Феерия дружбы

Феерия дружбы

Феерыя сяброўства
Перапіс паказаў: у Беларусі жывуць 140 народаў, VIII Усебеларускі фестываль «Суквеце культур» у Гродне даказаў: яны жывуць у міры і згодзе. 43 краіны, звыш 2000 удзельнікаў, дзесяткі тысяч гледачоў спаткаліся ў чэрвені ў старадаўнім горадзе пад Нёманам. Жабінкаўцы таксама былі на свяце песні, умельства і дружбы. Паслухаем іх уражанні.
Ірына Румко, мастацкі кіраўнік узорнага ансамбля народнага танца «Каруначкі».
«Каруначкі» неаднойчы гастралявалі ў Польшчы, Украіне, многіх кутках Беларусі, але на такі грандыёзны фестываль трапілі ўпершыню. Па размаху і прыгажосці яму няма роўных у Беларусі! За трое фестывальных сутак было немагчыма абысці ўсе нацыянальныя падворкі, якія запаланілі гарадскія вуліцы. Ад цэнтра, драмтэатра ва ўсе бакі разляталася свята. Адусюль гучалі музыка, песні, нос прыемна казыталі пахі непаўторных народных страў. Туркі і грэкі, егіпцяне і малайцы, кітайцы і індусы — паміж гэтымі народамі тысячы кіламетраў, а сустрэліся яны ўсе на Беларусі. “Каруначкі” прадстаўлялі беларусаў, што шануюць і вывучаюць расійскую культуру, таму адкрывалі “Рускі падворак”. Дзеці (а былі толькі танцоры 7-10 гадоў) стварылі сапраўдны фурор і прывезлі адразу два лаўрэацкія дыпломы, што бывае надта рэдка. Кожны дзень 5-6 выступленняў, канцэрты на розных пляцоўках. Вышэйшай адзнакай лічу ёмкія словы галоўнага рэжысёра фестывалю Уладзіміра Сяргейчыка: “Вы — лепшыя!”.
Каця Андрасюк, 13-гадовая танцаўшчыца з “Каруначкаў”. Запомнілася кожная хвіліна гэтых калейдаскапічных дзён. Людзі фатаграфавалі нас, быццам нейкіх “зорак”, а кубанскія казакі віталі з хлебам-соллю, гаворачы: “Што за золата-дзеці! Адкуль у маленькіх беларусаў такі казацкі дух?! Мы возьмем вас пад сваё крыло!” Наймалодшыя нашы танцоры паказалі, што могуць выконваць танцы самых розных народаў. Кожны атрымаў крыштальны шар у выглядзе сяміколернай кветачкі сяміколернай — сімвалу “Суквецця культур”. А вечарамі неба над Гродна расквечвалі такія і яркія салюты, што не пераказаць!
Ірына Шчаноўская, народная майстрыха з Вежак.
Маё ўмельства для людзей. Напрыканцы 2009 года ў Брэсце была выстаўка маіх прац: расшытыя падушкі, навалачкі, ручнікі… Там, відаць, на іх і звярнула журы ўвагу, прапанаваўшы прадстаўляць на фестывалі ў Гродне ўкраінскую культуру. Хоць я са змешанага роду: бацькава сям’я — украінцы, маці — беларуска. Везла ажно 30 карцін, вышытых крыжакам. Людзі прасілі тое-сёе прадаць, адказвала: “Ды што вы, людцы, вышываю для душы, таму не прадаецца”. Пакідалі адрасы, просячы даслаць схемы вышыванак. Былі сустрэчы з зямлячкамі з Арэпічаў і Жабінкі, што даўно жывуць у Гродне. Яны не маглі абмінуць майстрых з роднага кутка. Душа і сэрца радаваліся, калі глядзела, якія ўсе дружныя на “Суквецці культур”. Я так думаю, калі ўсім утульна ў Беларусі, значыцца, у нас асаблівы край і людзі.
Алесь Каско, паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Вельмі было прыемна ўбачыць, адчуць, наколькі наша краіна шматнацыянальная, багатая на культурныя здабыткі. Прадстаўнікі іншых народаў у нейкай ступені паказваюць і нам, беларусам, як патрэбна даражыць сваёй духоўнай спадчынай, асабліва мовай. Беларуская мова дамінавала на фестывалі, гучала з вуснаў спевакоў і прамоўцаў, у радыё і тэлеэфіры — паўсюль, бо Гродзеншчына — гэта ў асноўным беларускамоўная прастора. У гэтыя дні збіраліся подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў, каб адну з вуліц абласнога цэнтра назваць імем Васіля Быкава (дзіўна, што такой дасюль няма!). У рамках фестывалю адбылося свята “Паэтычны трохкутнік” з удзелам літаратараў Гродзеншчыны, Берасцейшчыны і Беласточчыны, якія наведалі вучнёўскія, працоўныя калектывы. Прыемна ўразілі слухачы, пэўным адкрыццём для мяне стала, што ў Гродзенскім медуніверсітэце існуе кафедра беларускай і рускай моў, ёсць тутэйшыя паэты, што маюць свае кніжкі. Таму ішла ўзаемная зацікаўленая гаворка, прымалі нас вельмі хораша, абменьваліся адрасамі сяброўства. Наступным месцам сустрэчы паэтаў стане Брэст альбо Беласток (ужо асобна, а не ў рамках іншых фестываляў).
Інтэрв’ю браў А.РОСТАЎ.
На здымку: “Каруначкі” на фестывалі ў Гродне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top