Васіль Сахарчук

Васіль Сахарчук

«Сумна і светла на свяце душы…»

10 ліпеня 2013 г. Васілю Сахарчуку споўнілася б 60

Васіль Якаўлевіч Сахарчук нарадзіўся ў в.Свадзьбічы (гіст. Свацьбічы) Бярозаўскага раёна. У 1970 г. скончыў Равяціцкую сярэднюю школу, у 1975-м — філфак БДУ. Чатыры гады настаўнічаў на Любан-шчыне і Бярозаўшчыне, з 1979-га і да канца свайго жыцця (да 26 студзеня 2003-га) працаваў у жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”. Дэбютаваў вершамі ў 1971 г. у зборніку “Універсітэт паэтычны”. Аўтар кніг паэзіі “Зорны мост” (у калектыўным зб. “Крыло”), “Даніна”, “Ранішні госць”, “Мой вечны бор”, дзіцячых вершаў “Што такое? Хто такі?”, паэтычных перакладаў з балгарскай мовы П.Яварава “Апалавы пярсцёнак” і Д.Дэбелянава “Пад сурдзінку”. Рабіў пераклады таксама з англійскай, рускай і ўкраінскай моваў, пісаў артыкулы і эсэ.

        З сям’ёй: жонка Людміла Іванаўна, сын Міша і дачка Даша.

Васілёк

(Фрагменты)

Ён вельмі часта званіў. Разбаўляючы маналог выклічнікамі і характэрнымі для яго роднай Бярозаўшчыны часціцамі -са замест -ся ў дзеясловах, па паўгадзіны, а то і больш распавядаў пра чарговы верш ці амаль упаляванага напярэдадні дзіка. Папраўдзе, доўгія тыя размовы часам і стамлялі, але заўсёды, нават стоячы адной нагой у калідоры, другой — на пляцоўцы, слухаў цярпліва: усведамленне, што, можа, бліжэйшага нікога на гэты момант і няма, рабіла часовую нязручнасць дробязнай і неістотнай.
Ягоныя званкі амаль заўсёды выклікалі ў ва мне асацыяцыі з гадамі студэнцтва. І не толькі, відаць, таму, што ўпобачкі пражылі чатыры гады ў адным інтэрнатаўскім пакоі. Тады ж адкрылася для мяне і найлепшае ў Васілёвым характары: няздольнасць пакрыўдзіць чалавека, прыстойнасць, надзейнасць у сяброўстве, якое ніколі ён, у адрозненне ад многіх, не правяраў з мушэннем да подлага ўчынку ў імя яго нібыта вялікасці сяброўства.
Напэўна, можна сцвярджаць, што сферы, дзе варыцца літаратурная і калялітаратурная палітыка, дзе жук і жаба, і чорт, і баба ведаюць лепш за самога пісьменніка, пра што і як яму пісаць, яго не вельмі займалі. Гукі родных мясцін, зямлі, што надзяліла талентам і паклікала да сябе ў росквіце сіл, прываблівалі яго куды больш. Хоць, безумоўна, абыякавым да ўсяго таго негатыўнага, што і душу менш далікатнага, чым ён, чалавека, квеліць і точыць, ніколі не быў.
Франц СІЎКО (Віцебск).

10 ліпеня 1993 года

Праз два дні па Яне,
за дзень да Пятра
ранак сыпне
з неба коўш серабра.

Сонца пральецца
вясёлкай на дол.
Сыдзе па ёй
да мяне мой анёл.

Скліча гасцей
і збярэ на гары.
Сорак сарок
застракоча ў бары.

Вестку падхопіць
лагодны зефір
і панясе
ў яснавокую шыр.

Сумна і светла
на свяце душы
стаць на вяршыні,
нібы на мяжы.
Дзень прамінецца,
надыдзе Пятрок.
З дрэва сарвецца
пажоўклы лісток.

Год адсвяткуе
свой звыклы зеніт.
Ліпень змайструе
для восені плыт.

Бор, захаваўшы
настрой свой святы,
плашчык заменіць
на строй залаты.

