Зорачкі эстрады на каляднай сцэне

Зорачкі эстрады на каляднай сцэне

Прыемнай нечаканасцю для гараджан стаў калядны канцэрт дзіцячага эстраднага калектыву “Алегра-Нова”, што пры Цэнтры пазашкольнай работы. Поўным аншлагам у кінатэатры “Юбілейны” сустрэлі прысутныя юных спевакоў, якія паказалі звыш двух дзесяткаў нумароў.
Ад вакальных ансамбляў “Малышок”, дзе найменшай Надзейцы Чэчалевай споўнілася пяць гадоў, і “Сонейка” з сямігадовымі салістамі Ангелінай Жываевай і Данілам Хільчуком, прызёрамі конкурсу “Шаную цябе, Белая Русь” у Мінску, да старэйшых хлопцаў і дзяўчат (самы большы ўзрост 16 гадоў)— такі склад эстраднага калектыву. А сярод удзельнікаў і кампазітар-пачатковец, салістка Юлія Салдакаева, якая атрымала дыплом на Міжнародным конкурсе краін Балтыі і СНД. Яна ж брала ўдзел у конкурсе дзіцячай песні “Арфей у Італіі” і паўфінале “Песня для Еўрабачання”.
Рознаўзроставы калектыў наведвае 40 дзяцей. Ёсць і тое, што іх усіх аб`ядноўвае: яны не проста спяваюць, а ствараюць на сцэне вобразы — патрыятычныя, камедыйныя, у залежнасці ад зместу песні. Мастацкі кіраўнік Нэлі Дукава не ўтойвае: каб запаліць гэтыя маленькія зорачкі, давялося шмат і настойліва працаваць усе чатыры з лішнім гады, калі ў званні заслужанага работніка культуры Рэспублікі Адыгея прыехала ў Жабінку. І што асабліва важна: адшукала тыя духоўныя ніткі, якія прывялі яе да нацыянальных вытокаў нашай, беларускай культуры. Яна, у прыватнасці, наладзіла плённае творчае супрацоўніцтва з кампазітарамі Васілём Кандрасюком і Юрыем Давідзюком(піша ён таксама тэксты), з паэтам Алесем Каско. Дзве іх песні — “Буслоў не ведаю бяздомных” і “Беларусь” — бліскуча выканаў Даніла Казлоў. Увесь мінулы год для сямікласніка першай гарадской школы быў бліскучы. Данік стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”, атрымаў Гран-Пры Міжнароднага конкурсу “Залатая пчолка”. Днямі яму прыйшла ўзнагарода —заахвочвальная прэмія Прэзідэнта краіны ў падтрымку таленавітай моладзі.

Т.ЛІСІЧЫК

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top