Расце гаспадарка Цалюка

Расце гаспадарка Цалюка

Мець шмат зямлі і працаваць на сябе — аб гэтым Аляксандр Ігнатавіч Цалюк марыў яшчэ тады, калі трактарыстам шчыраваў на палях у калгасе “Прамень”. Больш дзесяці гадоў звязана ў яго з гэтай гаспадаркай. Ён з дзяцінства любіў зямлю і ўмеў працаваць на ёй. Гэтыя навыкі замацоўваліся, калі бацька вучыў хадзіць за плугам, баранаваць. Хлопец добра касіў, па-гаспадарску даглядаў хатнюю жывёлу. Жыўнасці рознай было многа, пры гэтым заўсёды трымалі дзве каровы-карміцелькі. Іншага шляху, як так працаваць Аляксандр Ігнатавіч сабе і не ўяўляў. Быў вопыт, а самае галоўнае — вялікае жаданне гаспадарыць самастойна. Таму ў 2000 годзе ён становіцца фермерам.
Спачатку Цалюк апрацоўваў 23 га зямлі. З тэхнікі быў трактар МТЗ-50, які Аляксандр Ігнатавіч набыў за свае ўласныя сродкі, з жыўнасці — 4 рагулі, 60 галоў свіней. З цягам часу ад нейкіх напрамкаў дзейнасці, наогул, прыйшлося адмовіцца. Так, праз 5 гадоў займацца свінагадоўляй стала нявыгадна, свініна значна патаннела, таму гаспадарка пераарыентавалася на ўтрыманне кароў. Зараз у ёй 55 рагуль, з іх 23 — дойныя. Каровы ў гаспадарцы штогод правяраюцца спецыялістамі раённай ветэрынарнай станцыі. Вось і сёлета ў чэрвені такая праверка прайшла. Колькасць зямлі вырасла да 70 га, з якіх 60 — ворыва. 35 га адведзена для вырошчвання зерневых: пшаніцы, ячменю, трыцікале, якія ідуць на корм жывёле; 10 — для кукурузы на сілас і 2 га — для бульбы, без якой таксама не абысціся ў гаспадарцы. Пры нармальнай цане на апошнюю частка яе ідзе і на продаж. У гэтым годзе вырошчваюцца такія сарты, як “скарб”, “дзіна” і “жывіца”. Аляксандр Ігнатавіч спадзяецца на добры ўраджай.
Сёння фермерская гаспадарка Цалюка добра забяспечана тэхнікай. У ёй тры трактары МТЗ-82, два з якіх былі набыты з дапамогай ільготных крэдытаў, зернеўборачны камбайн і пагрузчык “Амкадор”. Тэхнікі дастаткова, каб хутка і якасна апрацоўваць зямлю, своечасова ўносіць угнаенні, паспяхова спраўляцца як з пасяўной, так і з уборкай. У гаспадарцы ёсць тры даільных апарата. Побач з Аляксандрам Ігнатавічам працуе яго жонка — Людміла Вітальеўна. Пастаянныя памочнікі — трактарыст Руслан Главацкі і рабочы Дзмітрый Ладуцька. Не абыходзіцца фермер і без наёмных работнікаў у “гарачую пару”.
Кожную раніцу жыхары Жабінкі, Здзітава, Шчэглікаў атрымліваюць свежае, яшчэ цёплае малако, якое дастаўляе ім сам гаспадар. На сённяшні дзень ёсць да 300 жадаючых купіць прадукцыю з фермерскай гаспадаркі. Людзі задаволены якасцю малака, тлустасць якога 3-4%.  За 1 літр аматары хатняга сырадою плацяць 6 тысяч рублёў. Так Аляксандр Ігнатавіч Цалюк рэалізуе сваю прадукцыю.
Я пацікавілася, як выглядае працоўны дзень сучаснага фермера?
— Мой дзень не мае пэўных часовых рамак, — адказаў мой суразмоўца. — Працую ад раніцы да позняга вечара. Выхадныя выдаюцца рэдка, а водпуску, наогул, няма. Але нягледзячы на гэта, працую з задавальненнем, бо люблю ўсё, чым займаюся. Атрымліваю асалоду ад ранішняй дойкі, работы на трактары, камбайне. Праблемы ёсць, як без іх у такой вялікай гаспадарцы?! З імі спраўляцца мне дапамагаюць родзічы, аднавяскоўцы. Побач жонка — мая першая памочніца, аднадумца. Старэйшая дачка Юля вядзе бухгалтэрыю гаспадаркі. З боку дзяржавы таксама ёсць дапамога ў выглядзе льготных крэдытаў, калі трэба набыць паліва ці ўгнаенні. Мяне падтрымліваюць і мясцовыя ўлады. Ніколі не пашкадаваў аб тым, што займаюся такой справай, як фермерства, хоць кожны ведае, што праца на зямлі — справа нялёгкая, ды й не прэстыжная ў наш час. Бачу, што колькасць жадаючых звязаць свой лёс з зямлёй з кожным годам не становіцца большай. Шкада, канечне. Тым, хто ўсё ж марыць пра працу на зямлі, пра сваю асабістую гаспадарку, хачу сказаць: за справу бярыцеся смела, нічога не бойцеся, у вас абавязкова ўсё атрымаецца, галоўнае — жаданне. А калі патрэбны будуць мае парады — звяртайцеся, заўсёды дапамагу.
У родных Панцюхах Аляксандра Ігнатавіча Цалюка паважаюць, лічаць сваім, не дарма яму даверылі адказную пасаду — ён стараста вёскі. Мясцовы фермер адгукаецца на любую просьбу аднавяскоўцаў, дапамагае ім вырашаць жыццёва важныя пытанні. Ён любіць зямлю, на якой шчыра працуе, людзей, з якімі жыве побач. І зямля, і людзі плацяць яму тым жа.    Алёна НІКАНЧУК.
На здымку:  Аляксандр і Людміла Цалюкі на ўласных кукурузных палетках.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top