Адзіная гісторыя для двух пакаленняў

Адзіная гісторыя для двух пакаленняў

Першае ўражанне пра чалавека або нейкую ўстанову стварае знешні выгляд. Жабінкаўскі райаддзел Брэсцкага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва месціцца ў сучасным будынку ў атачэнні прывабнага падворку, што радуе вока зелянінай. Сёлетні ліпень для калектыву юбілейны: 20 гадоў таму на Жабінкаўшчыне пачала дзейнічаць сацыяльная служба, вельмі патрэбная людзям.

УЖО АД СВАІХ ВЫТОКАЎ маладой беларускай краіне патрабавалася вырашаць безліч надзённых праблем. Адна з галоўных — забяспечыць патрэбы найстарэйшай часткі насельніцтва, што дасягнула пенсійнага ўзросту. Дзеля гэтага ў 1991 годзе быў заснаваны Пенсійны фонд Рэспублікі Беларусь.
У нашым раёне ягоны аддзел узначаліла Галіна Мікалаеўна Дзенісюк. За два дзесяцігоддзі кіраўніцтва калектывам яна стала сапраўднай стваральніцай арганізацыі — ад вытокаў да сучаснай службы.
Фонд спачатку акцэнтаваўся на зборы пенсійных узносаў. Не ставала распрацаванай заканадаўчай базы, здольнай выразна акрэсліць накірункі дзейнасці. Затое кола пытанняў год ад году пашыралася. Таму патрабавалася вырашаць і кадравыя праблемы. Галіна Мікалаеўна цудоўна разу-мела, якія якасці павінен мець спецыяліст для працы ў Фондзе: сумленнасць, акуратнасць з лічбамі і дакументамі, нельга абысціся і без тактоўнасці, псіхалагічнага разумення патрабаванняў людзей.
Усім гэтым якасцям адпавядала Разалія Якаўлеўна Пукіта, якой з восені 1992 года было даверана весці ўлік паступленняў ад індывідуальных прадпрымальнікаў. Праз год калектыў папоўніўся яшчэ адным галоўным інспектарам, былым прафсаюзным лідарам Данутай Канстанцінаўнай Крупко.
ЛЕТА 1993 ГОДА стала часам нараджэння арганізацыі. Адбылося аб’яднанне двух фондаў (пенсійнага і сацыяльнага страхавання) у адзіную структуру — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Як і раней, большую частку (80% сродкаў) складалі ўзносы на пенсійнае забеспячэнне, аднак дабавіліся і іншыя сацыяльныя патрэбы, у іх ліку збор грошай на дапамогі, аплату бальнічных лістоў, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне насельніцтва, да таго ж і кантроль за тым, як трацяцца гэтыя сродкі.
ПЕРШАЕ ДЗЕСЯЦІГОДДЗЕ дзейнасці, такім чынам, вызначалася павелічэннем абавязкаў, кадравай стабільнасцю (вясною 1996 года ў аддзеле з’явіўся новы галоўны інспектар Алена Васільеўна Якімава) і, што немалаважна, адбылося перасяленне ва ўласны будынак.
Да 1999 года арганізацыя не мела свайго памяшкання і пяць разоў мяняла прапіску. Гэта было вельмі нязручна і прымушала сур’ёзна задумацца, як набыць асабісты офіс. Дзеля гэтага быў куплены ў Жабінкаўскай ПМК-10 аптэчны кіёск на вуліцы Каштанавая, прыбудаваны да 12-ці кватэрнага жылога дома, спецыяльным рашэннем раённага выканаўчага камітэта побач выдзелены ў карыстанне ўчастак зямлі. Аднаўленне праводзілася шпаркімі тэмпамі. Спатрэбілася толькі адно лета, каб выканаць рамонтна-будаўнічыя работы, і райаддзел справіў першае сваё наваселле.
НОВАЕ СТАГОДДЗЕ — час імклівых зменаў, запатрабаваў супрацоўнікаў, здольных асвоіць персаніфікаваны ўлік. Напрыканцы 2002 года спецыяльна для ўвядзення гэтай навацыі на працу быў прыняты ў якасці галоўнага інспектара Вадзім Васільевіч Калюх, сённяшні кіраўнік арганізацыі. Ён ахвотна расказвае пра тое, як усё пачыналася і якіх вынікаў у гэтай справе дасягнуў раённы аддзел зараз:
— Спачатку, магчыма, некаторыя і не верылі, што персаніфікаваны ўлік мае перспектывы, праз дзесяць гадоў такіх скептыкаў ужо не засталося. Дзякуючы яму цяпер у раёне заховаецца інфармацыя пра стаж і заробак усіх працуючых у раёне, пачынаючы з 2003 года і па сённяшні дзень. Летась звесткі аб заработнай плаце падалі больш за дванаццаць з паловаю тысяч чалавек. Гэтыя дадзеныя галоўным чынам выкарыстоўваюцца пры налічэнні пенсій. Калі ацэньваць значэнне персаніфікацыі, людзям не даводзіцца за ўсе гэтыя гады збіраць даведкі. Любы, хто пажадае звярнуцца ў Фонд, можа ў хуткасці атрымаць інфармацыю за апошняе дзесяцігоддзе. У перспектыве — грамадзяне зусім адмовяцца ад хаджэнняў па інстанцыях, колішніх месцах працы. Лічу, гэта адзін з ключавых відаў нашай дзейнасці, альтэрнатывы яму не існуе.
