Деревянные сказки Полесья

Деревянные сказки Полесья

Драўляныя казкі Палесся
Некалі прыгожыя палацы Санкт-Пецярбурга называлі “музыкай, што застыла ў камені” або “каменнай казкай”. Часам шкадуем, вяртаючыся з падарожжаў, што ў нас не стае такіх багаццяў. Аднак 18 чэрвеня, калі на Жабінкаўшчыне ладзіўся вялікі семінар, прысвечаны беларускаму дойлідству, з вуснаў спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны (а сярод іх былі прадстаўнікі ЮНЕСКА, Міністэрстваў культуры Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы) не аднойчы гучала: “Брэстчына — асаблівы край, багаты на старажытныя цэрквы — сапраўдную драўляную казку Палесся”.
Нашы цэрквы пакідаюць незабыўныя ўражанні. Невялічкія і ўтульныя, яны маюць выразнае самабытны выгляд, як кожная памятка былых вякоў.
Першы ў спісе — Свята-Мікалаеўскі храм у Здзітаве. Ён адлічыў ужо 508 гадоў з дня заснавання і з’яўляецца, відаць, самым старажытным драўляным будынкам на Брэстчыне. Абнаўленні XVIІI-XX стагоддзяў не закранулі галоўнага — завершанай выразнай кампазіцыі, створанай невядомым дойлідам паўтысячагоддзя таму. У гэтым асаблівая каштоўнасць дрэва — “жывога” матэрыялу і заслуга людзей, што не парушылі гармоніі.
На жаль, інакш склаўся лёс Свята-Іаанаўскай царквы ў Маціевічах. 20 гадоў таму храм быў перабудаваны і страціў свой першапачатковы цэласны вобраз, характэрны для XVIІІ стагоддзя. Тады ён быў асвечаны ў імя Яна Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і вялікамучаніцы Варвары. А ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі значыцца як “Царква са званіцаю”.
Для сваіх храмаў людзі заўжды выбіралі маляўнічыя мясціны на скрыжаванні дарог. У абсадзе велічных дрэў, што быццам волаты, ўзнімаюцца на іх абарону ад бураломаў, сухавеяў. Памятаю, як хмелеўцы казалі:
— Наш Спас (Спаса-Праабражэнская царква) ратуе нас, а векавыя сосны бароняць яго.
Хмелеўскі храм, створаны ў 1725 годзе, ведаюць далёка за межамі Жабінкаўшчыны. Месца, як у народзе кажуць, намоленае, асвечанае прысутнасцю манахаў, што і ўдзень, і ўначы працуюць ды з Богам размаўляюць, просячы для людзей спакою і літасці. Многія ведаюць славутыя мясцовыя абразы, асабліва “Маці Боскую Чанстахоўскую”. Абраз XVIІ стагоддзя, ікону лічаць цудадзейным. У Хмелеве кожны згадае паданне, што храм узнік менавіта на тым месцы, дзе спыніўся конь, на якім гаспадар вёз яго.
Адначасова з хмелеўцамі паклапаціліся пра заснаванне храма сяхноўцы. У 1727 годзе ён быў асвечаны ў гонар Святога Мікалая. А неўзабаве ўзнікла драўляная Пакроўская царква ў Арэпічах. Такім чынам, у XVIІІ стагоддзі на поўначы сучаснага Жабінкаўскага раёна з’явіліся храмы, што і дасюль служаць Богу і людзям.
Асаблівую цікаўнасць выклікае царква Архангела Міхаіла, змешчаная ў цэнтры вёскі Сцяпанкі. Час яе заснавання — 1617 год, калі большасць вернікаў былі грэка-католікамі (уніятамі). Адсюль і асаблівасці будынка. Міхайлаўская царква адносіцца да рэдкага на Беларусі базілікавага тыпу драўлянага храма. Так раней і зараз будуюцца каталіцкія касцёлы. Пазней, калі ў ХІХ стагоддзі на гэтых землях, апанавала праваслаўе, царква ў Сцяпанках мяняла патроху свой выгляд, але базілікавыя структуры нагадваюць пра старажытнасць узнікнення гэтай царквы.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: самабытная царква ў Сцяпанках амаль 400 гадоў прымае вернікаў.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top