Лісце змарнее
і стане травой,
каб заквітнець
з новай сілай вясной.

Вечны мой бор, —
я і ў гэтым бары
пройдзены шлях
азіраю з гары.

Дапамог успомніць урокі роднай мовы

Пачну з таго, што вершаскладаннем я займаўся з дзіцячых гадоў. Таму ў юначым узросце, трапіўшы па волі лёсу на Урал, у Перм, ахвотна ўліўся ў літаб’яднанне “Маяк”, што гуртавалася пры газеце “Большая Кама”. Але колькі б чалавек на чужыне ні жыў, як бы там яму добра ні было, а родныя мясціны ўсё-такі неадольна клічуць вярнуцца да іх, спрадвечных. Так было і са мною: мая любая Жабінкаўшчына і за тысячы кіламетраў часта прыходзіла да мяне ў снах, неадчэпна гукала, цягнула да сябе, на адлегласці натхняла маю самотную душу. І ў 1989 го-дзе я назаўсёды развітваюся з Уралам ды вяртаюся ў Беларусь.
Апынуўшыся на радзіме, паспрабаваў наладзіць творчыя сувязі з рэдакцыяй абласной газеты “Заря”. Мікалай Аляксандраў, намеснік галоўнага рэдактара, пачытаў мае творы, пахваліў іх. Але, на вялікі жаль, у хуткім часе яму прыйшлося пакінуць не толькі пасаду, але і саму абласную газету.
З тымі людзьмі, якія рыхтавалі літаратурную старонку пасля Аляксандрава, у мяне добрых адносін не склалася. Яны палічылі мае вершы непрыгоднымі да друку. Праўда, паспрабавалі падагнаць іх да “патрэбнай” ім кандыцыі, але ў іх атрымалася адна недарэчнасць, ад якой мне было сорамна перад чытачамі…
Зусім па-іншаму склаліся ў мяне адносіны з жабінкаўскай “Сельскай праўдай”, дзе вершы былі ахвотна прыняты і высока ацэнены Васілём Сахарчуком. Ён працаваў у газеце спачатку загадчыкам аддзела, затым, да самай сваёй трагічнай гібелі, – адказным сакратаром. Заадно гэты таленавіты паэт і добразычлівы чалавек узначальваў таксама літаб’яднанне “Плынь”, якое і зараз актыўна дзейнічае пры газеце.
Гэта ён, Сахарчук, адкрыў незвычайнага паэта-самародка Васіля Гадульку з в. Федзькавічы і ўвесь час падтрымліваў яго, турбаваўся за яго творчы і чалавечы лёс, клапаціўся аб выданні ягонага зборніка, якога, на жаль, яны так і не дачакаліся…
Нягледзячы на тое, што Сахарчук быў членам Саюза пісьменнікаў, выдаваў адзін за адным зборнікі сваіх вершаў, а мы з Гадулькам мелі толькі ранг аматараў паэзіі, ён ніколі не зазнаваўся, не паказваў перад намі сваёй перавагі. Размаўляў Васіль толькі на беларускай мове, таму спачатку мне было цяжкавата прызвычаіцца да яго гаворкі, бо за трыццаць тры гады свайго жыцця ў Расіі я не чуў ніводнага беларускага слова. Але пад уплывам Сахарчука мне прыйшлося ўспомніць урокі роднай мовы, якія я атрымліваў у свой час у Жабінкаўскай сярэдняй школе. На нашу агульную радасць, вельмі хутка справа дайшла да таго, што я не толькі пачаў размаўляць з Васілём па-беларуску, але і напісаў з дзясятак беларускамоўных вершаў.
Асаблівасцю нашых адносін было тое, што мы доўгія часы гутарылі з ім на высокія духоўныя і складаныя філасофскія тэмы. Мне прыйшлося жыць у Пермскім добра вядомым усім анамальным трохкутніку. Назіраў і за НЛА, і пабачыў шмат іншых незвычайных з’яў. Дый самому давялося быць не толькі сведкам… Менавіта на Урале я зразумеў мізэрнасць і недасканаласць тых ведаў, што атрымлівае чалавек на працягу свайго зямнога жыцця.
Мой светапогляд прыцягваў увагу Сахарчука. Для яго мае доказы былі настолькі нечаканымі адкрыццямі, што ён ад здзіўлення шырока расплюшчваў вочы і рэдка калі пярэчыў. Іншыя ж людзі, пачуўшы мае меркаванні, спалохана хапаліся за галаву і збягалі прэч. А справа ў тым, што свядомасць людзей такая нікчэмная, такая прыгнечаная, прыціснутая нейкім нябачным прэсам да зямлі, што ім боязна падняцца з долу, каб нешта разгледзець навокал ды зразумець.
Васіль Сахарчук не быў баязлівым чалавекам. Хутчэй – наадварот. Яго мужнасць і непакорлівасць дапамагалі яму адстойваць сваю чалавечую годнасць, свае погляды. Маю духоўную філасофію ён не мог поўнасцю ўспрыняць, не быў заўзятым атэістам, але і рэлігійных канонаў не ведаў. Царкоўных кніг ён не чытаў. Дый дзе было ўзяць такія кнігі?! Усе кнігарні і бібліятэкі былі завалены навуковым камунізмам, тамамі Леніна. А чытаць духоўнае савецкім людзям забаранялася.
Чым кіраваўся Сахарчук – не ведаю, але вершы на духоўную і філасофскую тэмы рыхтаваў да друку безадмоўна, за што я ўдзячны яму да гэтай пары. Ён ніколі не зайздросціў ні чужому таленту, ні чужому поспеху. У маёй памяці ён застаўся назаўсёды чулым, добразычлівым чалавекам і таленавітым паэтам.
Іван ДАЦКЕВІЧ.

