Работы набіраюць ход
Ужо не першы год у летнюю пару вядзецца планамерны рамонт ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”. Сёлета на аднаўленчыя работы з абласнога бюджэту выдаткавана больш за 700 мільёнаў рублёў. Сродкі патрэбныя, каб правесці капітальны і бягучы рамонты на даху школьнай сталоўкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі з заменай пліткі і бардзюраў, усталяванне новых вокнаў, дзвярэй у майстэрні, сталоўцы, спартыўнай зале, а таксама для замены свяцільняў і інш. Згодна праведзенага тэндару, гэтыя работы выконваюць кобрынская фірма “ВалАнМантаж” і раённая сельгастэхніка. Як паведаміў дырэктар навучальнай установы А.А.Кавальчук, зараз справы набіраюць ход, вядуцца паводле плану без прамаруджванняў і будуць завершаны да таго часу, як школа-інтэрнат прыме навучэнцаў з розных раёнаў Брэстчыны.

З выкарыстаннем новых тэхналогій
За 6 месяцаў бягучага года філіял КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ-103 выканаў падрадных работ на 9 мільярдаў рублёў (сёлета плануецца асвоіць 25,4 мільярды рублёў). У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года дарожнікі павялічылі аб’ёмы работ. Нядаўна завершаны бягучы рамонт на 2 аб’ектах. Гэта пад’езд да вёскі Крыўляны і ўсталяванне цвёрдага пакрыцця на ўчастку дарогі Н-135 ад вёскі Баяры да Крыўлянаў. Пакрыццё дарогі тут праводзілася па новай, больш эканамічнай тэхналогіі з выкарыстаннем эмульсійна-мінеральных сумесяў(так званы “халодны асфальт”). Дарожныя работы з прымяненнем найноўшых сучасных прапаноў будуць працягвацца. У ліпені-жніўні плануецца пакласці 2 кіламетры асфальту паміж вёскамі Сцяпанкі і Арэпічы метадам “двайны сэндвіч”. У Жабінцы вядзецца пракладка тратуару на вуліцы Ф.Скарыны, добраўпарадкаванне тэрыторыі, на якой размесціцца магазін “Евроопт”, не менш патрэбна праца дарожнікаў на тэрыторыях рэканструяваных фермаў, новага зернесушыльнага комплексу ў ААТ “Жабінкаўскі”. Дарэчы, брыгада з ДРБУ-103 задзейнічана на падрыхтоўцы аб’ектаў да фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” у Ляхавічах.

Дыплом прывезлі з Балгарыі
Толькі што з горада Сазопал (Балгарыя) вярнуўся танцавальны ансамбль “Цукарынка” клуба цукровага завода (кіраўнік Тамара Дзікая). Юныя артысты выступілі там на тэлевізійным міжнародным конкурсе мастацтваў “Марская ракавінка-2013”, у якім удзельнічалі самадзейныя калектывы з Украіны, Харватыі, Балгарыі, Арменіі і іншых краін.  У рамках фестывалю былі наладжаны экскурсіі па гарадах краіны. Дадому жабінкаўцы прывезлі не толькі шмат уражанняў і прыемных успамінаў, а Дыплом першай ступені і спецыяльны прыз, які ўручылі ім за прафесійна выкананы танец “Купалінка”.

Пра беражлівасць і адказнасць
Напрыканцы чэрвеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы для бібліятэкараў раёна прайшоў “круглы стол” пад назвай “Усё пачынаецца з беражлівасці і адказнасці”. Як звязана экалогія і беражлівасць гаварыла бібліятэкар Сцяпанкаўскай сельскай бібліятэкі Ірына Міхайлаўна Самасюк. Аб формах і метадах работы ў прапагандзе пытанняў эканоміі і беражлівасці расказала загадчыца АБМ ЦРБ Галіна Генрыхаўна Дулевіч. Думкамі, што здаровы лад жыцця робіць чалавека паспяховым, дзялілася з прысутнымі бібліятэкар Ракітніцкай сельскай бібліятэкі Ірына Уладзіміраўна Вырва. З нагляднымі і масавымі формамі работы ў захаванні і папулярызацыі народнай спадчыны пазнаёміла калег бібліятэкар цукразаводскай гарадской бібліятэкі Алена Паўлаўна Мешчанчук. У канцы гутаркі бібліятэкары раёна паўдзельнічалі ў анкетаванні, якое дало магчымасць даведацца, наколькі ён беражлівы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top