Каб быць першымі, трэба быць лепшымі

Каб быць першымі, трэба быць лепшымі

Калі калектыў працуе зладжана, як адзінае цэлае, вынік будзе. І вынік, бясспрэчна, станоўчы. Два гады таму магазін №15 “Прадукты” ў мікрараёне райбальніцы перажыў сапраўднае капітальнае аднаўленне. Тады гандляры пачыналі з 600 мільёнаў рублёў абароту ў месяц, а ў гэтым чэрвені дасягнулі ўжо амаль 1 мільярда 300 мільёнаў.
Не толькі напярэдадні прафесійнага свята кааператараў давялося наведаць гэтую краму. Жыву побач, таму амаль штодня заходжу, каб набыць прадукты да сямейнага стала. Вітаюся, як з добрай знаёмай, з загадчыцай Ірынай Міхайлаўнай Казулька.
Размову нашу штохвілінна перарываюць надзённыя справы: бясконцыя дзелавыя званкі на стацыянарны і мабільны тэлефоны, паступленні новых тавараў і людзі, што ідуць без перарыву патокам па прадукты, — адным словам, нават хвіліну, каб зрабіць фотаздымак вылучыць цяжка… Аднак усё ж і гутарка, і “фотасесія” адбыліся.
— У мікрараёне жывуць больш за 4000 чалавек, таму працы ўдосталь. Гэта ж мы па нумары пятнаццатыя, — заўважае Ірына Міхайлаўна, — а па маштабах — заўжды першыя. Мяркуйце самі — удзельная вага нашага прадуктовага магазіна ва ўсім тавараабароце райспажыўтаварыства складае 12%. Калі ўлічыць, што зараз у арганізацыі больш за паўсотні гандлёвых кропак, дык наш унёсак у агульную скарбонку вельмі важкі.
За тое не абмінаюць працаўнікоў прылаўка і штогадовыя ўзнагароды (а іх, паверце, вельмі шмат). Летась калектыў быў адзначаны Ганаровай граматай роднага таварыства, а ў сёлетнім красавіку за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у павышэнне ўзроўню гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ўзнагароду з рук старшыні праўлення Белкапсаюза Сяргея Дзмітрыевіча Сідзько атрымала ў Брэсце загадчыца.
Не аднойчы чуў найлепшыя водгукі пра Ірыну Міхайлаўну і ад кіраўніцтва, і ад простых пакупнікоў, якім імпануе яе добразычлівасць, што спалучаецца з працавітасцю, уменнем знаходзіць падыход да кожнай са сваіх супрацоўніц і, вядома, шматлікіх кліентаў. Таму ўжо тузін гадоў І.М.Казулька працуе загадчыцай, спачатку ў “Надзеі”, што на вуліцы Кірава, а зараз у магазіне №15.
Сярод яе шматлікіх клопатаў — перамовы з прадстаўнікамі фірмаў-пастаўшчыкоў, у тым ліку такіх брэндавых, як “Савушкавы прадукт”, “Бабуліна крынка”, Брэсцкі мясакамбінат і многія іншыя. Тавар на паліцах не залежваецца, бо гандляры стараюцца заказваць тое, што карыстаецца павышаным попытам у пакупнікоў, і ў такіх памерах, каб заўсёды былі самыя свежыя прадукты. Прыемна зрабіць пакупку ў прасторнай, утульнай, сапраўды сучаснай гандлёвай зале, дзе акуратна, з густам выкладзены шматлікія тавары. Спажыўцоў прываблівае графік працы крамы і разнастайнасць яе асартыменту: тут кожны можа набыць патрэбнае, прычым, людзі звяртаюць увагу не толькі на прывабнасць тавараў, іх якасць і ўмовы ўтрымання, але й магчымасці ўласнай кішэні.
Сярод запісаў, пакінутых пакупнікамі ў кнізе прапаноў і заўваг, цёплыя словы ў адрас загадчыцы і прадаўцоў. Напрыклад,  Ніна Уладзіміраўна Панько дзякуе за культурнае і ўважлівае абслугоўванне, асабліва за тое, што па яе просьбе ўвесь час робяцца заказы на біфіленд — лячэбны кісла-малочны прадукт, патрэбны ёй для падтрымання здароўя. А пад апошнімі радкамі, мабыць, многія маглі б падпісацца: “З задавальненнем я і мая сям’я заходзяць у гэты магазін”.
— У нашым калектыве ўсе добрыя і надзейныя, — запэўнівае загадчыца. — Пра кожную хочацца сказаць хоць колькі добразычлівых слоў. Вы ўсё пытаецеся пра поспехі, а мне хочацца — пра людзей. Бо іх праца — і ёсць самы важны наш поспех… Каб быць першымі, ва ўсім трэба быць лепшымі. Акрамя дзевяці прадаўцоў, свае абавязкі бездакорна выконвае фасоўшчыца Марыя Вавіна, за парадкам і штодзённай чысцінёй у гандлёвай зале сочыць прыбіральшчыца Вольга Бакун. Аднак больш пра тых, хто штодзённа стаіць за прылаўкам, абслугоўвае шматлікіх спажыўцоў.
Найперш, гэта — Лідзія Буза, самая вопытная ў нашай прафесіі, што знаходзіцца за прылаўкам амаль тры дзясяткі гадоў. Яе вызначае адказнасць у справе, у час майго водпуску заўсёды падмяняе мяне. Заўжды можна быць упэўненай у акуратных, ветлівых, працавітых Наталлі Барысюк і Ларысе Старун. Дарэчы, Ларыса Пятроўна, якая больш 15 гадоў у сістэме гандлю, на днях за паспяховую працу атрымала Ганаровую грамату раённага спажывецкага таварыства, — расказвае І.М.Казулька. Яшчэ чацвё-ра — Іна Міхалойць, Таццяна Струк, Жанна Курыга, Алена Граб — далучыліся да “каманды” толькі два гады таму, пасля рамонту крамы. Але ж вопыту ім ужо не займаць. Напрыклад, Алена Генадзьеўна ў спажыўтаварыстве мае ўжо немалы стаж: пачынала на Камянеччыне, цяпер у магазіне №15.
З ранейшай брыгады, што працавала яшчэ да капітальнага рамонту магазіна, засталася толькі Ірына Дольнік. Трое прадаўцоў пятага разраду перайшлі разам з загадчыцай у адноўленую краму з “Надзеі”.
Маладым спецыялістам ёсць з каго браць прыклад. Ірына Яшчук яшчэ толькі асвойвае прафесію пасля Гродзенскага каледжа спажывецкай кааперацыі, зараз завочна працягвае навучанне на факультэце камерцыйнай дзейнасці Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта. Толькі трэці месяц працуе аператарам ЭВМ Вольга Ахрэмчык, аднак занятак у яе надзвычай адказны. Дзяўчына стварае базу аўтаматызацыі магазіна, што дазволіць ужо ў жніўні перайсці на разлікі па штрыхкодам. Імі будуць пазначацца прадукты, як гэта робіцца ў буйных гандлёвых кропках. Усё — дзеля зручнасці работнікаў гандлю і пакупнікоў, паводле патрабаванняў сучаснага часу, які не спыняецца.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: калектыў магазіна № 15 (злева направа) Л.Буза, загадчыца І.Казулька, Ж.Курыга, В.Ахрэмчык і І.Яшчук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top