Ячмень убралі — дарогу рапсу

Ячмень убралі — дарогу рапсу

Добрае надвор’е дазволіла завяршыць уборку азімага ячменю ў СВК “Шпіталі”, які быў пасеяны на 140 гектарах. Ураджайнасць склала 41,8 цэнтнераў з гектара, усяго сабралі 585 тон. На ячменных палетках працавала 5 экіпажаў механізатараў. Усе яны не менш за 5 сезонаў прыймаюць удзел ва ўборачнай кампаніі, таму добра ведаюць, што кожнае зярнятка важнае для гаспадаркі. А значыць, галоўны арыенцір пад час працы на полі — якасць.
— Перш за усё, каб пазбегнуць страты зерня, патрэбна захоўваць хуткасны рэжым. Нашы механізатары тры разы на дзень праводзяць абавязковы агляд камбайнаў, “падладжваюць” іх, — дзяліўся тэхналогіяй бясстратнай уборкі галоўны аграном СВК “Шпіталі” Аляксей Уладзіміравіч Раманюк. — На ўборцы задзейнічаны два “КЗС-10” і тры “КЗС-18”. Сочым і за тым, каб праца была бяспечнай. Усе ўдзельнікі жніва праходзяць інструктаж. Камбайны абсталяваны аптэчкамі і вогнетушыцелямі.
Для многіх механізатараў уборка ўраджаю з’яўляецца сямейнай справай. Так, другі год шчыруюць разам Іван Дубіна з зяцем Міхаілам Плытнікам. Сёлета будуць працаваць разам Анатоль Лукашэвіч са старэйшым сынам Вадзімам, які працуе ў 38-ай мабільнай брыгадзе ў Брэсце, а ў час свайго адпачынку вырашыў дапамагчы бацьку.
— У мінулым годзе са мной працаваў малодшы сын Іван, які зараз курсант Ваеннай акадэміі. Яны ў мяне хлопцы звыклыя да працы. Таму нават адпачываюць у працы. А лішняй “капейка” ніколі не бывае, — падзяліўся са мной Анатоль Лукашэвіч.
Нялёгка ў сонцапёк працаваць і вадзіцелям. Аднак яны ведаюць, хто будзе ў ліку перадавікоў — атрымае прэмію, а гэта нядрэнны стымул для паспяховай працы. У мінулым годзе, напрыклад, усе вадзіцелі гаспадаркі мелі грашовыя ўзнагароды, бо працавалі сумленна і рупліва. Добра паказалі сябе маладыя вадзіцелі Аляксандр Іванюковіч, Дзмітрый Іскрыцкі, Аляксандр Сідараў.
За справай давялося пабачыць Васіля Пятровіча Масіевіча, які не адзін дзесятак гадоў за рулём, а таксама маладога вадзіцеля Аляксандра Іванюковіча.
… Цяпер у шпіталёўскіх аграрыяў невялікі адпачынак. Праз тыдзень яны плануюць выйсці на ўборку наступнай культуры — рапсу.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: галоўны аграном гаспадаркі А.У.Раманюк з камбайнерам А.І.Лукашэвічам; камбайнер І.М.Дубіна.  
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top