцеляў, а таксама 4 дыспетчары. Абавязкі старшага фельчара ўскладзены на Мікалая Міхайлавіча Ніканчука, які характарызуе сваіх калег, як высокакваліфікаваных спецыялістаў. Амаль ва ўсіх ёсць катэгорыі, у асноўным першая.
— Недахопу медыцынскіх кадраў у аддзяленні хуткай дапамогі не адчуваецца. Калектыў зладжаны, адказны, вопытны. Пенсіянераў сярод іх няма, працуе адзін малады спецыяліст. Перад новым годам атрымалі новую “Газэль”. Тэрмін эксплуатацыі такога аўто на “хуткай дапамозе” каля пяці гадоў. На чарзе замена машын 2 і 3 пастоў. Сёлета чакаем яшчэ адну новую машыну, — працягваў размову Леанід Пятровіч.

Экстранныя, тэрміновыя, неадкладныя

Нягледзячы, што раён у нас невялікі, бывае, дыспетчар на “хуткай” за 10 хвілін прымае некалькі выклікаў. Тады прафесійныя медсёстры павінны ацаніць, дзе найхутчэй неабходна медыцынская дапамога.
У мінулым годзе зарэгістравана каля 7 тысяч выклікаў хуткай дапамогі. За пяць месяцаў гэтага года “хуткая” выязжала на выклікі 3263 разы.
Ужо сама назва “хуткая дапамога” гаворыць аб тым, што непасрэдная яе задача — аказваць экстранную медыцынскую дапамогу, якая неабходна ў экстрэмальных сітуацыях. Звяртацца за меддапамогай па нумары 103 патрэбна пры няшчасных выпадках, а таксама пры раптоўных захворваннях і сітуацыях, калі стан здароўя  пагражае жыццю, дзе б чалавек не знаходзіўся. Абслугоўванне хворых і пацярпелых на вуліцы праводзіцца  ў першую чаргу.
Увогуле ўсе выклікі па тэрміновасці і спецыялізацыі, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2009 года “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку арганізацыі дзейнасці службы хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогі” падзяляюцца на 3 катэгорыі. Напрыклад, на экстранны брыгада павінна выехаць на працягу чатырох хвілін. Сюды ўваходзяць аварыі, страты прытомнасці, сып з высокай тэмпературай у дзяцей, атручванне хімічнымі рэчывамі і лекавымі сродкамі, вялікі апёк, глыбокія і вялікія раны, сутаргі, вострыя парушэнні дыхання, надзвычайная сітуацыя, ДТЗ з пацярпелымі і інш. Тэрміновым выклік лічыцца пры парушэнні рытму сэрца, сардэчным ці астматычным прыступе, крывацёку, абмаражэнні, родах і іншых сітуацыях. “Хуткая” да такіх пацыентаў павінна дабрацца за 15 хвілін. Дапамога пры неадкладных выкліках павінна аказвацца не пазней чым праз гадзіну.  Як паказвае практыка, такіх большасць. Сярод іх змяненні артэрыяльнага ціску, галаўны боль, парушэнне сну, болі ў суставах, дробныя траўмы і ўдары, праяўленне прастуды і іншае. Такія выклікі могуць быць пераадрасаваны на амбулаторна-паліклінічную службу і, калі чалавек не можа наведаць паліклініку, да яго  прыедзе ўчастковы тэрапеўт ці фельчар ФАПа.