З дзённікавых запісаў

5.10.85
Сярэдзіна кароткага, але незвычайна светлага бабінага лета. Дзеля майго грыбнога раю. Рэдкае адчуванне сапраўднага шчасця — пасярэдзіне свету, сам-насам з прыродай і дарагім чалавекам. Над тлумам вольна, прасторна, светла.
20.11.85
Быў дома. Як ніколі, шмат гаварылі з бацькамі… Славутых людзей я часта бачу — унутраным зрокам — волатамі. Відаць, невыпадкова гэты злепак існуе ў скульптуры. Такімі мне цяпер бачацца і мае бацькі. Якія яны ўсё-ткі мудрыя людзі, і гэтым я шчаслівы.
16.12.85
Нарэшце закончыў паэму непер-спектыўнай вёскі. Напісалася яна нечакана і на адным дыханні. Падаў герояў знутры, каб не расцягваць яе ў аб’ёме, хаця, як бачу, паглыбляць яе можна бясконца. Але ці варта? Атрымаецца цэлая эпапея. Відаць, наогул спынюся, а каб яна мяне не трывожыла, засяду за новую рэч.
[…]
Сын збіраецца ў дзіцячы садзік. “Тата, — кажа, — можна я вазьму з сабою якую-небудзь кніжку?” — “Вядома ж, можна, — адказваю яму, дапамагаючы адзець паліто. — Толькі якую ты хочаш узяць кніжку?” — “Казку “Піліпка-сынок”. — Заціснуўшы тоненькую кніжачку пад рукою, сын весела крочыць побач.
А вечарам я не прамінуў запытацца, ці чыталі яны гэтую казку. “Не, не чыталі”. — “А чаму?” — “Выхавацелька сказала, што мы кніжак на беларускай мове не чытаем”.
Вось так…

Далучанасць да споведзяў нечужых

(Урывак)

