«І вырастаў наш горад разам з намі…»

«І вырастаў наш горад разам з намі…»

6 ліпеня, напярэдадні купальскай ночы, ладзілася свята мікрараёна цукравараў. Штогод арганізатары мерапрыемства імкнуцца ўнесці ў яго нешта асаблівае. Сярод сёлетніх сюрпрызаў быў, “дэсант” парашутыстаў, якія прыгожа луналі над дамамі, каб паспяхова прызямліцца на стадыёне. Так незвычайна адкрылі святочную праграму спартсмены з Брэсцкага гарадскога аэраклуба.
На сцэне Галіна Міцковіч і пераможца дзявятага міжнароднага тэлевізійнага фестывалю мастацтваў “Марская ракавінка-2013” у Балгарыі танцавальны ансамбль “Цукарынка” (кіраўнік Тамара Дзікая). Юныя артысты толькі што вярнуліся адтуль шчаслівыя і з радасцю дарылі сваё выступленне гледачам, сярод якіх былі і бацькі, і сябры, і проста знаёмыя гараджане, якія ганарацца поспехамі маладога самадзейнага калектыву.
Нягледзячы на гарачае надвор’е, на плошчу ўсе падыходзілі і падыходзілі людзі, многія — сем’ямі, з дзецьмі, для якіх тут прапаноўвалі гульні, конкурсы і цацкі.
Машыніст катла ЦЭЦ Вадзім Кандрацюк і сёлетняя выпускніца ВНУ Наталля Тумік былі не проста вядучымі на свяце. Яны прадстаўнікі маладога пакалення мікрараёна, якія нарадзіліся і сталелі тут. Каму, як не ім казаць:

Он вырастал, наш город,
Вместе с нами,
И дорог нам,
Как жизни колыбель.

На іх вачах прырастаў новымі будоўлямі, як тут кажуць, “пасёлак” цукравараў. І вось ужо заводу сёлета 50, ён стаў градаўтваральным прадпрыемствам Жабінкі.
— Прыемна сёння прымаць удзел у вашым свяце, — гаворыць старшыня рай-выканкама М.В.Токар, — якое ў чарговы раз арганізавала для жыхароў кіраўніцтва цукровага завода. А тут жыве 4 тысячы чалавек, трэць гараджан. Вельмі добра, што вы стараецеся і ўмееце зрабіць утульным, чыстым і прыгожым гэты куточак роднай зямлі.
Важная місія была ў генеральнага дырэктара і старшыні прафкама ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” В.Р.Міронава і І.К.Якубук. Яны віншавалі і ўзнагароджвалі людзей, якія “сумленна працуюць, маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, не раўнадушныя да таго, што адбываецца ў нашай мясцовасці”. Намінанты: начальнік вытворчай лабараторыі С.У.Паграноўская — за пра-фесіяналізм, працавітасць і перадачу ведаў новаму пакаленню, настаўнік СШ №2 М.П.Кавальчук — у знак удзячнасці за гады супрацоўніцтва і ўклад у выхаванне, загадчыца аптэкі №199 г.Жабінка, што месціцца ў будынку заводскага інтэрната, В.А.Дземідзюк — за спа-гадлівасць, разуменне і чулыя адносіны да наведвальнікаў, аператар пульта кіравання цукровай вытворчасці І.Ю.Басякоў — за высокае майстэрства і імкненне да ўдасканалення прафесійнай дзейнасці, электраманцёр Р.Ю.Блішчык — за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці завода, ансамбль песні “Раздолье” (хормайстар клуба А.В.Чарнушыч), які названы “Адкрыццём года”.
Пра кожнага з намінантаў можна расказваць асобна, і кожны за-слугоўвае таго. Мікалай Пятровіч Кавальчук аддаў другой гарадской школе 25 гадоў свайго жыцця, з якіх 20 — быў на дырэктарскім пасту, з павагай да яго ставяцца нават былыя двоечнікі. Валянціна Аляксандраў-на Дземідзюк умее так разважыць і супакоіць чалавека, які прыйшоў за лекамі ў аптэку, што той пра боль забываецца. Колькі б новых работнікаў не з’яўлялася ў лабараторыі, Святлана Уладзіміраўна Паграноўская цярпліва навучае іх, вучыць любіць справу, якую выконваеш. Без Руслана Блішчыка не абыходзіцца ніводнае спартыўнае мерапрыемства, Ігар Басякоў актыўны, надзейны, перспектыўны спецыяліст, Аляксандр Чарнушыч летась стварыў цудоўны творчы калектыў.
Намеснік генеральнага дырэктара А.В.Еўтуховіч абвяшчае вынікі конкурсу добраўпарадкавання. Многія з адзначаных і ў мінулыя гады называліся сярод лепшых. Напэўна, гэта і зразумела — не жадаюць здаваць пазіцый пераможцаў. Так, дом №1 па вуліцы Калініна зноў прызнаны ўзорным (старшыня дамавога камітэта М.В.Сакайдановіч). На яго тэрыторыі заўжды чыста, а дзіцячая пляцоўка адрэстаўраваная самімі жыхарамі. Лепшыя пад’езды ў дамах №11 па вул.Цітова і №№ 16, 5 і 1 па вул. ХХІІ з’езда КПСС (старшыя пад’ездаў А.Г.Вараб’ёва, А.Ф.Аўрамчык, Г.Р.Голуб, Н.М.Казак і Т.М.Ціханоўская. За прыгожыя клумбы ля дамоў прэміраваны Т.В.Новік, Л.А.Грыгарук і У.С.Ткачук (д. №7 вул.Цітова і д. №7 вул.ХХІІ з’езда КПСС), а С.І.Семянюк і С.В.Шэйка — за квітнеючыя лоджыю і балкон. Актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе, за што і ўзнагароджаны, жыхары дома №14 з вуліцы ХХІІ з’езда КПСС (старшыня дамавога камітэта І.М.Кашчэва).
Гулянне доўжылася дапазна. Выступалі не толькі жабінкаўскія самадзейныя артысты, але і іх калегі са Слуцкага цукрарафінаднага камбіната. Партрэтысту Валерыю Зайцаву пазіравалі жадаючыя ўбачыць сябе вачамі мастака і параўнаць у натуры. Дзеці заглядаліся на аматараў-хадулістаў… Праграма свята была насычанай. Магчыма, хтосьці стараўся ў гэтую ноч адшукаць кветку папараці, а можа і знайшоў яе…
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: свята мікрараёна цукровага завода.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top