Клопат пра старасць — гэта святое

Клопат пра старасць — гэта святое

Сёння на Жабінкаўшчыне каля шасці тысяч ветэранаў розных катэгорый. У іх ліку — 60 інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу, 38 вязняў фашызму, 58 колішніх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 65 былых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Між тым, ёсць сярод іх і тыя, каму найбольш патрабуюцца ўвага, падтрымка, клопат як з боку дзяржаўных органаў, так і грамадскіх аб’яднанняў.
ДНЯМІ на Жабінкаўшчыне ладзілася выязное паседжанне прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Галоўным пытаннем было абмеркаванне сумеснай работы жабінкаўскай ветэранскай арганізацыі і раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў абароне ветэранаў і тых пажылых людзей, што засталіся жыць у адзіноце. У праграме было таксама знаёмства з ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дзе ўдзельнікі даведаліся пра дзейнасць прафкама прадпрыемства з пажылымі людзьмі, наведванне Жабінкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах і ўскладанне вянкоў да мемарыяла “Драмлёва” на месцы вёскі, спаленай акупантамі восенню 1942 года.
Лейтматывам зацікаўленай размовы сталі словы старшыні абласнога савета ветэранаў Сцяпана Піліпавіча Амялюсіка, пад кіраўніцтвам якога праходзіла пасяджэнне:
— Клопат пра старасць — гэта павінна быць святым для сённяшняга маладога пакалення. Але ж і ветэраны, самыя неабыякавыя людзі, здольныя падзяліцца сваім багатым жыццёвым вопытам з маладымі. На прыкладзе жабінкаўскай раённай арганізацыі бачна, што ў гэтым плане робіцца шмат, тут няма ніякіх “дробязяў”, бо за кожным пачынаннем — канкрэтныя людзі са сваімі праблемамі.
Госці наведалі ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, заснаваны ў маі 2002 года. Іх цікавілі нюансы працы ўстановы, што непасрэдна займаецца праблемамі і пытаннямі, якія былі вынесены на абмеркаванне выязнога пасяджэння. Пра гэта ім расказвала супрацоўніца Наталля Літвінюк, а пазней, за “круглым сталом”, дырэктар цэнтра Раіса Макараўна Мышкавец. Між іншым, засяродзіліся на пытанні, у чым заключаецца сумесная работа ўстановы і ветэранскай арганізацыі ў раёне.
Тут выразна акрэсліваюцца пяць напрамкаў: узаемная інфармацыя аб стане і праблемах адзінокіх людзей; сумеснае абследаванне ўмоў іх жыцця; рашэнне праблем, што ўзнікаюць перад пажылымі; сумесныя мерапрыемствы на карысць гэтай катэгорыі ветэранаў; абарона іх у няпростых жыццёвых сітуацыях.
СА СПРАВА-ЗДАЧАЙ выступіў старшыня ветэранскай арганізацыі раёна В.М.Шышчыц. Васіль Міхайлавіч адзначыў, што сёння на Жабінкаўшчыне на ўліку 479 адзінокіх і 1112 ветэранаў, якія пражываюць адзінока (акрамя тых, што сталі інвалідамі з дзяцінства, і што атрымліваюць сацыяльныя пенсіі). У раённым савеце ветэранаў вядуцца іх спісы, якія пастаянна ўдакладняюцца. Ёсць кніга-журнал прыёму наведвальнікаў, дзе пазначаюцца заявы, просьбы, прапановы ветэранаў. (За гэты час паступіла каля 700 зваротаў). Большасць з іх да канкрэтных службаў ці арганізацый, якім яны адсылаліся на рэагаванне. Дарэчы, ніводная просьба не заставалася без рашэння і тлумачэння.
СВАЁ СЦВЯРДЖЭННЕ В.М.Шышчыц праілюстраваў прыкладамі. Некалі ў Азяцкім храме каля 30 гадоў служыў айцец Іаан (Петручук), былы ўдзельнік так званай нямецка-польскай абарончай вайны восенню 1939 года. Ён дасылаў лісты ў польскія архівы, каб пацвердзіць свой удзел у тых падзеях, ды меў толькі адпіскі. Афіцыйны запыт ад ветэранскай арганізацыі зрушыў справу — патрэбныя дадзеныя былі атрыманы, што дазволіла святару прыкметна павялічыць пенсію.  А Сямён Сцяпанавіч Хмара на той вайне трапіў у палон пад Варшавай. Па хадайніцтву савета ветэранаў ён звярнуўся ў Мінск да пасла Польшчы і быў унесены ў ганаровыя спісы ветэранаў, што ваявалі за свабоду суседняй краіны. Удзельніца абароны Масквы Кацярына Рыгораўна Шапяленка шмат звярталася ў савет ветэранаў. У тым ліку непакоілася пра мужаў помнік, над якім схілілася старая бяроза. Яе просьбу адрасавалі камунальнай службе, і небяспечнае дрэва было прыбрана.
ВЕТЭРАНЫ, аднак, не толькі шукаюць дапамогу — колькі маюць сілаў, жадаюць быць карыснымі. Перад смерцю палкоўнік у адстаўцы, тройчы ранены, Віктар Карпавіч Кірычэнка, які перажыў тры інфаркты, прасіў: “Забярыце мае медалі, вайсковую форму, корцік у музей, няхай яны паслужаць і пасля мяне дзеля выхавання моладзі”.
Добрай сумеснай справай ветэранскай арганізацыі і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сталі віншаванні былых байцоў з юбілеямі, уручэнне ім медалёў да гадавінаў вызвалення краіны і Вялікай Перамогі. Такіх святаў у апошнія гады праведзена пятнаццаць, большасць асвятляліся на старонках прэсы.
— Чвэрць стагоддзя, як толькі ўзначаліў ветэранскую арганізацыю, у раёне жыло каля тысячы ветэранаў вайны, — прыгадаў Васіль Міхайлавіч, — зараз — менш паўсотні, большасць — ляжачыя. І цёпла бывае, калі яны дзякуюць за клопат, і цяжка, як бачыш іх слёзы. Аднак жыць патрэбна, насуперак болям і нягодам гнаць ад сябе скруху ды самоту. Гэтыя людзі — апошнія жывыя сведкі вялікіх падзей і апошнія іх гады і дні павінны быць сагрэтыя нашымі ўвагай і клопатам.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: удзельнікі выязнога пасяджэння прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў на Жабінкаўшчыне.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top