Не губляйце каштоўныя хвіліны…

Выезд машыны хуткай медыцынскай дапамогі каштуе нятанна і ў сярэднім абыходзіцца бюджэту ў 224 тысячы рублёў. Таму выклікаць “хуткую” трэба толькі пры неабходнасці.
— На жаль, многія выклікі неапраўданыя. Мы можам іншы раз пераадрасаваць просьбы хворых на ФАПы. Хачу напомніць, што сельскія жыхары ў рабочы час павінны звяртацца за дапамогай у мясцовыя лячэбныя ўстановы. Аднак, калі паступае выклік, мы выязджаем на месца. І як бывае крыўдна, калі аказваецца, што брыгада “хуткай дапамогі” была там не надта патрэбная, — расказваў старшы фельчар Мікалай Міхайлавіч Ніканчук. — Нашы машыны — не сродак для дастаўкі пацыентаў на прыём да ўрача, спецыялісты павінны аказваць экстранную дапамогу, а не выязджаць дзеля таго, каб проста зрабіць чалавеку з хранічным захворваннем звычайны ўкол. Тое, што марна трацяцца сродкі, — адна справа. Бяда яшчэ, што губляецца час, які можа спатрэбіцца для выратавання жыцця.
Часта замест таго, каб наведаць паліклініку, некаторыя пацыенты, як адзначаюць медыкі, чакаюць вечара і тэлефануюць у “хуткую”. Вядома ж, прыедуць уважлівыя кваліфікаваныя спецыялісты, выслухаюць, дадуць лекі.
Між іншым, трэба размяжоўваць два паняцці: ілжывы і безвыніковы выклікі. Першыя тыя, якіх увогуле ў цывілізаваным грамадстве быць не павінна. Гэта жарты ці помсты праз “хуткую дапамогу”. Такія выпадкі можна назваць адзінкавымі. За пяць месяцаў бягучага года зарэгістравана 10 ілжывых выклікаў і 17 безвыніковых. Аднак, апошняя лічба вельмі ўмоўная, бо медыкі, калі яны ўжо прыехалі, лічаць сваім абавязкам дапамагчы, чым могуць, ды і не заўсёды фіксуюць іх.
— Прывяду прыклад безвыніковых выклікаў са сваёй практыкі. Маладыя людзі патэлефанавалі і сказалі, што на трасе хлопец атрымаў траўму рукі. Калі наша машына прыехала на месца, аказалася, што рука злёгку выцятая, а хлопцам проста нечым было дабрацца да горада. Бывае, што жонка, раззлаваная на нецвярозага мужа, выклікае “хуткую”. Прыязджаеш, а табе гавораць, што нікога не выклікалі. Нярэдка людзі называюць недакладны адрас, якога ўвогуле не існуе, — дзяліўся Мікалай Ніканчук.
Насамрэч, ілжывыя і безвыніковыя выклікі ўжо даўно павінны былі б карацца адміністрацыйна. Зараз гэтае пытанне абмяркоўваецца на ўзроўні міністэрства аховы здароўя. Ужо ў многіх аддзяленнях хуткай медыцынскай дапамогі дзейнічаюць аўтаматызаваныя сістэмы запісу выклікаў хуткай дапамогі. Ёсць такая і ў Жабінцы і ў бліжэйшы час будзе выкарыстоўвацца ў рабоце.

“Хуткая” — не стол заказаў

Дарэчы, хуткая дапамога не прымае выклікаў і не выязджае да тых людзей, якім не патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога, якія могуць асабіста звярнуцца да ўрача, да хранічных хворых для сістэматычнага лячэння,  а таксама да асоб, якія знаходзяцца ў стане ап’янення, акрамя выпадкаў атручвання сурагатамі алкаголю.
— Некаторых людзей мы ўжо па голасу ведаем, яны пастаянныя “кліенты”. Як правіла, пенсійнага ўзросту, — тлумачыў Мікалай Міхайлавіч Ніканчук. — Многія, патэлефанаваўшы дыспетчару, скардзяцца, што мы іх доўга распытваем, замест таго, каб ехаць на дапамогу. Аднак гэта проста неабходная працэдура. Каб тэрмінова аказаць дапамогу, фельчар павінен мець ўяўленне аб сваім пацыенце і ведаць некаторыя сімптомы яшчэ да прыезду.
Не лішнім будзе нагадаць, што, набраўшы нумар “103”, трэба хутка, коратка і ясна адказваць на пытанні фельчара па прыёме і перадачы выклікаў. Называць дакладны адрас, прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння хворага або пацярпелага, правільна сфармуляваць прычыну званка — што, дзе, калі здарылася. Чалавеку, які выклікае хуткую медыцынскую дапамогу, таксама неабходна назваць сваё прозвішча.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: старшы фельчар М.М.Ніканчук, фельчар Н.А.Дзмітрук, вадзіцеьл У.А.Міхнюк.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top