… Да перакладаў Сахарчук ставіўся з усёй адказнасцю. Аднак у яго ні  разу, няхай чытач паверыць на слова, не ўзнікала  памкнення пераўзысці ў майстэрстве арыгінальнага аўтара, што, урэшце, таксама ўваходзіць у разуменне адказнасці. Не падражаў ён і перакладчыкам, вольным стылізаваць верш “пад сябе” ці аж на сотню радкоў павялічваць паэму, а то і  дапісваць цэлы раздзел да яе. “Я спрычыняюся да аўтарскіх споведзяў, — казаў калісьці Васіль, — пранікаюся імі, але не забываю, што гэта ўсё-такі іх споведзі, не чужыя мне, ды — іх”.
Станаўленне Сахарчука-перакладчыка пачалося ў гады яго вучобы на філфаку БДУ. Акурат — з вывучэння балгарскай мовы і знаёмства з балгарскай літаратурай; у яго перакладных паэтычных твораў з яе непараўнана больш, чым з якой-небудзь іншай. Далучанасць да балгарыстыкі,  чаму ў немалой ступені спрыяў універсітэцкі настаўнік і старэйшы сябар Ніл Гілевіч, абудзіла цягу  паэта да перакладчыцкай дзейнасці наогул. Спачатку на ўзроўні асобных твораў  асобных аўтараў.  Штуршком да працы нярэдка быў звычайны рэдакцыйны заказ; гэтак, напрыклад, у альманаху “Братэрства” з’явіліся перакладзеныя ім для творчага конкурсу  “Веснавая навальніца” Ф.Цютчава і “Ветразь” М.Лермантава, у часопісе “Крыніца” — некалькі вершаў В.Стуса як штрыхі да аўтарскага партрэта. Але ўжо з гэтых імёнаў відно, што выбар не зусім выпадковы ( паэт, урэшце, мог бы ад заказу адмовіцца). Той, для каго пераклады — не асноўны “хлеб”, бярэцца найперш за блізкі яму верш  блізкага паэта, што і назіраем у Васіля Сахарчука. Глыбінёй паэтычных перажыванняў і пластычнасцю формы прывабілі яго вершы балгараў А.Далчава, Х.Радзеўскага, Т.Клісурава ды іншых, рускіх Д.Самойлава і Ю.Левітанскага, украінцаў І.Чарнецкага і В.Гэя… Яны ў той ці іншай ступені рабіліся “сааўтарамі” творчасці самога В.Сахарчука, асабліва  ў апошні яе перыяд — перыяд напружаных пошукаў,  яскрава адлюстраваных у выніковым, пасмяротным зборніку (у тым ліку і выбраных перакладаў)  “Мой вечны бор”. Самы адметны, наватарскі твор тут — “Споведзь самотніка”, прамоўленая аўтарам ад імя  фізічна адсутнага сябра (адсюль нечаканы жанр — вершанемы).  Узнікненню аўтарскай ідэі і яе арыгінальнаму ўвасабленню далі імпульс сумна-іранічныя радкі сучаснага балгарскага майстра асацыятыўнай мініяцюры З.Кісёва:

Надыдзе дзень,
калі я скончу свой верш.
Усё ў ім будзе строга
                          і прыгожа —
ні слоў, ні гукаў…
…чысты няспісаны аркуш,
можа, гэта і ёсць
мой самы завершаны верш!

Іранізм Васілём Сахарчуком пераўтвораны ў трагізм, а чыстыя аркушы, перакла-дзеныя ім  “з мовы ветру на мову людзей”, сталі лістамі з таго свету. Як выявіў лёс — і яго асабістымі лістамі.
Зусім не выпадкова ў спадчыне Сахарчука-перакладчыка аказаўся самы знакаміты верш Э.По “Крук” з яго містычным  рэфрэнам-закляццем “nevermor”, літаральна — “ніколі больш”, такім загадкавым, што многія іншыя перакладчыкі пакінулі гэтае слова без адпаведніка.
Пераклад Васіля Сахарчука, як нам здаецца, не без выдаткаў у перадачы арыгінала, дзе ўсё з’яўляецца глыбока змястоўным. Аднак галоўнага перакладчык дасягнуў: захаваў безумоўны прынцып Эдгара По — прынцып адзінства ўражання, які дазваляе трымаць чытача ў напружанні ад першых да апошніх радкоў…
Алесь КАСКО.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*