ПАВЯЛІЧВАЛІСЯ МАШТАБЫ працы, ускладняліся задачы, што паўставалі перад арганізацыяй. Вялікая заслуга ў развіцці галіны старшыні абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Аляксея Андрэевіча Авечкіна. Ён лічыў і пераконваў усіх: на першым месцы павінны быць умовы працы супрацоўнікаў. Ва ўсіх без выключэння раёнах Брэстчыны паўсталі годныя будынкі, у якіх змяшчаюцца райаддзелы. У Жабінцы ў маі 2006-га камунальнікі бясплатна перадалі ўпраўленню былую лабараторыю на вуліцы Міру. Рэканструкцыя адбывалася амаль імгненна: у красавіку 2007 года, калі Жабінка рыхтавалася прыняць у сябе абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”, была падрыхтавана пляцоўка пад будаўніцтва, разабраны стары будынак, а ўжо ў лістападзе райаддзел перасяліўся ва ўласны дом, дзе прыняў абласны семінар.
ЧАСАМ ДАВОДЗІЦЦА чуць ад людзей, што пенсіі не вялікія, а ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва значныя. Між тым, сам працаўнік штомесяц адлічвае ўсяго адзін працэнт, яшчэ 34% за яго робіць наймальнік. Таму сярод найважнейшых абавязкаў супрацоўнікаў рай-аддзела — тлумачэнне нюансаў дзяржаўнай пенсійнай палітыкі, праца з плацельшчыкамі, найперш прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі.
Вадзім Васільевіч агучыў і пракаментаваў яшчэ некалькі лічбаў:
— Зараз у раёне на ўліку 429 юрыдычных асобаў і 548 прадпрымальнікаў, з іх 80 самі выступаюць у якасці наймальнікаў, гэта значыць прадастаўляюць рабочыя месцы. Збор узносаў кожны месяц перавышае 8 мільярдаў рублёў, аднак гэтай сумы не дастаткова, раён датуецца, каб задаволіць патрэбы ўсіх пенсіянераў, што жывуць на Жабінкаўшчыне. Плацельшчыкі раёна не маюць пратэрмінаваных запазычанасцяў у Фонд. Гэта станоўчы паказчык нашай дзейнасці. У выніку калектыў Фонда заахвочаны шматлікімі Ганаровымі граматамі па выніках працы. Неаднаразова прызнаваліся лепшымі на абласным узроўні
УЖО АМАЛЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ, як у райаддзела з’явіўся новы накірунак дзейнасці — прафесійнае пенсійнае страхаванне. Зараз у краіне 15 прафесій, якія дазваляюць скарыстацца правам выхаду на пенсію раней за агульна ўстаноўлены. Самыя распаўсюджаныя катэгорыі на Жабінкаўшчыне — трактарысты і аператары машыннага даення. А таксама тыя, хто працуюць у шкодных і небяспечных умовах, асобныя катэгорыі медыкаў і настаўнікаў. З 2009 года райаддзел выплаціў ужо 60 грамадзянам дапаўняльныя прафесійныя пенсіі.
Сёння ў калектыве працуюць тры галоўныя інспектары і вадзіцель Аляксандр Сяргеевіч Трафімук. Найбольш вопытная Іна Аляксееўна Варанчук, якая ў аддзеле з ліпеня 2006 года, сярод яе абавязкаў — улік паступленняў ад юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, кансультацыі па пытаннях сацыяльнага страхавання. Добра спраўляецца са сваімі разнастайнымі абавязкамі і Лілія Валянцінаўна Цюрко. Самы малады спецыяліст — Аксана Сяргееўна Гейц — вядзе персаніфікаваны ўлік.
— Як бачыце, — падвёў рысу пад размоваю Вадзім Васільевіч Калюх, — нас няшмат, а спраў выконваем вялікае мноства. Гэта другое пакаленне супрацоўнікаў раённага аддзела. У нас гісторыя пакуль маладая, а ўсялякай маладосці, як вядома, уласціва развіццё.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: сённяшнія і былыя супрацоўнікі Фонду Г.М.Дзенісюк, А.С.Трафімук, Л.В.Цюрко, І.А.Варанчук, А.В.Якімава, А.С.Гейц, Р.Я.Пукіта і  начальнік
райаддзела В.В.Калюх.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*