«Родныя, мілыя мясціны»

«Родныя, мілыя мясціны»

Так называлася свята ў пасёлку Ленінскі, прымеркаванае да 45-годдзя з дня заснавання самага маладога паселішча на Жабінкаўшчыне.
Ганаровае права адкрыць урачыстасць было даручана самаму знакамітаму госцю, знітаванаму лёсам з гэтымі мясцінамі, — кавалеру ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, былому старшыні саўгаса “Рагазнянскі” М.А.Прасмыцкаму. Мікалай Аляксандравіч прыгадаў як усё пачыналася тады, у 1968-ым:
— Сорак пяць гадоў таму, калі ўзводзілі пасёлак, працавалі на будоўлі з энтузіязмам, ды хваляваліся: каму дастануцца ў першую чаргу новыя кватэры? Я адказаў: “Самым працавітым!” О, гэта быў найлепшы стымул! У Ленінскім, ведаю, і цяпер жывуць найлепшыя працаўнікі палёў і фермаў, самыя добрыя людзі на зямлі. Пра гэта здаўна вядома ў розных краях: за гады тут пабывалі грамадзяне з усяго Савецкага Саюза, прадстаўнікі 90 краін свету. Яны бачылі, як гэты цуд нараджаўся. Няхай свята застаецца з вамі!
У ролі гаспадыні святочных мерапрыемстваў выступала дырэктар СДК Валянціна Хмарук. Пад яе кіраўніцтвам на сцэне разгортвалася казачная дзея, у якой Прынцэса ды Ямеля, што злез з печы, віншавалі ганаровых жыхароў аграгарадка.
Найперш — тых, хто доўгі век пражыў: 92-гадовую Паліну Мяфодзьеўну Анічэнка, Ніну Паўлаўну Лупаеву і Агаф’ю Георгіеўну Аляшчук, якія размянялі дзявяты дзясятак.
Добра, што буслы нябесны маршрут сюды не забываюць. Сёння тут жывуць больш за 1400 чалавек. Вось маладая маці Юлія Парфёнава месяц таму адразу двойню “прыдбала”: Марка і Камілу. А ў Вольгі і Андрэя Клімовічаў таксама дачушка, і таксама Каміла… За тое ім песенныя віншаванні і мяккія цацкі ў падарунак. А ў Аляксея і Вольгі Раўновых, Яўгена і Аліны Дудчанкаў спатканні з буслінымі дарункамі наперадзе — яны толькі стварылі свае сем’і. Няхай прапішуцца ў іх дамах каханне і павага! Каб дажылі ў шчасці да “жамчужнага” вяселля, а можа і надалей. Віншаванні атрымлівалі Валянціна Васільеўна і Сяргей Іванавіч Данілюкі, Алена Васільеўна і Аляксей Анатольевіч Фісенкіны. Не скроні гады ў іх пасерабрылі, а вяселле ў іх — “сярэбранае”.
Многім, хто на тым свяце пабываў, памятныя словы Ніны Якаўлеўны Раўновай. Гэты дзень у жанчыны асаблівы: роднаму пасёлку 45, а ёй самой паўстагоддзя.
— Прыгожы дзень, прыгожае свята! — у захапленні гаворыць юбілярка. — Жыву тут амаль палову жыцця ў шчасці. За яго дзякую мужу Міхаілу Іванавічу, з якім ідзем разам у каханні і згодзе, радуемся поспехам дзяцей. Усім-усім дабрыні ад усяго сэрца зычым!
… Доўга яшчэ не сціхала свята. Кожны мог знайсці сабе па густу забаву. Нехта спяшаўся з сонцапёку ў канцэртную залу, дзе ладзіўся вечар-партрэт “Жыццё нашых землякоў” з удзелам паэтаў М.А.Прасмыцкага і С.П.Раманюк. Іншыя былі ля гандлёвых павільёнаў. Трэція знаёміліся з выстаўкай работ школы мастацтваў, вырабамі цудоўных майстрых Ларысы Янкоўскай, Валянціны Данілюк, Марыі Юхімук. Многія падтанцоўвалі і падпявалі самадзейным артыстам з Крыўлянскага СДК, удзельнікам тэатра песні і гумару “Спявай, душа”. Моладзь шукала “Формулу сямейнага шчасця” ў аднайменнай забаўляльнай праграме. А дзеці, бы вераб’і, абляпілі атракцыёны — батут ды каруселі — і ўдзельнічалі ў гульнёвай праграме. Гэтак да цямна сустракаў аграгарадок свой дзень нараджэння.
Нельга не сказаць колькі добрых слоў у адрас спонсараў мерапрыемства. Без клопату і падтрымкі старшыні СВК “Рагазнянскі” Аляксандра Семенюка, індывідуальных прадпрымальнікаў Любові Шамайла, Аляксандра Самайлюка, Васіля Якімука, прыватнага прадпрыемства “Сладанеж” свята не было б такім насычаным і разнастайным.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: дырэктар Ленінскага СДК В.В.Хмарук дорыць кветкі
ганароваму госцю М.А.Прасмыцкаму; да віншаванняў Н.Я.Раўновай з 50-годдзем далучаецца муж Міхаіл Іванавіч;
для дзіцячай радасці круціцца  няспынна карусель.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top