Вось ужо шосты месяц як прапісаўся на Жабінкаўшчыне міжнародны дабрачынны праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”, што ствараюць неабыякавыя і таленавітыя людзі з аб’яднання аматараў мастацтва “Тур”, падтрыманыя нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і арганізацыяй “Паразуменне”. На другі дзень Тройцы яны зноў завіталі ў Малыя Сяхновічы, каб падарыць песеннае свята вяскоўцам.
Як усё ж культура ды гістарычная памяць здольныя змяніць звычаёвы ўклад! Зусім нядаўна была вёска ціхая, у сонных туманах куталася. А вось, як людзі заўважылі, прыехалі таленты “ды ўсіх раскуторхалі, пабудзілі”. Нейкі цуд адбыўся. Звычайны. Але ж і — заканамерны.
Стваральнікі праекта Ларыса і Аляксандр Быцкі паклапаціліся, каб у старажытнай вёсцы загучалі новыя мелодыі і людзі ў паважаным узросце проста, па-сямейнаму згадалі маладосць, увогуле жыццё, часам нялёгкае, ды кожнаму памятнае.
Старшыні Сцяпанкаўскага і Крыўлянскага сельвы-канкамаў Мікалай Яго-рчанкаў і Анатоль Марчук пасадзейнічалі, каб на канцэрт патрапілі колішнія фашысцкія вязні, што жывуць на тэрыторыі іх сельсаветаў. Многія, вельмі многія ўжо за паўгода пера-знаёміліся. Вітаюцца паміж сабою людзі, бы родныя.
Супрацоўнікі Жабін-каўскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Дзямідаў і Таццяна Чапялевіч пастараліся, каб гасцям было ўтульна і цікава ў музейных залах, што распавядаюць аб мінулым нашага краю.
А культработнікі — каб настрой быў узняты да самых вяршыняў старажытных ліп, каб арганізатары і ўдзельнікі свята атрымалі ў падарунак лекавы ліпавы цвет з тых самых дрэваў, пасаджаных нашчадкамі славутага Касцюшкі.
Сягоння ў гасцях вяс-коўцаў пабывалі артысты не дальнія, але ж вельмі знакамітыя: тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” ды ўзорны дзіцячы калектыў “Дараносіца”. У святочным карагодзе хмелеўцы прайшліся па вёсцы, разыгрывалі ля веснічак і хат стары абрад “Ваджэнне куста”, са спевамі, танцамі віншавалі гаспадароў з Тройцай, усіх-усіх запрасілі на канцэрт ля будынка музея — пад ліпы Касцюшкавай алеі. Гульню-дыялог самадзейных артыстаў ахвотна падхоплівалі сяхноўцы. Нехта замест звычайнага “дзякуй” прапанаваў гасцям хлеба з соллю ды чаю з цукрам, а іншы выгукнуў:
— І вам, родненькія, дзетак дванаццаць!
Спрадвеку лічылася шматгалоссе “па лаўках” і багаццем, і прэстыжам. Цяпер жа гэты скарб мо меней цэніцца, ды вельмі ж хочацца, каб было нас многа. І было ў нас многа — і ў галовах, і на падворках.
Хмелеўскія артысты сыпалі жартамі, згадвалі звычаі і паданні роднай старонкі, гарэзліва выконвалі народныя танцы, выводзілі мелодыі, запазычаныя ад старых бабуль, пакуль звонка не загучаў “Ой, ты хмэлю” — сапраўдны гімн роднай вёскі Хмелева. Як жа трэба любіць сваю зямлю, каб спяваць гэтак?! Асабліва радавала, што і дзецям гэта не чужое, а сваё, роднае, бо сапраўднае.
Кіраўніца “Хмелеўскіх валацугаў” Наталля Дырман прамовіла:
— Вы паселі тут, такія прасветленыя, бы ў царкве, натхненыя, што і спыніцца было немагчыма.
— Так, цяжка развітвацца, ды хутка гэта павінна адбыцца, — з непадробным шкадаваннем гаварыла і Ларыса Быцко. — Яшчэ месяц, яшчэ некалькі цікавых мерапрыемстваў у ліпавай Касцюшкавай алеі і праект “Вёска, якая не павінна знікнуць” павінен будзе перамясціцца ў іншы раён Брэстчыны. Але ж сваіх мы не забываем і калі ўдалеч ад’язджаем, будзем і надалей памятаць, якія яны, Малыя Сяхновічы, і прыгожыя людзі гэтай зямлі. Будзем тут яшчэ не раз!
Міжволі зірнуў на птушыныя гнёзды, якіх у вёсцы багата. Тыя буслы, што будавалі іх у пачатку праекта, зараз ужо птушанят гадуюць, хутка ўжо новае пакаленне на крыло ўстане і адляцяць птушкі далёка. Ды вернуцца. Абавязкова вернуцца…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: спяваюць “Хмелеўскія валацугі”.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.