Чакаюць сюрпрызы на Візжары

Чакаюць сюрпрызы на Візжары

Аб тым, што на возеры Візжар акрамя гарадскога пляжа з’явілася яшчэ адно месца адпачынку з таго боку, адкуль пад’язджаюць аўтамабілі, даводзілася чуць не ад аднаго чалавека. Палашчыцца пад цёплымі промнямі сонца сюды прыходзяць не толькі жыхары мікрараёна цукровага завода, але і ўсёй Жабінкі.
У гарачыя дні на Візжары сапраўды яблыку недзе ўпасці. Ды і не дзіва, навошта ехаць далёка, калі тут, зусім побач, прырода радуе прыгажосцю, яркімі блікамі гуляе па воднай гладзі сонца. Ды і сіламі саміх жыхароў Жабінкі ў супрацоўніцтве з гарадскімі службамі ствараюцца належныя ўмовы для добрага адпачынку. У прыватнасці, на сайце нашай “Сельскай праўды” з’явіўся каментарый чытачкі Таццяны, якая прасіла звярнуць увагу на ініцыятыву ў добраўпарадкаванні пляжа жыхаром Жабінкі  Аркадзем Козікам, які зрабіў адпачынак на возеры цікавым і камфортным.
Для дзяцей абсталяваны ім невялікі па сваім памеры пляжык — сапраўдная скарбонка забаў. Хочаш ідзі на арэлях катайся, у пляжны валейбол ці шашкі гуляй. Есць тут дошка, на якой дзеці з радасцю пакідаюць свае малюнкі, нацягнута гумка для скачкоў у вышыню, зроблены  драўляны турнік, каб час адпачынку быў не толькі прыемным, але ж і ўмацоўваў здароўе. На вадзе таксама чакаюць сюрпрызы: водная горка, пад’ём для скачкоў, можна пры жаданні і ў воднае пола пагуляць. Прываблівае ўвагу ўрна для смецця якая заклікае: “Смецце ў  яшчык збірай і спакойна загарай”. Ёсць туалет і месца для перапранання, без якіх не абысціся ля вады.
Нехта скажа, усе тут зроблена вельмі проста, маўляў, стары век. Аднак, колькасць адпачываючых на пляжы гаворыць пра тое, што першапачатковая задача выканана.
— Галоўным было абсталяваць месца для адпачынку, якое б падабалася людзям, дарыла ім пазітыўныя эмоцыі. Зразумела, сам бы я не справіўся, мне дапамагалі мае сябры, за што ім вялікі дзякуй, — дзяліўся Аркадзь Козік.
Возера Візжар знаходзіцца на балансе Жабінкаўскай ПМК-19 УП “Брэстводбуд”. Арганізацыя выконвае, можна сказаць, функцыю рэгулятара вады, сочыць за яго чысцінёй. Зараз на Візжары вядзецца рэканструкцыя помпавай станцыі, рамонт водазабору, водавыпуску, помпаў і рухавікоў, а таксама іншыя работы, якія дазволяць палепшыць якасць вады ў возеры.
Паглядзелі мы, якія ўмовы для адпачынку створаны на ранейшым пляжы, што існуе на Візжары. За прыгажосць і чысціню тут адказвае КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. Камунальшчыкі ўсталявалі 3 грыбка з лаўкамі, на пляжы ёсць урны для смецця, пераапраналка. Сочыць за парадкам замацаваны за гэтай тэрыторыяй работнік ЖКГ. Аднак нярэдка агульныя ўражанні псуе так званая лыжка дзёгцю. Некаму мяшаюць сметніцы, таму іх даводзіцца пастаянна аднаўляць.
Увогуле, на Жабінкаўшчыне для купання і адпачынку афіцыйна зацверджаны 5 пляжных зон: на возеры Візжар, на рацэ Мухавец, у гарадскім парку, у санаторыі “Надзея” і на возеры ў вёсцы Хмелева. Усе яны адпавядаюць санітарным нормам. Але праблема ў тым, што многія людзі не ўмеюць цаніць не толькі прыгажосць прыроды, але і працу іншых людзей. Да прыкладу, на хмелеўскім возеры кантэйнер для смецця змешчаны ў 20-ці метрах ад берага. Напэўна, для многіх адпачывальнікаў гэтая адлегласць становіцца недасягальнай, таму смецце і бутэлькі застаюцца на беразе. А побач гуляюць дзеці, якіх мы вучым сачыць за чысцінёй… Хоць гучыць банальна, але ж у чарговы раз хочацца сказаць: беражыце нашу прыроду, для смецця існуюць урны. Уявіце, калі кожны кіне на беразе хоць па адной паперцы ці бутэльцы, то праз тыдзень вы будзеце адпачываць не на светлым пясочку, а на смеццевым дыване.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: дзецям падабаецца новы пляж  на Візжары.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top