Святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас

Святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас

14 ліпеня, у трэцюю нядзелю пасля Пяцідзясятніцы, Праваслаўная Царква шануе памяць Сабора ўсіх Беларускіх Святых. У гэты дзень мы будзем узносіць свае малітвы заступнікам нашай роднай зямлі, нашым святым суайчыннікам.
Цяперашні 2013 год адзначаны знамянальнай падзеяй у жыцці Праваслаўнай Царквы — 1025-годдзем Хрышчэння Русі. Сярод народаў, якія прынялі Боскую ласку Святога Хрышчэння ў далёкім 988 годзе, годнае месца займае і наш, беларускі. Напрацягу тысячагадовай гісторыі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі праславіліся сваім жыццём угоднікі Божыя, якія шануюцца нашым народам і з’яўляюцца нябеснымі заступнікамі і малітоўнікамі перад Богам за сваіх зямных суайчыннікаў. Традыцыя шанавання святых заўсёды была неад’емнай рысай духоўнага жыцця беларусаў.
У 1984 годзе, напярэдадні святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі, па ініцыятыве Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта быў устаноўлены дзень памяці Сабора Беларускіх Святых у трэцюю нядзелю пасля Святой Тройцы. Праваслаўная Царква імкнулася нагадаць, што мы, праваслаўныя, маем сваіх святых, якія ў найбольшай меры і паўнаце адлюстроўваюць самае светлае, самае добрае, самае чыстае, што ёсць у нашым наро-дзе. Даследуючы яго гісторыю, менталітэт, духоўнае аблічча, павінны абавязкова вывучаць яго праз святых, праслаўленых Богам. Толькі так мы зможам пазнаць народ у яго найбольшай паўнаце, ацаніць яго найвышэйшыя дасягненні.
Прападобная Ефрасіння Полацкая, свяціцель Кірыла Тураўскі, прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі, праведная Іуліанія Альшанская, свяціцель Сімяон Полацкі, праведны Іоан Кармянскі, свяшчэннамучанікі Гаўрыіла Беластоцкі і Паўлін Магілеўскі, многія іншыя. На працягу двух дзесяцігоддзяў колькасць кананізаваных беларускіх падзвіжнікаў узрасла ад чатырнаццаці да шасцідзесяці аднаго.
14 ліпеня ва ўсіх храмах Беларусі будуць праслаўляцца нашы нябесныя заступнікі. Верым, што малітоўнае заступніцтва святых зямлі беларускай будзе надзейнай духоўнай апорай для нас, тых, хто жыве ў трэцім тысячагоддзі ад Нараджэння Хрыстова і спадзяецца сустрэць яго на нашай зямлі ў міры і спакоі.
Дай Божа нам дастойна і з годнасцю ўшаноўваць святасць, яўленую нашаму народу! Будзем жа малітоўна звяртацца да тых, каго Гасподзь даў нам у дапамогу і заступніцтва: “Усе святыя зямлі беларускай, маліце Бога за нас!”
Настаяцель Свята-Пакроўскага храма г.Жабінка, свяшчэннік Сергій ПЕТРУСЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top